02 Ноября 2010

Памяць: “Слова пра Настаўніка”

gazeta
  • 486
Памяць: “Слова пра Настаўніка”    Не знойдзеш чалавека, у лёсе якога не адыграў бы пэўнай ролі настаўнік. За вучнёўскай партай пачынаецца свядомае жыццё кожнага. І той настаўнік, хто адчуў у сабе даследчыка ў працэсе паўсядзённай працы, становіцца майстрам педагагічнай справы. Менавіта такім майстрам і быў Емяльян Іосіфавіч Выдрэнка, які пражыў складанае, але доўгае і цікавае жыццё.

Нарадзіўся Емяльян Іосіфавіч у Чашніцкім раёне. Да вайны, у 1938 годзе, закончыў гістарычны факультэт Віцебскага настаўніцкага інстытута. Працаваў ў Перабродскай сямігодцы. А ў пачатку снежня 1946 года быў прызначаны на пасаду дырэктара ва Узмёнскую сямігадовую школу. Узначальваў педкалектыў больш 20 гадоў.

У той далёкі час Узмёнская школа размяшчалася ў старым сялянскім доме, які быў амаль без даху і патрабаваў капітальнага рамонту. Не было партаў і іншай школьнай мэблі. Школьная бібіліятэка мела ўсяго толькі некалькі дзесяткаў кніг. Таму пачынаць працу прыйшлося ў даволі складаных умовах: самому разам з вучнямі даводзілася рамантаваць школьны будынак і інвентар, нарыхтоўваць паліва для школы. Пешшу трэба было дабірацца ў Міёры на нарады дырэктароў раёна, а таксама за атрыманнем заработнай платы для настаўнікаў.

Шмат юнакоў і дзяўчат прайшло праз рукі гэтага педагога. Разам з імі ён хадзіў у паходы, працаваў на прышкольным участку. Настаўнік вучыў сваіх выхаванцаў з павагай адносіцца да людзей працы, вучыў не ўхіляцца ад складаных жыццёвых абставін. Яго любілі і пабойваліся, хаця ён ніколі нікога не караў. Неяк Сяргей Муха, які вучыўся ў школе, вырашыў пакінуць яе. Настаўнік угаворваў хлопца, даказваў, што яго ўчынак неабдуманы. І дамогся свайго: юнак вярнуўся ў школу. Ён атрымаў нядрэнную адукацыю, працаваў на адказных пасадах. Для многіх Емяльян Іосіфавіч застаўся надзейным сябрам.

Актыўным ён быў і ў грамадскім жыцці вёскі: неаднаразова выбіраўся дэпутатам мясцовага савета, працаваў прапагандыстам, адказным лектарскай групы, кожны год прымаў удзел у разнастайных сельскагаспадарчых кампаніях калгаса, удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. У канцы 50-х гадоў Емяльян Іосіфавіч вырашыў зрабіць у школе электрычнасць. Раздабыў рухавічок, а вось з электраправодкай напаткалі цяжкасці, бо яе было мала. Дапамог былы вучань, які працаваў на рамонтным заводзе ў Полацку. Фінансавая праверка выявіла парушэнне. За гэта Е. І. Выдрэнку выключылі з партыі. Праўда, праз год прапанавалі аднавіць членства, але Емяльян Іосіфавіч не згадзіўся.

За ўвесь час работы Емяльяна Іосіфавіча ў школе некалькі разоў мяняўся настаўніцкі калектыў, але дырэктар заўсёды памятаў прозвішчы ўсіх педагогаў, з кім давялося разам працаваць. Ён паважаў асобу настаўніка і высока цаніў яе, быў заўсёды інтэлігентным, нікога не абразіў са сваіх калег. За гэта калектыў адказваў яму павагай і любоўю, для іх ён быў добрым таварышам і дарадчыкам.

За самаадданасць сваёй прафесіі Емяльян Іосіфавіч атрымаў ганаровае званне “Ветэран працы”. Але яшчэ гэты энергічны чалавек быў вядомы як ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Праўда, ваенныя гады цяжкім успамінам аселі ў яго сэрцы. Вайна застала Емяльяна Іосіфавіча у час службы на тэрыторыі Эстоніі. Абарончыя баі, адступленні савецкіх войск, паражэнні, выхад з акружэння—усё гэта давялося перажыць. Потым—палон, лагер, праца на нямецкага бюргера і жыццё ў нечалавечых умовах, пастаянная пагроза смерці. Але ён выжыў, дачакаўся вызвалення, якое прыйшло 4 красавіка 1945 года.

Нядаўна Емяльяна Іосіфавіча не стала побач з намі. Але ён пражыў доўгае, нялёгкае і цікавае жыццё, якое так цаніў ва ўсіх яго праявах. Ён ніколі не ўхіляўся ад складаных жыццёвых пытанняў і сам вучыў сваіх выхаванцаў не адмяжоўвацца ад супярэчнасцей паўсядзённасці, рыхтаваў дзяцей быць удумлівымі і загартаванымі, падрыхтаванымі да самастойнага жыцця. Тым, хто вучыўся ў Емяльяна Іосіфавіча, такая хвароба, як бездухоўнасць, не пагражае. Бо перад імі назаўсёды застанецца вобраз нераўнадушнага, улюбёнага ў жыццё Чалавека—іх Настаўніка.

Наталля Паўлаўна ДЗЯМІДКА,
настаўніца гісторыі Узмёнскай СШ-сада.

← Предыдущая

Миорские встречи. Миорчанка Вильгельмина Шабуцкая поделилась впечатлениями о СШ № 3

Назад к списку
Следующая →

“Ён абдымаў сусвет”

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]