Калі з’язджаюцца да Соф’і Аляксандраўны і Аляксандра Віктаравіча Шукоў дзеці і ўнучкі, то ціхія пакоі ў іх доме напаўняюцца гоманам, смехам. І гэта, несумненна, радуе пажылых людзей. Жывуць яны на хутары, а вёсачка Харушова, што побач, ужо зусім апусцела, маўкліва стаяць хацінкі-сірацінкі. У наваколлі засталіся толькі два “жывыя” падвор’і, гаспадараць на якіх пенсіянеры. Дамы размешчаны ў аддаленні ад цэнтральнай дарогі. Тут пануе цішыня, да якой сяльчане ўжо даўно прывыклі. Асабліва маркотна зімой, калі дзень кароткі. Таму, калі з’яўляюцца на парозе родныя, у Соф’і Аляксандраўны і Аляксандра Віктаравіча адразу настрой паляпшаецца, жывая іскрынка ў вачах загараецца, нават постаць мяняецца — спіна прамее, крок крыху шпарчэйшым становіцца, хаця ўсё ж гады цяжкім грузам прыціскаюць да долу. Але пажылыя людзі стараюцца не паказваць свае хваробы, імкнуцца пераканаць дзяцей, што ёсць яшчэ сіла не толькі самастойна жыць у вясковым доме без зручнасцей, дзе нават ваду даводзіцца з калодзежа за дзесяткі метраў насіць, але і гаспадарку трымаць. Даўно сыны клічуць да сябе (малодшы Сяргей у Паташні абаснаваўся, а старэйшы Міхаіл — у Міёрах). Хвалююцца дзеці, хочаць, каб маці і тата побач былі, а не заставаліся ў адзіноце. Але тыя не згаджаюцца родны дом пакідаць. Кажуць, пакуль ногі яшчэ трымаюць, трэба працаваць, варушыцца, каб сіла не пакінула. Міхаіл і Сяргей стараюцца як мага часцей наведваць бацькоў, каб дапамагчы ім у рабоце ці проста даведацца пра здароўе, пагутарыць. Калі ў маладых ёсць час, не адмаўляюцца завезці бацькоў у царкву, бо людзі яны набожныя, а Соф’я Аляксандраўна да таго ж спявае ў хоры і на пахаваннях памерлых.
Гледзячы на дзяцей, радуюцца бацькі, што працавітымі і адказнымі выхавалі іх, не сорамна ні за справы, ні за паводзіны, не гультаі, не п’яніцы, вельмі паважлівыя, паслухмяныя.
Малодшы Сяргей пасля школы закончыў Лужаснянскі саўгас-тэхнікум, стаў аграномам і 18 гадоў быў звязаны з сельскай гаспадаркай. Аднак па стану здароўя давялося змяніць прафесію. Цяпер працуе ў Паташнянскай школе. Задаволены вясковым ладам жыцця. Калі жаніўся, то напачатку жыў у Чурылаве ў доме бабулі, дзе зрабіў капітальны рамонт. Аднак гэтая некалі вялікая вёска стала неперспектыўнай, закрыліся ўсе сацыяльныя аб’екты. А ў сям’і ўжо было двое дзетак. Таму, калі праўленне гаспадаркі прапанавала жыллё ў Паташні, не адмовіўся. Хаця засяліўся ў ведамасны дом, зрабіў і тут за ўласныя сродкі рамонт: абсталяваў каналізацыю, правёў водаправод, аснасціў санвузел. Ёсць і душавая кабіна. Канешне, не параўнаеш душ з “дыхаючай” гарачай парай лазняй, але затое не трэба вёдрамі ваду насіць, печ шмат гадзін запар цепліць, каб сагрэць настылую пабудову. Тут ніякіх клопатаў: адкруціў кран і мыйся, што асабліва зручна зімой. Бацькі ж любяць памыцца ў сваёй лазні, хоць яна на водшыбе, і ваду насіць далёка.
Сям’я Сяргея мае зямельны надзел, статак на падвор’і, што дапамагае палепшыць матэрыяльнае становішча, бо заробак невялікі.
Старэйшы Міхаіл стаў гарадскім чалавекам. Пасля заканчэння школы вучыўся ў Друйскім СПТВ на экскаватаршчыка, вадзіцеля. Служыў ў арміі. Завочна закончыў Гарадоцкі саўгас-тэхнікум, але ў родных мясцінах не застаўся. Працуе вадзіцелем у райвыканкаме. Захапляецца рыбнай лоўляй, паляваннем.
—І нявесткі ў нас добрыя, гожы прыклад жыцця дзецям падаюць,—кажа Соф’я Аляксандраўна.—Жонка малодшага сына Сяргея—Вольга Францаўна—родам з Павяцця. Яна працуе ў мясцовай гаспадарцы, загадвае складамі. А вось Міхаіл знайшоў “палавінку” ў тутэйшай мясцовасці, у Паташні. Яго жонка Ганна Вацлаваўна—настаўніца малодшых класаў. Жывуць яны ў Міёрах.
