Яшчэ год таму жыхары нашага раёна вымушаны былі самі сабе падбіраць акуляры. Акуліст прымаў у райпаліклініцы раз у тыдзень. Чэргі такія, што за рэцэптам даводзілася праседжваць пад кабінетам гадзінамі. Вось і куплялі ўжо гатовыя “дадатковыя вочы”...
Пасля таго, як Алена Аляксандраўна Кудраўцава пайшла на заслужаны адпачынак, адсутнасць урача адчуваў кожны, каго непакоілі праблемы са зрокам. Хоць і прыязджалі на прыём акулісты з суседніх раёнаў, без свайго прафесіянала даводзілася цяжка. Кадравая праблема вырашылася летась, калі да нас па размеркаванню Віцебскага медуніверсітэта прыбыла Марыя Сяргееўна Аліфер. Адміністрацыя УАЗ “Міёрская ЦРБ” не нарадуецца на маладога спецыяліста, бо ўжо заўважыла: гэты доктар на сваім месцы.
—Марыя Сяргееўна, на Ваш погляд, з чаго бярэ пачатак прафесія ўрача?—Напэўна, з гатоўнасці шмат вучыцца, пачынаючы з паступлення і ўсё жыццё. Спыняцца нельга. Трэба пастаянна асвойваць новыя накірункі ў медыцыне, адточваць майстэрства ў сваёй спецыялізацыі. З гэтай мэтай стараюся як мага больш чытаць спецыяльнай літаратуры. А ў бліжэйшых планах паступіць у клінічную ардынатуру медуніверсітэта.
—Ваша рашэнне пайсці ў медыцыну было прадвызначана?—Не. Нават не было на каго раўняцца, бо мае бацькі па адукацыі будаўнікі. Напэўна, гэта называецца плыць па цячэнні. Я родам з Наваполацка, вучылася ў ліцэі, у хіміка-біялагічным класе. Палова равеснікаў збіралася паступаць у медуніверсітэт, астатнія—на хіміка-тэхналагічны факультэт Полацкага універсітэта. Дакладныя навукі мяне не прываблівалі, а вось да гуманітарных цікавасць праяўляла. Вырашыла паступаць на лячэбны факультэт. Хацела працаваць тэрапеўтам, але з-за дэфіцыту “вузкіх” спецыялістаў, многія студэнты, у тым ліку і я вымушаны былі перакваліфікавацца. Так я стала акулістам. Прайшла інтэрнатуру ў вочным аддзяленні абласной клінічнай бальніцы. Што склалася менавіта так, як ёсць, не шкадавала ніводнай хвіліны. Курс выбраны правільны.
—Як сустрэлі маладога спецыяліста на Міёршчыне?—Самае цікавае, што размеркаванне ў Міёрскую ЦРБ аказалася трэцім па ліку. Спачатку мяне накіравалі ў Ліёзна, пасля ў Шуміліна, а за два тыдні да таго, як заступіць на працу, паведалі, што я еду ў Міёры. Сустрэлі тут з душой, а па колькасці пацыентаў на прыёме адразу адчула неабходнасць у сваіх паслугах. Людзі тут цудоўныя. Вакол усе гатовыя ў любы момант прыйсці на дапамогу. З медсястрой афтальмалагічнага кабінета Галінай Мікалаеўнай Арол адразу спрацавалася. Вопытная, спрактыкаваная, частку работы яна бярэ на сябе, чым аказвае значную дапамогу.
Сюды я прыехала з мужам. Пакуль ён студэнт, па адукацыі будучы праграміст. Нас размясцілі ў двухпакаёвай кватэры разам з тэрапеўтам, таксама маладым спецыялістам Кацярынай Табола. У будучым галоўурач абяцае асобную кватэру. Словам, усё задавальняе: спрыяльныя ўмовы для жыцця і працы, заробак, больш чым у горадзе. Нават калі не застануся тут працаваць, гады, праведзеныя на Міёршчыне, заўсёды буду ўзгадваць з цеплынёй.
—Рабочы дзень акуліста—гэта…—Прыём хворых з васьмі раніцы да 13.00. У сярэднім за дзень звяртаецца за кансультацыяй і дапамогай ля 30 чалавек, бывае і ўдвая больш. Гэта не толькі гараджане, але і вяскоўцы з розных куточкаў Міёршчыны. Я адна на ўвесь раён. Чарга ўтвараецца не маленькая. Часта людзі нервуюцца, калі не могуць узяць талон. Многія не ведаюць, што заказаць яго можна загадзя па тэлефоне, набраўшы нумар рэгістратуры паліклінікі. Пасля абеда з 14.00 да 16.30 выезды, кансультацыі, медагляды. Кожны тыдзень па чацвяргах наведваюся на Дзісенскую, Язненскую, Новапагосцкую, Даўгінаўскую зоны, а ў адну з пятніц месяца—ва ўрачэбную амбулаторыю у Туркова. У экстраных выпадках заўсёды гатова ратаваць пацыентаў ноччу.
