23 Марта 2026

О постояльцах отделения дневного пребывания для пожилых граждан и инвалидов Миорского ТЦСОН заботится Елена Разумчик

gazeta
  • 66558

Чалавеку патрэбны чалавек. Асабліва ў пажылым узросце. Тым больш, калі позняя восень жыцця праходзіць не ў сценах роднага дома, а ў дзяржустанове. Пра пастаяльцаў аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян і інвалідаў ТЦСАН клапоціцца малодшая медсястра Алена Разумчык.

Адной з нашых падапечных будзе 95 гадоў. Яна ў нас амаль што з самага пачатку работы аддзялення. Нямала пажылых людзей, якія тут шмат гадоў. Новыя засяляюцца. Ім патрэбны час, каб прывыкнуць, гэта няпроста, – расказвае суразмоўніца. – Малодшыя медсёстры пастаянна з пастаяльцамі. Дапамагаем ім даглядаць за сабой, сочым за самаадчуваннем, клапоцімся пра парадак і чысціню ў пакоях.

Алена Разумчык у аддзяленні з дня адкрыцця – 3 жніўня 2004 года. Уладкавалася сацыяльным работнікам, пасля назва пасады змянілася –  малодшая медсястра. Між тым медыцынскай адукацыі гэтая справа не патрабуе. Догляду за пажылымі людзьмі Алена Генадзьеўна вучылася адразу на практыцы. Ёсць тое, чаму наўрад ці можна навучыцца, чым трэба валодаць ад прыроды.

– Дабрыня да пажылых людзей павінна быць, – заўважае суразмоўніца, і ў яе на вачах наварочваюцца слёзы. – Для іх важныя спачуванне, увага, простая размова. Расказваюць пра сваё мінулае, як шмат працавалі, як дзяцей выхоўвалі, дзеляцца парадамі. У некаторых дзеці далёка, даглядаць за бацькамі няма магчымасці, таму яны тут. Аддзяленне становіцца для іх домам. Мы прывыкаем да іх, а яны да нас. Ведаем іх характары, звычкі.
Змена доўжыцца 12 гадзін. Дзяжурствы як удзень, так і ўначы. Абход ноччу кожныя 20 хвілін. Раптам камусьці патрэба дапамога. Раніца пачынаецца з вільготнай уборкі ў пакоях пастаяльцаў. Генеральная раз на тыдзень па графіку. 

Як заўважае суразмоўніца, у аддзяленні арганізаваны вольны час падапечных. Дзейнічаюць гурткі. Напрыклад, па чацвяргах – музычны. Ладзяць мерапрыемствы з нагоды святаў, у якіх удзельнічаюць як пастаяльцы, так і тыя, хто пра іх клапоціцца.

Адпачынак для Алены Разумчык – любімыя заняткі. У іх ліку алмазная мазаіка, кветкаводства, кулінарыя. Часты госць – унук, якому хутка чатыры гады. Дабрынёй, увагай і клопатам Алена Генадзьеўна імкнецца акружыць і сваіх блізкіх, і пастаяльцаў аддзялення, з якімі таксама сталі роднымі. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота аўтара.

← Предыдущая

Историческое прошлое как визитная карточка Дисны

Назад к списку
Следующая →

Людзям патрэбна ўпэўненасць у год якасці

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]