Нараджаецца чалавек на свет, і яму ўжо адводзіцца пэўны лёс, яго дарога жыцця, па якой ён крочыць. І зведвае ён на жыццёвым шляху радасці і пакуты, голад і беднасць, жахі вайны... У жыццёвай мітусні мы часам можам забыць аб самым галоўным—дабрыні душэўнай, павазе да чалавека. Як важна лішні раз яго наведаць, паразмаўляць, раздзяліць з ім боль і нягоду, асабліва, калі гэты чалавек сталага ўзросту. Звычайна ўспамінаюць пра такіх людзей напярэдадні дзён пажылога чалавека, Маці. Вось і ў вёсцы Галёнчына 1 кастрычніка была арганізавана вечарына для пажылых людзей. Запрашэнне на яе атрымаў кожны жыхар. Дарэчы, гэта населены пункт зусім невялікі, жывуць у ім адны пенсіянеры.
Правільна кажуць, што жыццё пражыць—не поле перайсці. Так ёсць і на самой справе. У гэтай вёсачцы Галёнчына старэйшай жыхарцы Раісе Уладзіміраўне Капуста 87 гадоў. Аднак жыццё сваё яна ўзгадвае бы адзін дзень. На вечарыну прыйсці Раіса Уладзіміраўна не змагла па стану здароўя, а таму работнікі Цвецінскага СДК наведалі яе ў дзень свята. Радасна, па-сялянску шчыра сустрэла яна нас на парозе сваёй хаты. З ёй жыве дачка Нона Уладзіміраўна. Хвалюючая размова адбылася з бабуляй, якая імкнулася ўспомніць усё, з чым сутыкнулася ў сваім жыцці. Уражвалі аповяды пра тое, як яна 18-гадовай дзяўчынай пакутавала, калі з сястрой трапіла ў няволю да немцаў, дзе ім давялося шмат і цяжка працаваць. Тады дзяўчаты капалі траншэі, разгружалі вагоны з вугалем.
Пашанцавала ўцячы. Сам лёс яе прывёў у вёску Галёнчына, дзе і сустрэла свайго суджанага, за якога выйшла замуж. Памятае, як працавала на калгасных палетках. Тады ўся праца выконвалася ўручную. І гэта ніколькі не перашкаджала дасягаць добрых вынікаў, нават выйсці ў перадавікі.
У тыя далёкія часы, калі на вёсцы складана было купіць у магазінах кандытарскія вырабы, Раіса Уладзіміраўна ў хатніх умовах выпякала цудоўныя тарты, без якіх не абыходзіліся на вяселлях, ды і ў час іншых святаў. Таму звярталіся да яе вяскоўцы з заказамі.
Выгадавала Р. У. Капуста траіх дзяцей. Мае 6 унукаў і 9 праўнукаў. Калі здаралася, што хтосьці з суседзяў ці вяскоўцаў хварэў, імкнулася жанчына дапамагчы народнымі сродкамі пазбавіцца ад немачы. А на кожнае свята і ў нядзельны дзень яна бегала ў царкву, каб памаліцца. І ніколі не скардзілася, што асабліва ёй цяжка жыць. Заўсёды і ўсім жадала здароўя, дабра, верыла ў лепшае.
А вось астатнія жыхары вёскі, якія аказаліся больш маладзейшымі і трывалымі, завіталі на вечарыну. Там яны з задавальненнем бавілі час пад добрыя душэўныя песні, гумар, прымалі ўдзел у танцавальна-гульневай праграме. І безумоўна, між іншым успаміналі сваё маладое жыццё, расказвалі пра тое, што перажылі, што адклалася ў памяці.
Работнікі Цвецінскага СДК прадэманстравалі відэапаказ, дзе вяскоўцы былі галоўнымі героямі. У падарунак атрымалі госці свята сувеніры. Зразумела, што мерапрыемства падаравала ім шмат задавальнення, шчаслівых хвілін. Гэтыя простыя вясковыя людзі засталіся ўдзячны нам, работнікам культуры, што дапамаглі ім сабрацца разам, арганізаваць адпачынак, які надаў новых сіл і бадзёрасці. Жанчыны выказваліся, што ад гэтай сустрэчы яны памаладзелі, адчулі сябе больш дужымі і бадзёрымі. І ўпэўнены, што здароўе іх не падвядзе яшчэ шмат гадоў.
На здымку: у час вечарыны.
З. КАДУШКА, дырэктар Цвецінскага СДК.