20 Февраля 2025

О благоустройстве Миорщины и безопасности вели беседу в территориальном центре

gazeta
  • 994

 Пра добраўпарадкаванне Міёршчыны і бяспеку ішла размова на дыялогавай пляцоўцы ў тэрытарыяльным цэнтры. Расказаў пра перспектывы развіцця рэгіёна напярэдадні фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла «Дажынкі», які Міёры прымуць у 2026 годзе, намеснік старшыні райвыканкама Яўген Нікалаёнак. Работнікі ТЦСАН і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі цікавіліся планамі і актыўна ўносілі свае прапановы. Прадстаўнікі праваахоўных органаў таксама нагадалі ім пра правілы бяспекі.

 Планы напярэдадні «Дажынак»

Падрыхтоўка да «Дажынак» пачалася яшчэ з мінулага красавіка, калі стала вядома, што іх прымуць Міёры, заўважыў Яўген Нікалаёнак. Сфарміраваны план работы, ужо ёсць пэўныя напрацоўкі. Разам з тым яго рэалізацыя цалкам залежыць ад фінансавання.

– Будзем імкнуцца ахапіць усе сферы, аднак асноўная з іх – жыллёва-камунальная гаспадарка, бо ад яе залежаць даброты ў жыллёвым фондзе і добраўпарадкаванне тэрыторый, – падкрэсліў Яўген Віктаравіч і агучыў планы больш падрабязна.

У прыватнасці, запланавана аднавіць восем дамоў падчас капітальнага рамонту жылфонду. Яму належаць таксама адміністрацыйныя будынкі падатковай інспекцыі, архіву і гасцініцы па вуліцы Камуністычнай. Дарэчы, за будынкам апошняй хутка размесціцца грамадскі туалет кантэйнернага тыпу ў выглядзе вагончыка. Запланаваны і бягучыя рамонты жылых дамоў па вуліцах Дзяржынскага і Камуністычнай. Прадугле-

джаны новыя і рамонт старых агароджаў на цэнтральных вуліцах горада, аднаўленне тратуараў. Абсталююць іх па Кастрычніцкай і Верхнядзвінскай. Па апошняй прадугледжана праектаванне новага вулічнага асвятлення.

Маштабная работа закране месцы, дзе пройдуць асноўныя святочныя мерапрыемствы: плошчу Леніна, парк па вуліцы Дзяржынскага, плошчу Памяці загінулых барацьбітоў, набярэжную.

Вялікі фронт работ разгорне Міёрскі раён электрасетак, прадугледжана замяніць каля 70 % электрасетак па горадзе.

 Два буйныя аб’екты ў сектара спорту і турызму райвыканкама. Гэта рэканструкцыя спарткомплексу і адкрыццё залы боксу ў будынку былога ПМК-55. Сектар культуры чакае бягучы рамонт Цэнтра культуры і народнай творчасці, дзіцячай школы мастацтваў. Акрамя касметычных работ і добраўпарадкавання плануецца падключэнне да цэнтральнай каналізацыі. Зменіцца звонку і ўнутры будынак і тэрыторыя ля раённай бібліятэкі. Бягучы рамонт чакае музей.

Падчас мадэрнізацыі ў СШ № 2 імя М. Ізварына будуць заменены ўсе інжынерныя камунікацыі. Бягучым рамонтам ужо ахоплена СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі.

У рамках мадэрнізацыі паліклінікі прадугледжаны замена даху, уладкаванне тэрмашубы фасаду, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Таксама ў планах сістэмы аховы здароўя бягучы рамонт інфекцыйнага і стаматалагічнага аддзяленняў ЦРБ.

Значная работа адбудзецца ў будынку былога радзільнага дома. Ужо сёлета пачнуць рэалізоўваць шэраг мерапрыемстваў на экасцежцы.

 Звонку і ўнутры зменяць выгляд будынкі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, аптэкі № 111, аўтастанцыі.

Разгорнецца новабудоўля на вуліцы Дзяржынскага на пляцоўцы паміж аўтастанцыяй і храмам. Сёлета пачалі ўзводзіць 40-кватэрны дом па Верхнядзвінскай, дзе большасць кватэр будзе арэнднай. Да 2026 года прырасце шматпавярхоўкай і вуліца Я. Томкі ў раёне дзіцячага садка.

Вялікія планы і на індывідуальных забудоўшчыкаў. Сёлета будзе атрымана праектная дакументацыя па новым мікрараёне «Сосны», разлічаным на 84 участкі. Аднак там яшчэ няма інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Пачнуцца работы па абсталяванні праезду, вулічнага асвятлення, пешаходных і веладарожак па вуліцы Лермантава. Хутка разгорнецца ўзвядзенне новых ачышчальных збудаванняў для горада. Прадугледжаны значныя аб’ёмы асфальтавання дарог.

Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі актыўна абмяркоўвалі хвалюючыя пытанні. Прасілі дапамогі ў рамонце дарог, цікавіліся, ці плануецца ахапіць ім пэўныя ўчасткі. Напрыклад, для вуліцы Гагарына гэта пакуль немэтазгодна, паколькі тут будуць пракладваць цэнтральную каналізацыю. Прапаноўвалі свае ідэі. У прыватнасці, не зносіць воданапорныя вежы, а ўпрыгожыць іх, размясціўшы сімволіку горада. Запланаваць дадатковыя стаянкі для аўтатранспарта ў раёне рынку. Паставіць у розных месцах горада лавачкі, каб можна было адпачыць на прагулцы пажылым людзям. Акрамя таго, прасілі знайсці трэнера для заняткаў на фізкультурна-аздараўленчым комплексе і спонсара, які дапаможа надбаць касцюмы для выступленняў. Былі і прапановы далучыць да добраўпарадкавання тэрыторый насельніцтва і працоўныя калектывы. Падзякаваў за добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі адзін з жыхароў шматпавярхоўкі. Яўген Нікалаёнак раіў у Год добраўпарадкавання і самім узяцца за справу – зрабіць альтанку, а будаўнічыя матэрыялы выдзеліць ЖКГ.

Бяспека асабістая і маёмасная

  На аператыўную абстаноўку звярнуў увагу начальнік РАУС Андрэй Панін. Па выніках года колькасць зарэгістраваных злачынстваў знізілася з 93-х да 75-і. З іх большасць – крадзяжы. Расце колькасць кіберзлачынстваў. З пачатку года з трох зафіксаваных раскрыты два. Андрэй Валер’евіч раіў не паддавацца на ўгаворы злачынцаў, якія аказваюць значны псіхалагічны ціск. Нагадаў, што работнікі банкаў, аператараў мабільнай сувязі і іншых служб не тэлефануюць, каб даведацца асабістыя дадзеныя, тэрміны дзеяння картак.

Цяпер РАУС рэалізуе комплекс мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі пажылых людзей. Супрацоўнікі наведваюцца да іх дадому. Калі ёсць сумненні ў тым, што візіцёр прадстаўляе праваахоўныя органы – можна патэлефанаваць на 102 і ўдакладніць.

Супрацоўнік міліцыі павінен быць адкрыты для ўсіх, падкрэсліў начальнік РАУС і заўважыў, што да яго можна звярнуцца ў любы час. Рэагуюць праваахоўныя органы на любыя звароты, дзейнічае група аператыўнага рэагавання, наладжана ўзаемадзеянне з раённым аддзяленнем аховы.

 Нямала пытанняў узнікла да начальніка аддзела ДАІ РАУС Аляксандра Савейкі. Напрыклад, ці можна зімой ездзіць на веласіпедзе. Аляксандр Фёдаравіч адказаў, што рухацца на ім забаронена ва ўмовах снегападу і галалёду. Нават па тратуары. Ды і ўвогуле зімой лепш адмовіцца ад двухколавага сябра, каб не дапусціць траўм.

Аддзел ДАІ праводзіць шэраг прафілактычных мерапрыемстваў, скіраваных на бяспеку ўразлівых удзельнікаў дарожнага руху – пешаходаў і веласіпедыстаў. Начальнік нагадаў, што пешаход можа рухацца па тратуары, а веласіпедыст па веладарожцы, а калі яе няма – таксама па тратуары, калі не перашкаджае руху пешаходаў. Нядаўна Дзяржаўтаінспекцыя выйшла з ініцыятывай зноў абавязаць веласіпедыстаў спешвацца на пешаходным пераходзе.

 Пра тое, якую работу праводзяць з непрацоўнымі грамадзянамі, расказаў першы намеснік начальніка РАУС Святаслаў Паніч. Заклікаў не прыхоўваць факты, калі раней судзімыя ці тыя, хто мае алкагольную залежнасць, крыўдзяць родных, жывуць за іх кошт. Выхад ёсць – уладкаваць іх на работу, або накіраваць у лячэбна-працоўны прафілакторый.

Алена Вароніна.
Фотарэпартаж Казіміра Блажэвіча.

← Предыдущая

Подарок детям к празднику

Назад к списку
Следующая →

У миорчанок Софии Блажевич и Саманты Тусиковой учеба стоит на первом месте

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]