Семья Юрия и Марины Ганебных из Ситькова

gazeta
  • 590

 Сям’і Юрыя і Марыны ГАНЕБНЫХ 23 гады, а іх каханне пачалося за школьнай партай. Асаблівым у сваёй сямейнай гісторыі Ганебныя лічаць месяц ліпень. У сярэдзіне лета нарадзіліся іх дзеці. З уласнага вопыту Юрый і Марына ведаюць: у арсенале сродкаў выхавання павінна быць сельская праца. Разам з бацькамі сушаць сена і капаюць бульбу дарослыя Насця і Кірыл, разглядае ў газеце трактары і падносіць дровы да печы Макар, якому ідзе другі год.

АПОЎДНІ ў доме цішыня. Спіць маленькі Макар. Каб не трывожыць яго сон, тата з мамай адкладваюць хатнія справы або стараюцца рабіць іх цішэй. Да таго ж вясеннім днём і на падворку клопатаў нямала.


– Ледзь дачакалася, пакуль зіма скончыцца. Па працы на зямлі сумавала, – гаворыць гаспадыня. – Агарод садзім, падабаецца кветкі вырошчваць. Мае любімчыкі – ружы, лілеі, бальзамінкі і аксаміткі.


Акрамя кветак на выкладзеных камянямі клумбах упрыгожваюць сядзібу садовыя фігуры. Іх дораць старэйшыя дзеці і пляменнікі.
Зусім па-іншаму выглядаў падворак, калі толькі атрымалі жыллё ў Сіцькове. Не было гаспадарчых пабудоў, тэрыторыю засцілаў бур’ян. Абкасілі, акультурылі, выкапалі калодзеж, пабудавалі лазню. З часам прыватызавалі дом, які належаў мясцовай гаспадарцы. Стараюцца, каб у ім было ўтульна самім, дзецям, родным і сябрам, якія часта прыязджаюць пагасцяваць.


ПАРАДАК і ў двары, і ў хаце. Калі на вуліцы квецень толькі цёплай парой, то ў пакоях круглы год зелена. На паліцах шафы – фотаздымкі дзяцей. Старэйшая Анастасія другі год працуе фельчарам у Мікалаёўскім ФАПе, завочна вучыцца ў БДУ. Жыве з бацькамі, дапамагае па гаспадарцы. Чысціня ў хаце – яе сфера адказнасці. Кірыл скончыў політэхнічных каледж у Наваполацку. У лістападзе мінулага года пайшоў у армію, служыць у Мар’інай Горцы ў войску спецыяльнага прызначэння.


 – У Насці з Кірылам адзін на дваіх дзень нараджэння – 18 ліпеня. Толькі з розніцай у два гады. Малодшы Макар нарадзіўся ў 2017-м 17 ліпеня. Адзін дзень не дачакаўся, – усміхаецца маці. – Усе дзеці з’явіліся на свет у Наваполацку. Заўважыла, што бірачкі Насці і Макара напісаны адным і тым жа почыркам. А розніца ў дваццаць год. Цікавае супадзенне.


УСЕ тры бірачкі беражліва захоўваюцца ў сямейным архіве. Папоўнілі яго два пісьмы ад Кірыла. Сучасным салдатам зручней трымаць сувязь з бацькамі і сябрамі па мабільным тэлефоне.


– Тэлефануе нам у выхадныя дні і на святы. Па буднях мабільнікі ім не выдаюць, – гаворыць Юрый Аляксеевіч. – А я з арміі пісьмы пісаў.
– Тыя лісты і цяпер берагу, – дадае Марына Сяргееўна. – Мы з юнацтва разам. Я родам з Мікалаёва, Юра – з Ліпаціна. Пазнаёміліся, калі я пасля Мікалаёўскай дзевяцігодкі прыйшла вучыцца ў дзясяты клас Сіцькоўскай сярэдняй школы. Школьнае каханне вытрымала армейскую службу і бытавыя складанасці, дало пачатак новаму жыццю, замацавалася на фундаменце ра- зумення і працавітасці.


ДОМ у невялікай, аддаленай ад горада вёсцы стаў для Юрыя і Марыны Ганебных астраўком дабрабыту, утульнасці і спакою.
– Наўрад ці змагла б жыць у горадзе. Мне там дыхаць няма чым. Бацькі змалку прывучылі да працы на зямлі, без гэтага сябе не ўяўляю, – кажа Марына Сяргееўна. – Галоўнае, каб здароўе было. Тады ўсё па плячы.


Гаспадары Ганебныя трымаюць дзвюх кароў і быка. Дружна рохкаюць у хляве свінні, пра штосьці кудахчаць на падворку куры. Калі жывёла занядужыць, гаспадыня сама вылечыць. Пакуль працавала загадчыцай на ферме, асвоіла ветэрынарную справу. І ў спецыяльнай літаратуры, што дома на паліцы, можна падказкі знайсці.


Хапае бульбы і на продаж, і сабе да новага ўраджаю. Кожны год чырванеюць вішні. Мінулае лета засыпала чарэшнямі, слівамі і яблыкамі. Недалёка да лесу і балота, куды ходзяць па чарніцы, брусніцы і журавіны. Заўжды ёсць з чаго прыгатаваць буднія сняданкі-абеды-вячэры і святочны стол. Новы год, Вялікдзень і іншыя святы адзначаюць усёй сям’ёй і для кожнай нагоды – асобнае меню.


ЛЮБІЦЬ пакулінарыць гаспадыня проста для душы. Ва ўласнай бібліятэцы шмат кніг з рэцэптамі. А яшчэ па рукадзеллі. Вяжа кручком. У літаратуры пра выхаванне дзяцей знайшла цікавыя развівальныя гульні для малодшага сына. Маленькі Макар – другая маладосць бацькоў, прыемны клопат старэйшых сястры і брата, шчаслівае прадаўжэнне добрай сямейнай гісторыі. 

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва сям’і  Ганебных.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

← Предыдущая

12 сентября все на субботник

Назад к списку
Следующая →

Василий ШИМАН трудиться на полях КУП "Язно"

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]