Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Усё жыццё Ефрасінні Васільеўны Гарбачонак звязана з Міёршчынай. Ніколі не ўяўляла сябе па-за межамі роднага раёна. Матэматык ад прыроды і настаўнік па дыпломе прысвяціла сябе адукацыйнай сферы. На працягу 16 гадоў узначальвала райкам прафсаюза работнікаў адукацыі, 19 гадоў была дырэктарам Дворнасельскай СШ. У дамашнім архіве захоўваюцца ўзнагароды за працу. Сярод іх Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, нагрудныя знакі Усесаюзнага цэнтральнага савета прафсаюзаў СССР, выдатніка народнай асветы.
Міёрскаму раёну споўнілася 85. Яго равесніца Ефрасіння Васільеўна Гарбачонак сустрэне свой 85-гадовы юбілей у кастрычніку. Жыве ў Міёрах, чакае ў госці родных з Падмаскоўя. З сынам, унукам і праўнукамі штодня на відэасувязі, правяла ў іх зімовыя святы. Яркія ўражанні пакінула экскурсія па навагодняй Маскве.
– Гэта штосьці нерэальнае, нібы ў казцы, – гаворыць суразмоўніца. – Сын не раз запрашаў да сябе на зіму. Але мне не хочацца надоўга з родных мясцін ад’язджаць. Тут усё знаёмае, тут я дома.
Вольны час Ефрасіння Васільеўна праводзіць за тэлефоннымі размовамі і анлайн-стасункамі з суседзямі, былымі калегамі, добрымі знаёмымі. Перачытвае творы рускіх класікаў з уласнай бібліятэкі, стварае карціны ў тэхніцы алмазнай мазаікі. Цёплай парой вырошчвае кветкі на падворку. Спраўляцца з бытавымі клопатамі дапамагае сацыяльны работнік.
Час ад часу прыгадваецца мінулае. Успаміны напоўнены цеплынёй.
Быць настаўніцай матэматыкі Ефрасіння Васільеўна марыла з дзяцінства. Прырода надзяліла яе матэматычнымі здольнасцямі, бацькі – простыя сяляне – навучылі адказнасці і выхавалі працавітасць. Летнія канікулы дзяўчынка праводзіла на калгасных палетках, дзе разам з мамай жала, убірала лён. Дапамагала весці хатнюю гаспадарку.
Пасля пачатковай школы ў роднай вёсцы Басяныя Ефрасіння з іншымі дзецьмі ў шэсць раніцы выходзіла з дому і шэсць кіламетраў крочыла на ўрокі ў Чэрасы. У сёмы клас пайшла ў Орцаўскую школу за тры кіламетры. Затым вучылася ў Міёрскай дзесяцігодцы.
– З нашай вёскі ў Міёры я адна вучыцца пайшла. Не ва ўсіх была такая магчымасць. Ды і ў нас дома не сказаць, што матэрыяльна лепш было. Да ўрокаў рыхтавалася пры керасінавай лямпе, свечцы ці лучыне. Пасляваеннае дзяцінства цяжкае, – расказвае суразмоўніца. – Вучыцца мне хацелася, цікава было. Асабліва матэматыку любіла. Гэтая дысцыпліна падабаецца сваёй логікай, паслядоўнасцю, тым, што прымушае думаць. Часта з татам задачы рашалі, здаралася, уначы не спаў, шукаў адказ. Ён толькі некалькі класаў польскай школы скончыў, але мне з матэматыкай дапамагаў. Пакуль працэнты не пайшлі, гэта ўжо для яго было незразумелым.
У 1957 годзе Ефрасіння Васільеўна атрымала атэстат аб сярэдняй адукацыі і ўладкавалася рахункаводам у аб’яднанне грамадскага харчавання.
Шлях у педагогіку пачаўся ў 1960 годзе са школьнага інтэрната, куды Ефрасінню Васільеўну запрасілі працаваць выхавацелем. Праз год яна стала студэнткай-завочніцай фізіка-матэматычнага факультэта Віцебскага педінстытута. Урокі матэматыкі пачала весці ў Друйскай вячэрняй школе. На той час месцейка ўваходзіла ў склад Міёрскага раёна, а калі далучылі да Браслаўскага, перавялася ў Шалцінаўскую васьмігодку.
