11 Ноября 2023

Захаванне гістарычнай памяці і выбарчая кампанія – 2024 былі ў цэнтры ўвагі семінара-вучобы , што прайшоў на Міёршчыне

gazeta
  • 509

 Захаванне гістарычнай памяці і выбарчая кампанія – 2024 былі ў цэнтры ўвагі семінара-вучобы, што прайшоў у райвыканкаме. У яго дзейнасці прынялі ўдзел старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ і член Савета Рэспублікі, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Міёрскай выбарчай акрузе № 15, гендырэктар КУП «Віцебскаблдарбуд» Уладзімір МАЦВЕЕЎ. Слухачы – адказныя за вядзенне ідэалагічнай і работы з моладдзю ў арганізацыях і ўстановах раёна.

Распачалося мерапрыемства мітынгам-рэквіемам ля пахавання ахвяр вайны № 5708 у Міёрах і прадоўжылася размовай у райвыканкаме.

Удзельнікі азнаёміліся з выставай, прысвечанай 105-годдзю УЛКСМ.

Адкрываючы семінар-вучобу, старшыня райвыканкама Сяргей Сямёнычаў заўважыў, што на ідэалагічнага работніка кладзецца вялікая адказнасць. Гэта правая рука кіраўніка, якая павінна весці растлумачальную работу ў калектыве. Па-першае, пра неабходнасць памятаць той боль, які перажывалі нашы продкі падчас Вялікай Айчыннай вайны, і перадаваць гэтую гістарычную памяць наступным пакаленням. Пакуль цэнім і памнажаем іх набыткі, наша Радзіма пад надзейнай абаронай. Што да выбарнай кампаніі, ідэалагічны актыў – звяно, якое непасрэдна звязвае працоўныя калектывы з уладай. Таму наша агульная задача – выбраць годных прадстаўнікоў рэгіёна, якія будуць вырашаць глабальныя актуальныя пытанні.

Міёршчына ўваходзіць у Докшыцкую выбарчую акругу № 22 разам з Глыбоцкім і Докшыцкім раёнамі. Упершыню ў адзіны дзень галасавання адразу выберым дэпутатаў розных узроўняў: у Палату прадстаўнікоў і ў мясцовыя Саветы.

Пра дзейнасць Савета Рэспублікі расказаў Уладзімір Мацвееў. У яго склад вылучаюцца па восем прадстаўнікоў ад кожнай вобласці і горада Мінска, яшчэ восем прызначае Прэзідэнт, які таксама ў складзе Савета Рэспублікі.

 Выбарчая кампанія – 2024 пройдзе ў асаблівых умовах. На гэта паўплывалі змяненні, унесеныя ў Канстытуцыю на рэспубліканскім рэферэндуме 2022 года, і ў Выбарчы кодэкс. Згодна з імі, неабходна было скарэкціраваць каля 90 законаў. У іх ліку і «Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь». Ключавыя інавацыі – пяцігадовы тэрмін паўнамоцтваў Прэзідэнта, змяненне сесіённага рэжыму работы, забарона роспуску Палаты парламента ў перыяд рашэння УНС пытання аб змяшчэнні кіраўніка дзяржавы з пасады, а таксама ў апошні год яго паўнамоцтваў.

Нагадаў сенатар пра тое, што ў складзе Савета Рэспублікі людзі, якія маюць вучоную ступень або званне, з’яўляліся дэпутатамі Нацыянальнага Сходу, абласных і раённых Саветаў. Яны прадстаўляюць шматлікія сферы дзейнасці, грамадскія арганізацыі, маюць адрозную адукацыю і вопыт работы па розных накірунках. Усё гэта дазваляе ацэньваць прапануемы да разгляду законапраект са свайго пункту гледжання і такім чынам уносіць навізну. Іх спектр таксама шырокі.

Згодна з даручэннем Прэзідэнта, у 2021 годзе створаны экспертны савет пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Ён аналізуе, які эфект будзе пасля прыняцця законаў. Сёння на кантролі маніторынг цэн.

