22 Апреля 2022

Пра развіццё раёна, прафілактыку кіберзлачынстваў, пажарную бяспеку ішла размова ў працоўных калектывах Міёрскага сельсавета падчас Дня інфармавання

gazeta
  • 480
Пра развіццё раёна, прафілактыку кіберзлачынстваў, пажарную бяспеку ішла размова ў працоўных калектывах і па пэўных адрасах Міёрскага сельсавета падчас Дня інфармавання 21 красавіка. Разам з тым прадстаўнікі ўлады і служб райвыканкама даведаліся, чым жывуць вяскоўцы, што іх хвалюе. 

Аграрыі руляць 

У аграрыяў УП «Чэрасы» працоўны дзень распачаўся сустрэчай з кіраўніком раёна Ігарам Кузняцовым. Вясенне-палявыя работы ў разгары. У шэсць раніцы ўсе на нагах. Па тэмпах сяўбы тут спазняюцца, але ёсць вялікае жаданне з пастаўленымі задачамі справіцца ў тэрмін. Надвор’е і плён у дапамогу. 
Ігар Валер’евіч доўга не затрымліваў. Калектыву гаспадаркі, што ў ліку трывалых, выказаў свае пажаданні, галоўнае з якіх – надалей павышаць эфектыўнасць працы. Пэўны задзел пад будучы ўраджай у раёне зрабілі яшчэ мінулагодняй восенню: пасеялі больш азімых, рапсу, пашырылі плошчы ворыва. Зерневыя перазімавалі нармальна, а вось рапсу ад 10 да 40 % трэба перасяваць. Выдаткі на тое немалыя, але з імі дапаможа справіцца страхавы фонд.

У цэлым давядзецца наганяць упушчанае. Па леташніх выніках у раёне недаатрымалі 11 тысяч тон зерня, знізіліся надоі, прывагі, зменшылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, што абядняе сыравінную базу для прамысловых прадпрыемстваў раёна, без чаго іх існаванне не мае сэнсу. Старшыня райвыканкама нагадаў, што сёлетняя пасяўная  праходзіць пры поўным забеспячэнні палівам, азотнымі і калійнымі ўгнаеннямі. Умовы створаны, трэба толькі граматна арганізаваць работу на месцах. Ключавая роля жалезнай дысцыпліны. Ад таго, як кожны з аграрыяў будзе рабіць сваю справу, залежыць іх дабрабыт і далейшае развіццё эканомікі раёна ў цэлым. 

Вялікія спадзяванні і на наш прамысловы гігант – металапракатны завод. У красавіку ён цалкам аднавіў работу. Са слоў кіраўніка раёна, да канца месяца вырабіць і першую тысячу тон белай бляхі. У сувязі з санкцыямі Еўрасаюза, на Еўропу металапракатную прадукцыю пастаўляць немагчыма. Аднак адкрыты і гатовы супрацоўнічаць рынкі Кітая, ёсць попыт на яе ў Расіі, Арменіі, Казахстане, запатрабавана ў беларускіх вытворцаў. Справы на прадпрыемстве пакрысе будуць наладжвацца. 

– Мяне папракаюць за нашы дарогі: не рамантуюцца, няякасна грэйдуюцца, – папярэджваючы скаргі, заўважыў Ігар Валер’евіч. – Амартызацыйны тэрмін многіх даўно мінуў, асфальт трэба ўкладваць новы. Яго патрабуюць і 34 кіламетры рэспубліканскіх дарог са 127, што пралягаюць па тэрыторыі раёна. Больш чым па пяць кіламетраў мы грунтоўна не аднаўлялі ў апошнія гады. Летась агульнымі намаганнямі дарожнікаў ямкавы рамонт зроблены на 19 тысячах м2, патрабуюць яго яшчэ як мінімум 28 тысяч м2. 
Сёлета раёну прадастаўлена права выдаткаваць з мясцовага бюджэту пэўную суму на рамонт вулічна-дарожнай сеткі. Дзякуючы гэтаму новы асфальт з’явіцца па вуліцы 350-годдзя Міёр, на Ізварына, на іншых крытычных участках. Дарогі будуць прыводзіць у належны стан, але ўсе праблемныя пытанні пакуль не здымуцца. 

Махляры не дрэмлюць

Пра аператыўную абстаноўку на тэрыторыі раёна праінфармаваў супрацоўнік РАУС Андрэй Люцкі. Колькасць злачынстваў зніжаецца. На фоне актыўна рэгіструемых па вобласці цяжкіх і асабліва цяжкіх ў нас здарылася толькі адно, якое звязана з няўплатай падаткаў. Адносна спакойна і ў сферы сямейна-бытавых адносін. Аднак па колькасці складзеных пратаколаў хатніх скандалаў шмат. Таму да ўсіх прагучала просьба жыць у міры і згодзе.
Шмат пасягальніцтваў на дзяржаўную ўласнасць, асабліва ў аграрнай галіне, асабістую маё- 
масць грамадзян. Сёлета зарэгістравана 14 крадзяжоў, яны латэнтныя, з-за чаго складана выйсці на след злодзея. Таму так важна забяспечваць захаванасць нажытага.  

Адно з самых распаўсю- джаных злачынстваў у наш час – тэлефоннае. Найбольш актуальны вішынг – абзвоны ад імя прадстаўнікоў розных устаноў, у першую чаргу – банкаў. У гэты час зламыснікі з выкарыстаннем псіхалагічных прыёмаў пад рознымі прычынамі высвятляюць канфідэнцыяльную інфармацыю і стымулююць чалавека да розных дзеянняў з картачным рахункам ці плацежнай карткай. Ілжывыя супрацоўнікі банкаў просяць устанавіць спецыяльны дадатак для найлепшай абароны ад махляроў. На справе гэта праграмы аддаленага доступу, якія дазваляюць не толькі скрасці грошы, але і аформіць крэдыт, а затым перавесці сродкі на іншы банкаўскі рахунак. 

Фішынг – гэта маніпуляцыі ў сацыяльных сетках, калі ўзламваецца асабісты акаўнт і ад імя сяброў ці блізкіх паступаюць слёзныя просьбы перавесці грошы ў сувязі са складанай жыццёвай сітуацыяй. Таму ўсім параілі мець светлы розум і не паддавацца на правакацыі зламыснікаў, каб захаваць свае грошы і нервовую сістэму. 

Просьбы пачуты

Пры падвядзенні вынікаў Дня інфармавання кіраўнікі рабочых груп агучылі праблемы сяльчан. Акрамя нараканняў на стан дарог прасілі разнастаіць асартымент аўталавак дыябетычнымі прадуктамі, міёрскім хлебам, які нахвальваюць за якасць. Раённыя ўлады ўжо вялі перамовы на гэты конт з кіраўніцтвам Верхнядзвінскага філіяла аблспажыўтаварыства, давядзецца паўтарыць. 
У некаторых сельгаспрадпрыемствах вяскоўцам адмаўляюць у просьбе рэалізаваць пасяўны матэрыял зерневых культур для асабістых патрэб. Такога не павінна быць. Кожнаму можна звяртацца ў гаспадаркі па месцы жыхарства, каб набыць неабходнае. І заяўкі на тэхніку для апрацоўкі агародаў неабходна задавольваць. Гэта на кантролі старшыні райвыканкама.     

Наталія СТАНКЕВІЧ  
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.  
← Предыдущая

Александр Лукашенко подписал Указ «О мерах по развитию международных автомобильных перевозок грузов»

Назад к списку
Следующая →

Завершается проект «Вместе для сообщества и природы: Миорский район»

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]