—З якімі хваробамі даводзіцца сутыкацца часцей за ўсё?—Трэба адзначыць, што людзей з добрым зрокам становіцца ўсё менш. Прычыны таму самыя розныя. Якасць зроку залежыць ад спадчыннасці, хвароб вачэй, траўм. Нічога добрага не дае працяглае праседжванне за камп’ютэрам, асабліва для дзяцей. Гэта садзейнічае развіццю блізарукасці, якая надзвычай часта выяўляецца на медаглядах. Дарослыя, якія працуюць з камп’ютэрамі, нярэдка скардзяцца на зніжэнне зроку, на сіндром “сухога” вока. У пажылога насельніцтва асноўныя захворванні—катаракта і глаўкома. Здараюцца траўмы. Часта мужчыны, якія апрацоўваюць метал без засцерагальных акуляраў, звяртаюцца за дапамогай з іншародным целам у воку. Пакуль што такія выпадкі заканчваліся добра. Але ж вока—вельмі кволы орган, нават невялічкае пашкоджанне можа прывесці да цяжкіх наступстваў.
—Якую дапамогу аказваеце хворым? —Праблемы з вачамі вырышаюцца па-рознаму. Камусьці дастаткова выпісаць акуляры, а ў некаторых выпадках палепшыць зрок дапамагаюць спецыяльныя практыкаванні і прыём вітамінаў, а хтосьці мае патрэбу ў стацыянарнай медыцынскай дапамозе. Курс лячэння хворыя праходзяць у Наваполацкай ці абласной бальніцах. З месцамі дамовіцца не складае праблем, але бывае так, што пацыентаў даводзіцца літаральна ўгаворваць і ўпэўніваць шпіталізавацца. Многія не разумеюць, што да праблем з вачыма нельга адносіцца легкадумна, не таму што можна загінуць, а таму што любое прамаруджванне пагражае рэзкім пагаршэннем якасці іх жыцця.
Аблягчае работу сучаснае абсталяванне, якім аснашчаны кабінет акуліста. Гэта новыя шкельцы для падбору акуляраў, апошняга пакалення шчылінная лямпа—такі мікраскоп, пры дапамозе якога можна найлепш разгледзець глыбокае асяроддзе ў органе зроку, траўмы, распазнаць іншародныя целы, каб выдаліць. Для даследавання вочнага дна якраз дарэчы сучасны афтальмаскоп. Раней ціск у воку вымяраўся не зусім прыемным для чалавека спосабам. Цяпер, дзякуючы пнеўматанометру, гэта працэдура найбольш хуткая і менш адчувальная. Апарат толькі падносіцца да вока і на табло высвечваюцца неабходныя паказчыкі.
Многія людзі акрамя лячэння маюць неабходнасць у добрай устаноўцы на жыццё. Асабліва адзінокія бабулі: дзеці раз’ехаліся, пагаварыць няма з кім, звыклыя да працы, яны хочуць штосьці рабіць па гаспадарцы, а не могуць, хваробы не даюць. Узбадзёрыш, і на іх вуснах зазяе ўсмешка. Наогул, хачу ўсім параіць у першую чаргу берагчы сваё эмацыянальнае здароўе, бо ад яго напрамую залежыць фізічнае. Кожны дзень трэба пачынаць з добрых думак. Прачнуўшыся, пажайце сабе добрага самаадчування, спрыяльнага дня, удачы. Тады жыццё ідзе па-другому і хвароб меней.
—Ваша аддушына ў вольны час?—Падабаецца маляваць у тэхніцы батык. Часам гэты занятак дапамагае абстрагавацца ад перажыванняў, пастаяннага пракручвання пэўных сітуацый, звязаных з работай. Люблю настольны тэніс, баскетбол. Ва універсітэце гуляла ў камандзе. Зараз ходзім з мужам на баскетбольную пляцоўку да СШ №2. Любім прыроду, ужо нямала даследавалі міёрскіх маляўнічых куточкаў. Вось толькі да лесу пакуль не знайшлі дарогі. Але ўсё яшчэ наперадзе.
Наталія КРУК.