Сярод накірункаў Савета Рэспублікі – міжнародная дзейнасць у адпаведнасці з асноўнымі вектарамі знешняй палітыкі і рашэннямі УНС. Рэагавалі на развязаную ЕЭС і ЗША інфармацыйную вайну ў адносінах да нашай краіны, а таксама санкцыённы ціск. Адказам на такую агрэсіўную палітыку стала паглыбленне інтэграцыйнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Па словах сенатара, вялікая ўвага ў сёмым скліканні надаецца рабоце з насельніцтвам. Магчыма, не ўсе праблемныя пытанні атрымліваецца вырашыць у поўнай меры. Галоўнае – адносіны і гатоўнасць ісці насустрач выбаршчыкам і выконваць свае абяцанні.

– Ад нас з вамі залежыць многае, калі не ўсё. Наша задача – даводзіць інфармацыю да людзей праўдзіва, шчыра, рабіць тое, што магчыма, – падкрэсліў Уладзімір Мацвееў. – Працуйце з душой, каб кожнаму члену калектыву, кожнаму, хто звярнуўся па дапамогу, данесці, чым сёння жыве краіна. А поспехаў шмат. У іх ліку на Міёршчыне пашырэнне сацыяльнай інфраструктуры, жыллёвае будаўніцтва, значнае павелічэнне аб’ёмаў дарожнага будаўніцтва.

 Усё гэта стала магчымым у многім дзякуючы намаганням кіраўніцтва раёна і дэпутата Савета Рэспублікі, што адзначыў Уладзімір Цярэнцьеў. Праблемы, несумненна, у рэгіёне ёсць, але яны вырашаюцца. Напрыклад, цяжкасці ў гандлёвым абслугоўванні на сяле часткова закрываюць прыватнікі.

Колькасць дэпутатаў мясцовых Саветаў скарачаецца, тым больш важна вылучаць кандыдатамі граматных, талковых, ініцыятыўных людзей. Асноўная задача дэпутата Нацыянальнага сходу – кантакт з насельніцтвам. Па словах старшыні абласнога Савета дэпутатаў, дзеючы сенатар многае робіць для развіцця рэгіёна.

– Важна ўбачыць чалавека, які будзе вырашаць праблемы. У ім павінны спалучацца вопыт, прыстойнасць і прафесіяналізм, – заўважыў Уладзімір Уладзіміравіч. – Калі мы не ведаем дэпутата абласнога Савета, гэта не значыць, што ён не працуе. Гэта азначае, што добра працуюць мясцовыя ўлады. Каласальную сацыяльную нагрузку нясе на сабе старшыня сельвыканкама.

Выказаўся Уладзімір Цярэнцьеў і наконт членства ў розных палітычных партыях. Па яго словах, яно не павінна быць масавым. Тут месца эліце грамадства, людзям, якія сцвердзіліся і гатовы рабіць сур’ёзныя зачыны для развіцця краіны.

На пытанне, як будуць актыўнічаць у перыяд электаральнай кампаніі партыі, адказаў, што яны павінны праяўляць сябе. Аднак на гэта неабходны час. Іх галоўная задача – у патрэбны перыяд выйсці і падтрымаць сваю дзяржаву, яе лідара. Важна тлумачыць гэта і моладзі.

Вынікі семінару падвёў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Жук. Ён заўважыў, што ў грамадстве востра рэагуюць на негатыўныя з’явы, а вось увядзенне новых аб’ектаў і пазітыўныя падзеі рэдка атрымліваюць водгук. Тым не менш важна завастраць увагу насельніцтва на станоўчых момантах. Разумець адзін аднаго, падтрымліваць мір і згоду, цаніць поспехі сваіх блізкіх і самім імкнуцца да найлепшага. Беларусы заўсёды цанілі сваю гісторыю, таму пісаць яе новыя старонкі трэба, абапіраючыся на вопыт мінулых пакаленняў.

Алена ВАРОНІНА.
Фотаматэрыял аўтара.

← Предыдущая

Оздоровительная кампания-2026 стартовала на Миорщине

Назад к списку
Следующая →

Торжественное открытие скалодрома в СШ № 3 имени Героя Советского Союза Е. Томко

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]