26 Апреля 2026

Два месяца пробыл на загрязненной территории Николай Орел

  • 2929


На дварэ стаяў канец красавіка 1986 года. У тры гадзіны ночы Мікалай Арол атрымаў павестку тэрмінова з’явіцца ў ваенкамат. З Міёр павезлі ў Полацк, затым на зборны пункт у вёску Аколіца пад Мінскам. Адтуль адпусцілі дадому. У чым справа, не патлумачылі. Наступная павестка прыйшла ў канцы кастрычніка. Мікалай Аркадзьевіч ужо ведаў: на шэсць месяцаў накіроўваюць на забруджаную тэрыторыю.

– У арміі я пажарным быў, таму сярод першых і выклікалі на ліквідацыю наступстваў аварыі, – заўважае суразмоўнік. – Першы раз вярнулі дадому, бо пакуль мы ехалі, групу ўжо набралі. Трапіў з другога раза.

Пра выбух атамнага рэактара на Чарнобыльскай АЭС Мікалай Арол даведаўся ад старэйшага брата, які жыў у Хойніках. У чэрвені ён з сям’ёй прыехаў на Міёршчыну. Думалі, пакідаюць свой дом часова, атрымалася, што назаўсёды.

Восенню 1986-га Мікалай Аркадзьевіч трапіў у Брагінскі раён. Дома засталіся жонка Галіна Мікалаеўна і дзве дачушкі. Старэйшай восем, малодшай ішоў пяты год. У свае 35 муж і тата зноў стаў салдатам.

– Дысцыпліна армейская. Строем хадзілі. Камандзіры сачылі за нашым знешнім выглядам. Жылі ў ваенным лагеры, разбітым за кіламетр ад вёскі. У палатках па 30 чалавек і па дзве печкі-«буржуйкі», – успамінае суразмоўнік. –  Задача – наводзіць парадак на тэрыторыі. Чысцілі фермы, прыбіралі і вывозілі смецце, траву. Выхадны ў нядзелю. Ішлі ў вёску дапамагчы па гаспадарцы мясцовым жыхарам. Там толькі старыя засталіся. Моладзі зусім не было.

Як заўважае Мікалай Аркадзьевіч, на той час ён зусім не думаў пра ўздзеянне радыяцыі. Памятае саладкаваты смак у роце, які адчуў адразу па прыбыцці на забруджаную тэрыторыю. Спачатку было не па сабе бачыць вялікія апусцелыя вёскі, з часам прывык. На дзесяць дзён з-за праблем з каленямі трапіў у шпіталь, абуладкаваны на месцы былога вучылішча. Адтуль накіравалі на работу ў сталовую: наразаў хлеб і масла. З яго слоў, кармілі добра, тры разы на дзень.

Дадому вярнуўся раней. Новы 1987 год сустракаў з сям’ёй.

– Спачатку ў водпуск па сямейных абставінах адпусцілі: жонка ў бальніцу трапіла, а малых няма з кім было пакінуць. Затым знайшлі мне замену, і адбываць увесь тэрмін камандзіроўкі не давялося. Вярнуўся ў райсельгасхімію. Да пенсіі працаваў трактарыстам, – расказвае суразмоўнік.

Работа на забруджанай тэрыторыі высока аплачвалася. За два месяцы Мікалай Акрадзьевіч атрымаў 800 рублёў. Калі правесці паралель з сучаснымі грашыма, гэта каля васьмі тысяч. Ліквідатары наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС мелі 50 %-я льготы на аплату камунальных паслуг, пакупку дроў, пэўны час атрымлівалі харчовыя пайкі. Па-за чаргі Мікалай Аркадзьевіч правёў у дом стацыянарны тэлефон, купілі каляровы тэлевізар. Раз на год мог бясплатна адпачываць у санаторыі, але ні разу не скарыстаўся гэтай магчымасцю.

Той непрацяглы перыяд успамінае нячаста. Пра знаходжанне ў забруджанай зоне нагадвае хранічна нізкі гемаглабін па прычыне таго, што у арганізме не засвойваецца жалеза.

– Хаджу, рухаюся, – аптымістычна заўважае пра сваё самаадчуванне. – Але спіна баліць, далёка не адыдзешся. Ды і ўзрост ужо.

1 студзеня Мікалай Аркадзьевіч сустрэў 75-годдзе. Гэты год багаты на сямейныя падзеі. Старэйшы ўнук заканчвае вну, унучка – школу. Усяго ўнукаў пяцёра. Сваіх родных Мікалай Аркадзьевіч і Галіна Мікалаеўна чакаюць 1 мая. Гэта дзень нараджэння іх сям’і, якой спаўняецца 50 гадоў.

Кацярына Рынкевіч.
Фота аўтара.

 

← Предыдущая

Творческий мастер-класс в Миорах: создаем символы памяти

Назад к списку
Следующая →

Сустрэча з ветэранам

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]