– Хацелася заставацца ў сваім раёне, – заўважае Ефрасіння Васільеўна. – Інстытут скончыла ў 1966 годзе, і мне прапанавалі працаваць у вячэрняй школе рабочай моладзі ў райцэнтры. Мне было 26 гадоў, сярод вучняў шмат равеснікаў, нават старэйшыя былі. Вучылася моладзь, якая ў свой час не магла атрымаць сярэднюю адукацыю, некаторыя пасля паступалі ў тэхнікумы, інстытуты. У хуткім часе мяне прызначылі намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце.
Перыяд працы ў «вячорцы» атрымаўся непрацяглым: у кастрычніку 1968-га Ефрасінню Васільеўну выбралі старшынёй райкама прафсаюза работнікаў адукацыі. Прызнаецца, гэта стала нечаканасцю, аднак у новую і незнаёмую для сябе сферу паглыблялася з цікавасцю і стараннем, хутка ўвайшла ў курс спраў.
– Прафсаюзы адыгрывалі важную ролю, – адзначае суразмоўніца. – На той час сельскія настаўнікі мелі льготы на праезд і камунальныя паслугі. Сачыла за іх выкананнем. Да прыкладу, на год кожнаму павінны былі аплачваць тры з паловай тоны торфабрыкету ці сем кубаметраў дроў. Штолета на сродкі райкама прафсаюза ладзілі экскурсіі для педагогаў раёна. Краіны Прыбалтыкі, Залатое кальцо Расіі, Паўночны Каўказ, Заходняя Украіна, Масква… Ледзь не ўвесь Савецкі Саюз аб’ездзілі. Сябравалі з педагогамі Латвіі, абменьваліся вопытам. Кожны год праходзіла сацспаборніцтва па падрыхтоўцы школ да навучальнага года. Рэспубліканскі пераходны Чырвоны сцяг ад галіновага прафсаюза атрымала Міёршчына па выніках падрыхтоўкі школ да 1980-1981 навучальнага года.
Падтрымліваў прафсаюзнага лідара тагачасны загадчык РАНА Віктар Казлоў. Актыўна супрацоўнічалі з райкамам прафсаюза дырэктары школ – Іван Гур’янаў з Паташні, Фёдар Сівы з Павяцця, Надзея Гобец з Туркова, Уладзімір Камароў з Новага Пагоста, Казімір Рачыцкі з Дзісны, загадчыца дзіцячага сада № 1 Тэрэза Смулькевіч, намеснік дырэктара школ райцэнтра Аляксандр Капітанаў, многія іншыя педагагічныя работнікі.
У школьнай атмасферы творчасці і падтрымкі 1 верасня 1984 года Ефрасіння Гарбачонак сустракала дырэктарам Дворнасельскай СШ.
– Прафсаюзныя справы ладзіліся, але мне ўжо хацелася іншай, новай дзейнасці. Прапанова ўзначаліць школу прыйшлася дарэчы, – гаворыць яна. – Пашчасціла працаваць у калектыве, дзе панавала атмасфера творчасці і ўзаемападтрымкі. Усе супрацоўнікі – ад тэхнічных работнікаў да адміністрацыі – былі як згуртаваная сям’я аднадумцаў.
З цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае колішні дырэктар сваіх калег. Сярод іх намеснік па вучэбна-метадычнай рабоце, вопытны настаўнік хіміі і патрабавальны метадыст Галіна Цітовіч, намеснік па выхаваўчай рабоце, граматны педагог і ініцыятыўны арганізатар Таццяна Крук. Настаўнік фізікі Віктар Цітовіч стаў надзейным памочнікам дырэктара ў гаспадарчых клопатах: афармленне кабінетаў, майстэрні, спартзалы, сталовай. У моцнай камандзе настаўнікаў пачатковых класаў, дзе закладваўся трывалы фундамент ведаў, працавалі Алена Ільніцкая, Валянціна Пракоф’ева, Алена Дзедушкевіч, Зоя Мароз, Таццяна Цітовіч. Цудоўна выкладалі свае прадметы Святлана Маханькова, Анатоль Пракоф’еў, Алена Пугаўка, Ніна Закрэўская, Таццяна Сарока. Умела знаходзілі падыход да старэйшых вучняў Жанна Закрэўская, Вольга Мароз, Людміла Пракоф’ева. Выхаванцы настаўнікаў фізкультуры Віктара Маскалёва і Пятра Сяліцкага з поспехам выступалі на спартыўных спаборніцтвах. Прызавыя месцы ў раённых і абласных конкурсах па працоўным навучанні займалі вучні Эдуарда Сарокі. Курс «Гаспадыня сядзібы» распрацавала настаўніца працоўнага навучання Жанна Сушко. Вучыла дзяўчат старэйшых класаў вядзенню дамашняй гаспадаркі, кулінарыі, кройцы і шыццю, агародніцтву. Вучаніцы ўдзельнічалі ў конкурсах выпечкі і дамашніх нарыхтовак. Працаваць лабарантам у родную школу прыйшла медалістка Ларыса Мікель.
Адказна займалася гаспадарчымі справамі Юнія Вайсковіч. Сачылі за чысцінёй і стваралі ўтульнасць у школе Таццяна Юхно, Алена Сарокіна, Жанна Мацевіч. Смачныя абеды гатавала для дзяцей Марыя Батура.
– Школа з’яўлялася мясцовым цэнтрам культурна-масавай работы. Настаўнікі праводзілі сваго роду дні інфармавання: выступалі з лекцыямі на фермах, перад работнікамі будаўнічых брыгад і так далей. Расказвалі пра справы ў раёне, знаёмілі з міжнародным становішчам. На калгасных сходах заўсёды давалі слова адміністрацыі школы, а дзеці выступалі з канцэртамі, – расказвае Ефрасіння Васільеўна. – У другой палове 80-х у школе было больш за 200 вучняў. Бацькам дапамагалі ў сацыялізацыі дзяцей, дзейнічала група падоўжанага дня. Некаторыя мясцовыя вучні выхоўваліся ў школьным інтэрнаце і былі на поўным забеспячэнні, на выхадныя іх адпускалі дадому. Харчаваліся дзеці ў школе бясплатна, гародніну вырошчвалі на ўчастку, які выдзеліў калгас. Мелі ўласнае сховішча для сельгаспрадукцыі. Там захоўвалі не толькі бульбу, буракі і так далей, але і нарыхтоўкі на зіму: квашаную капусту, салёныя агуркі, варэнне.
Школа на сяле – не замкнёная ўнутры сістэма. Важнае значэнне мае ўзаемадзеянне з сельвыканкамам, мясцовым сельгаспрадпрыемствам. Ефрасіння Васільеўна прыгадвае ўзаемаразуменне і добрыя адносіны са старшынёй сельсавета Аляксандрам Няхаевым, кіраўнікамі калгаса Іосіфам Майдзіным, а затым Чаславам Вішнеўскім. Пастаянна сачыла за здароўем і гігіенай дзяцей фельчар ФАПа Марына Закрэўская.
Адчувала дырэктар школы падтрымку кіраўніцтва аддзела па адукацыі Мікалая Будо, а затым Валерыя Драба.
– Наша школа першая з сельскіх у раёне атрымала камп’ютарны клас. Увогуле матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы была моцнай. Мы прымалі пасяджэнні метадычных аб’яднанняў, семінары розных узроўняў, – прыгадвае былы дырэктар. – Шкада, што цяпер будынак школы пустуе. Яна для мяне была больш, чым месца працы. Гэта была мая другая сям’я.
Апошні званок для Ефрасінні Васільеўны прагучаў у 2003 годзе. Прызнаецца, першым часам цягнула ў школу, складана было прывыкнуць да зусім іншага раскладу дня. Паступова знайшла заняткі для душы. Школа засталася успамінам, куды прыемна вяртацца ў думках.
Кацярына Рынкевіч.
Фота з архива рэдакцыі.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.