07 Апреля 2023

Асцярожна! Ваўкі на Міёршчыне

gazeta
  • 761

 Два тыдні таму ў рэдакцыю патэлефанавалі з Завуццеўскага сельсавета. Жанчына плакала ў трубку і прасіла дапамогі. У акрузе ваўкі сцягнулі восем сабак, прычым не баяліся выходзіць на паляванне нават днём.

Перш-наперш рэдакцыя звярнулася ў Завуццеўскі сельвыканкам. Кіраўнік спраў Юлія Няміра паведаміла, што ім таксама тэлефанавалі жыхары навакольных вёсак. Сельвыканкам адразу накіраваў запыт у Дзісненскі лясгас. На месца ўжо некалькі разоў выязджалі спецыялісты. Больш такіх пытанняў не паступала.

Як складваецца сітуацыя, расказаў паляўніцтвазнаўца Генадзь Мятла:

– Мы праводзілі начное паляванне ў ваколіцах Завуцця са спецыялістам, які вабіць ваўка. Знайшлі толькі адзін след. Яшчэ восенню палявалі на гэтага ваўка і паранілі – адбілі куляй пярэднюю лапу. Амаль два тыдні ў нас ціха. Магчыма, яго ўжо і няма.

Па словах Генадзя Віктаравіча, паляванне на ваўка ў гэтай мясцовасці ладзяць перыядычна. Да таго ж на вышках размешчаны прывады. На ўсялякі выпадак папярэдзіў, як паводзіць сябе людзям. Варта павешаць у двары бляшанку, гэтыя гукі напалохаюць звера. Баіцца ён і чалавечага паху, таму мэтазгодна размясціць ля дома тканіну, папырсканую адэкалонам.

Каб удакладніць, як развіваюцца падзеі, рэдакцыя зноў звярнулася да мясцовай жыхаркі. Тая пацвердзіла, што пакуль у пасёлку спакойна. Але ж снег растаяў, і слядоў не бачна. Свайго сабачку на ўсялякі выпадак пускае на ноч у веранду. І самі цёмнай парой у двор не выходзяць. Аднак сяльчанка заўважыла, што воўк быў не адзін. З яе слоў, аднойчы маладога хлопца пераняла зграя, аднак паспеў паклікаць на дапамогу. Другая пенсіянерка бачыла ў двары і вялікія, і маленькія сляды. Магчыма, гэта была ваўчыца з вывадкам.

– Людзі баяцца – раней такога ніколі не было. А хутка кароў у поле выводзіць, што з імі будзе? Раней на ваўкоў ладзілі аблавы, гадоў пяць таму нават у раёнцы пісалі, што пяць жывёл застрэлілі. Пасля іх ніхто не чапаў, вось і распладзіліся, – перажывае Ірына Аляксандраўна.

Гэтае пытанне рэдакцыя будзе трымаць пад увагай.

Падрыхтавала Алена ВАРОНІНА.
Фота для ілюстрацыі.

← Предыдущая

Под вниманием кибермошенников дети и пожилые

Назад к списку
Следующая →

Вялікая вада ў маленькай Дзісне

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]