На базе падсобнай гаспадаркі камбікормавага завода “Павяцце” 2 ліпеня адбылася нарада-вучоба зоаветработнікаў гаспадарак раёна і лабарантаў па пытаннях якасці малака. Гэта звязана з укараненнем з 1 студзеня наступнага года новага тэхнічнага рэгламента ў гэтым напрамку. Наколькі важная праблема абмяркоўвалася, сведчыць той факт, што фармальнай прычынай вядомай беларуска-расійскай “малочнай вайны” стала менавіта ўкараненне суседзямі аналагічнага дакумента.
Рэалізацыя малака з’яўляецца адной з асноўных крыніц фінансавых паступленняў для нашых гаспадарак. Вось таму заклікаў жывёлаводаў добра працаваць у цяпершаніх складаных умовах намеснік начальніка райсельгасхарчу П. В. Пятроў. Пра сутнасць новага тэхнічнага рэгламента гаварыла загадчыца лабараторыі Полацкага малочнага камбіната А. М. Міраш. Патрабаванні яго на першы погляд не надта складаныя: на перапрацоўку павінна паступаць ахалоджанае да 10 градусаў малако кіслотнасцю не вышэй 19-20 градусаў з мінімальнай колькасцю саматычных клетак і бактэрыяльнай асемянёнасцю, без шкодных прымесяў. Яшчэ ўлічваецца наяўнасць бялку, сухога рэчыва і іншыя параметры. Іх колькасць канчаткова не вызначана і будзе павялічвацца за кошт медыцынскіх прэпаратаў, пестыцыдаў, дыаксінаў і інш. Усё гэта неабходна аформіць дэкларацыяй адпаведнасці ўжо сёлета, хаця цяпер такія складаныя даследаванні могуць зрабіць лічаныя лабараторыі ў рэспубліцы.
Галоўны ветэрынарны ўрач раёна А. С. Асетнік зазначыў, што работа з малаком становіцца ўсё больш складанай. Экстры трэба пастаўляць да 30 працэнтаў, калі з нашых ферм толькі 1,5% надою адпавядае такім высокім патрабаванням. Нават ва ўмовах даільнай залы СВК “Туркова” атрымаць яе складана. Патрэбны добрае абсталяванне, сучасныя прыборы і спецыялісты высокай кваліфікацыі, каб атрымліваць прадукцыю стэрыльную і без прымесяў.
Жывёлаводы ведаюць, што нельга пастаўляць на перапрацоўку малако ад кароў да 7 дзён пасля цялення, за тры тыдні да запуску, ад хворай і лечанай жывёлы. Аднак цяпер гэтага мала. Памяшканне і абсталяванне малочных ферм павінны быць у ідэальным стане. Задача ветурачоў не лячыць жывёлу, а скіраваць усе намаганні на прафілактыку. Самага жорсткага кантролю патрабуе якасць кармоў, рэгулярнае выдаленне гною і іншыя пытанні тэхналогіі, нават здароўе жывёлаводаў і арганізацыя мыцця спецадзення.
Нашы спецыялісты-жывёлаводы разумеюць гэтыя высокія патрабаванні, але яны жывуць у рэальных умовах, калі не хапае сродкаў на самае неабходнае, кантрольна-вымяральныя прыборы (той жа “Самат”) выпускаюцца недасканалыя, няма належнага тэхнічнага абслугоўвання халадзільнікаў і малакаправодаў, дрэннае забеспячэнне мыючымі сродкамі, шлангамі, пракладкамі. Нават просты ёршык для мыцця малочнага абсталявання стаў сапраўднай праблемай: іх мала і яны дрэннай якасці. Гэтыя і іншыя пытанні ставілі зоаветспецыялісты гаспадарак перад калегамі з раёна і прадстаўніком малочнага камбіната. Пакуль не на ўсе ёсць адказы. Калі іх не знайсці да канца года, “малочная вайна” разгарыцца на кожнай ферме.
Удзельнікі нарады ў Павяцці пасля тэарэтычнай часткі пазнаёміліся з тым, як мясцовыя жывёлаводы на практыцы вырашаюць штодзённыя праблемы павышэння якасці малака.
Леанід МАТЭЛЕНАК.