02 Августа 2022

Візiтоўка з зялёнымі плямамi

gazeta
  • 567
Набярэжную ў Міёрах называюць візітнай карткай горада. Сапраўды, гэта адно з самых прыгожых месцаў у райцэнтры. Аднак гэтым летам на нашай візітоўцы з’явіліся непрывабныя плямы. Вязкай цінай распаўзліся яны па азёрнай роўнядзі ўздоўж берага, шырока разрасліся чаротам і асакой

Цікава, колькі людзей штодня праходзіць па набярэжнай? У цёплыя летнія дні, напэўна, налічыш да сотні, а то і больш. Адны спяшаюцца па справах, другія проста прагульваюцца, трэція прыводзяць гасцей паказаць гарадскую адметнасць. Тут прызначаюць спатканні і ладзяць фотасесіі, ловяць рыбу і назіраюць за качкамі, любуюцца пералівамі азёрных хваль і слухаюць крыклівых чаек.
Уражанні ад прыгожага ўтульнага месца псуюць ціна, што расцягнулася на возеры ўздоўж берага, зараснікі чароту і асакі, якія раскашуюць з боку ад касцёла, імкнуцца атуліць пастамент з помнікам Божай Маці. Шырокія зялёныя плямы на нашай візітоўцы даўно. Гараджане і госці задаюцца пытаннем, чаму іх не прыбіраюць. У мінулыя гады возера абкошвалі.
ПРЫБІРАЮЦЬ расліннасцЬ У вадзе работнікі выратавальнай станцыі. Каб узяцца за справу, УП ЖКГ павінна заключыць адпаведны дагавор з раённай арганізацыяй «Беларускага таварыства выратавання на водах», патлумачыў начальнік выратавальнай станцыі Алег Рубанік, які не раз прымаў удзел у добраўпарадкаванні берага міёрскага возера.

– Сёлета па дагаворы ўжо двойчы абкошвалі пляж у Пераброддзі, наконт набярэжнай у Міёрах каманды пакуль не было. Мы гатовы навесці парадак, але без афіцыйнага распараджэння не маю права накіроўваць сваіх работнікаў на ўборку, – расказвае ён. – Заўважу, справа гэта не з лёгкіх. Дзе сярпамі расліннасць зразаем, дзе касой, часам ідуць у ход садовыя нажніцы. З цінай таксама клопатаў хапае: пахне непрыемна, на граблі накручваецца. Як правіла, такая ўборка займае два – тры дні. Бывала, у чатыры раніцы браліся за работу, бо пад спякотным сонцам у спецадзенні працаваць цяжка. Разам з тым цалкам згодны, што важна клапаціцца пра прывабны выгляд набярэжнай.

Пацікавілася ў суразмоўцы, ці прымуць у свае рады валанцёраў на ўборку возера. На гэта Алег Віктаравіч заўважыў, што работа на вадзе тоіць у сабе пэўную рызыку, таму на ёй могуць быць заняты толькі спецыялісты з адпаведнай падрыхтоўкай. Дапамагчы прыбраць выгружаную на бераг расліннасць можа кожны, хто пажадае. Прыгадалі, як некалькі гадоў таму па ініцыятыве тагачаснага начальніка аддзела загса Вольгі Галімбоўскай вясной прыбіралі набярэжную разам з гарадской моладдзю.
Пытанне наконт эстэтыкі візітнай карткі горада адрасавалі дырэктару УП ЖКГ Ігару Вой- таву. Запэўніў: дагавор з выратавальнікамі заключаць у жніўні. Такім чынам, міярчане і госці горада яшчэ пабачаць набярэжную ва ўсёй прыгажосці.
Аднак было б лагічна і правільна падтрымліваць эстэтычны выгляд нашай візітоўкі пастаянна. Гэта таксама сведчыць пра гаспадарлівасць і працуе на імідж горада. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ
← Предыдущая

Обзор обстановки на дорогах области за 18 и 19 июля

Назад к списку
Следующая →

Все силы брошены на предупреждение чрезвычайных ситуаций!

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]