Цешацца дзядуля і бабуля ўнучкамі — іх чатыры. Вясёлыя, старанныя. Дачушка Міхаіла — Танечка — студэнтка, вучыцца на ўрача, што для іх асабліва ганарова. Кажуць унучцы, каб дасканала авалодвала прафесіяй, бо давядзецца лячыць людзей, а ў гэтай справе патрэбна шмат ведаў, а галоўнае — адказнасці і уважлівасці, асабліва калі ідзе барацьба за жыццё. Ведае гэта Аляксандр Віктаравіч на ўласным горкім вопыце, бо неаднаразова і падоўгу даводзілася лячыцца ў бальніцах з вельмі сур’ёзнымі дыягназамі. Перанёс шмат аперацый. Перажыў клінічную смерць. І толькі дзякуючы высокаму прафесіяналізму, чуласці і спагадлівасці ўрачоў цудам застаўся жыць, хаця некаторыя медыкі прадракалі яму хуткую смерць.
— Дзякуй дактарам і дзецям, якія імкнуліся выратаваць мяне, таму і цяпер жыву на белым свеце, гаспадару. Яшчэ хапае сілы насіць з крыніцы за 100 метраў ад дома ваду для сябе і статка, — кажа ветэран.
Не менш цешацца дзядуля з бабуляй і іншымі ўнучкамі. Старэйшая дачушка Сяргея — Даша — вучыцца на музычным аддзяленні Полацкага педагагічнага каледжа. Удзельнічае ў абласных конкурсах. І сярэдняя Жэнечка мае музычныя схільнасці — займаецца ў Міёрскай школе мастацтваў па класу фартэпіяна. Рэгулярна, некалькі разоў на тыдні, адвозяць яе бацькі ў райцэнтр на заняткі.
— Раней мне даводзілася адкладваць усе справы, каб завезці дачку на ўрокі музыкі. Калі жонка атрымала вадзіцельскае пасведчанне, у мяне клопатаў крыху паменела, — усміхаецца Сяргей. — А самая меншая наша Сафійка — яна яшчэ дашкольніца. Назвалі мы яе ў гонар бабулі.
Даша і Жэнечка з малых гадоў на сцэне клуба выступаюць. Напэўна, і Сафійка не адстане ад іх — яна ж бабуліна любіміца, а тая была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці пры мясцовым клубе. Калі загадчык культустановы прасіў выступіць на сцэне, пагаджалася, кажучы: “Як жа адмовіцца, калі так шчыра просяць”. І па многіх памерлых давялося ёй маліцца.
Сын Сяргей заўсёды станоўча адносіўся да ўдзелу маці ў мастацкай самадзейнасці. Ён лічыць, калі ёсць у чалавека захапленне, якое прыносіць задавальненне, то гэта вельмі добра — песня душу аздараўляе, а значыць, і жыццё падаўжае. І сам ён любіць спяваць.
На хутар, дзе жывуць Шукі, нават аўтамагазін не даязджае, прыпыняецца ля цэнтральнай дарогі. Па тэлефоне жыхары суседняй вёскі паведамляюць Шукам, а тыя сваёй суседцы, што машына з таварам едзе ў іх напрамку, тады і спяшаюцца выйсці насустрач. У месцы яе прыпынку сын Сяргей зрабіў лавачку, дзе летам можна прысесці, бо і недалёкая дарога (каля кіламетра) у сталым узросце стамляе.
— Здаецца, мы яшчэ нядаўна былі маладымі, рупліва працавалі ў калгасе, весела адпачывалі, танцавалі і спявалі на вечарынках, — дзеляцца ўспамінамі сталыя людзі. — Моладзі ў вёсках раней было шмат. Уклад жыцця быў іншым, і зносіны не такія, як цяпер, калі ў вялікай вёсцы сусед да суседа рэдка заходзіць. Хлопцы і дзяўчаты ва ўсёй акрузе ведалі адзін другога. І каханне было больш узнёслым і светлым.
Соф’я Аляксандраўна і Аляксандр Віктаравіч Шукі сталі мужам і жонкай 50 гадоў таму. У царкве перад алтаром 4 лютага 1961 года яны паабяцалі адзін другому захоўваць вернасць, берагчы каханне. Пяць дзесяцігоддзяў праляцела імгненна, як птушка над галавой. У сямейным жыцці былі радасці і смутак, якія дзялілі разам. А пераступіўшы агульны жыццёвы васьмідзесяцігадовы рубеж , яны ўпэўнена сцвярджаюць, што людзей аб’ядноўвае не толькі радасць, але і гора, а ў ваенныя і пасляваенныя гады яго з лішкам хапала. Умацоўвала сям’ю і сумесная праца, якой у сельскай мясцовасці заўсёды шмат. І ў старасці Шукі нястомна працуюць. На падвор’і ёсць куры, свінні, карова, конь. Кажуць, што без іх ніяк нельга. І ад зямлі не адмаўляюцца. Шмат бульбы садзяць, каб не толькі самім харчавацца, але і статак накарміць. Да нядаўняга часу коз трымалі, бо малако іх вельмі карыснае — унучак ім выпаілі. Да таго ж Соф’я Аляксандраўна і пчалярствам займаецца.
Можна шмат апавядаць пра гэтых станоўчых людзей, прыгадваючы розныя падзеі з іх жыцця. Аднак, нягледзячы на салідны ўзрост, душы іх маладыя, будні напоўнены клопатамі. Пра сябе не думаюць, важна, каб ў дзяцей і ўнучак усе добра было. Кажуць, ім ёсць дзеля каго жыць. А галоўнае — яны адчуваюць сябе патрэбнымі.
На здымку: “залатыя” юбіляры з унучкамі.
Эліза БЛАЖЭВІЧ.