13 Мая 2011

Напружаны перыяд

gazeta
  • 379
Напружаны перыядУладзімір Юр’евіч Скавародка даў інтэрв’ю раённай газеце пасля завяршэння работы 4-га Усебеларускага народнага сходу. Сёння чарговая гутарка з парламентарыем.
— Краіна ступіла на шлях сур’ёзных эканамічных і сацыяльных пераўтварэнняў, якія, дарэчы, адобрыў Усебеларускі народны сход. Іх рэалізацыя запатрабуе прыняцця прынцыповых прававых рашэнняў, закранаючых многія сферы жыцця грамадства і дзяржавы.— Прыярытэты і праблематыка пытанняў эканамічнага блоку вызначаны палажэннямі дырэктывы прэзідэнта краіны №4 і новай праграмы дзейнасці ўрада. Адна з галоўных задач — забяспечыць уваходжанне Беларусі ў першую трыццатку краін па ўмовах вядзення бізнесу. Зразумела, сваю ролю ў гэтым павінны адыграць заканадаўчыя меры, накіраваныя на скарачэнне сферы ліцэнзавання, развіццё адносін арэнды і закладу, аптымізацыю парадку дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці.
Прадоўжыцца работа па спрашчэнню адміністрацыйных працэдур.
З пазіцыі развіцця прадпрымальнасці і ініцыятывы будзе вырашацца праблема абароны аўтарскіх правоў.
Неабходна надаць дадатковы імпульс развіццю рэкламнага рынку. Важна тут забяспечыць баланс інтарэсаў рэкламадаўцаў і насельніцтва.
Развіццё рынкавых інстытутаў патрабуе аптымізацыі працэдур вырашэння гаспадарчых спрэчак, для чаго трэба шырока прымяняць альтэрнатыўныя спосабы. Умацуецца статус трацейскіх судоў.
Важная задача — пашырэнне экспартнай састаўляючай эканомікі. Тут сваю ролю заклікана адыграць ратыфікацыя пакета пагадненняў у рамках мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. Выхад на новы ўзровень стратэгічнага партнёрства дазволіць стварыць спрыяльныя ўмовы для росту тавараў і паслуг, правядзення адзінай канкурэнтнай палітыкі. У выйгрышы будзе і насельніцтва. Пры перасячэнні мытнай мяжы можна будзе не дэклараваць грашовыя сродкі да 10000 долараў ЗША. Павялічацца нормы бяспошліннага ўвозу тавараў фізічнымі асобамі.

— У перыяд мадэрнізацыі эканомікі становяцца актуальнымі пытанні абароны правоў працоўных.
— У гэтым накірунку неабходна прымаць пэўныя меры па развіццю сістэмы сацыяльнага партнёрства, удасканальваць формы і метады ўзаемадзеяння прафсаюзаў з наймальнікамі і органамі дзяржаўнага кіравання.
І ў цэлым роля дзяржаўных органаў у аператыўным, а галоўнае якасным вырашэнні праблем і запатрабаванняў людзей узрастае. Пастараемся закрыць магчымасці для праяўлення фармалізму і валакіты ў рабоце са зваротамі грамадзян, павысіць адказнасць чыноўнікаў. З іншага боку, і заяўнік павінен дзейнічаць у рамках закона. З такіх пазіцый варта разглядаць законапраект “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.

— Значны аб’ём законапраектаў на сесіі прысвечаны сацыяльнай тэматыцы.
— Агульнае для іх тое, што яны арыентаваны на павышэнне якасці жыцця. У прыватнасці, завершым работу над праектам Жыллёвага кодэксу. Закранаюцца інтарэсы практычна кожнага грамадзяніна, ён аказвае сур’ёзнае ўздзеянне на развіццё многіх сфер жыцця грамадства і дзяржавы.

— Накірунак на ўмацаванне правоў уласнікаў жылля?
— Так, яны атрымаюць магчымасць высялення тых, хто не мае долі ў праве ўласнасці на жылое памяшканне. Спросціцца парадак пераводу жылых памяшканняў у нежылыя і наадварот. Больш празрыстай стане сістэма аплаты жыллёва-камунальных паслуг. У той жа час законапраект абараняе дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Ім прадастаўляецца права на атрыманне сацыяльнага жылля.
Сёння неабходна больш актыўна ўкараняць новыя сістэмы фінансавання жыллёвага будаўніцтва, стымуляваць развіццё іпатэкі.
Павысіць эфектыўнасць выкарыстання інвестыцыйнага патэнцыялу насельніцтва дазволіць і прававое замацаванне сістэмы жыллёвых і будаўнічых зберажэнняў.

— А што ў сферы аховы здароўя?
— Мы ўпершыню прыступаем да прававога рэгулявання такой адчувальнай галіны, як прымяненне дапаможных рэпрадукцыйных тэхналогій. У полі зроку і пытанне аб праве сурагатных маці на дапамогу, звязаную з цяжарнасцю і родамі.
Упершыню будуць разглядацца заканадаўчыя меры, звязаныя з папярэджаннем распаўсюджання небяспечных для здароўя насельніцтва захворванняў і інш.

— Мяркую, наспеў час уносіць папраўкі ў Кодэкс аб шлюбе і сям’і?

— Канкрэтызуем палажэнні аб шлюбным дагаворы і аб абавязках мужа і жонкі па ажыццяўленню догляду за дзіцём-інвалідам. Жыццё падказвае, што трэба скарачаць тэрміны і спрашчаць парадак заключэння шлюбу.

— Ці будуць разглядацца пытанні па культуры?
— Запланавана дапрацоўка базавага закона ў гэтай галіне. Будуць створаны ўмовы для пераходу да дзяржаўна-прыватнага партнёрства пры фінансаванні кінавытворчасці, забяспечыўшы пры гэтым перадумовы для стварэння высокамастацкіх беларускіх кінастужак. Зменяцца заканадаўства аб музеях і музейным фондзе, прававое рэгуляванне архіўнай справы.

— Забеспячэнне законнасці і правапарадку — аснова спакойнага жыцця грамадзян.
— Будуць заканадаўча ўдасканалены некаторыя аспекты дзейнасці пракуратуры, узмоцнены меры барацьбы з карупцыяй, прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх.
Ва ўмовах адкрытасці эканомікі, узмацнення міграцыйных працэсаў асобую ролю закліканы адыграць праект новага Закона “Аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі”. Вырашаем дзве задачы: з аднаго боку — паставім заслон тым, хто хоча пагрэць рукі на чалавечай даверлівасці і недасведчанасці, а таксама створым эфектыўную сістэму абароны і рэабілітацыі ахвяр гандлю людзьмі. З другога боку, законапраект павінен садзейнічаць расшырэнню міжнародных кантактаў моладзі ў сферы адукацыі, культуры і спорту.

— Як дэпутаты бароняць інтарэсы краіны на сусветнай арэне?
— Прынята заява Савета Палаты прадстаўнікоў і Прэзідыума Савета Рэспублікі, якая з’яўляецца адказам на рэзалюцыю Еўрапейскага парламента па сітуацыі ў Беларусі. У дакуменце ясна і дакладна сказана, што практыка зносін з суверэннай дзяржавай мовай санкцый, беспадстаўнымі абвінавачваннямі бесперспектыўная. Такую ж прынцыповасць дэпутаты праявілі і ў адносінах правамернасці прымянення на тэрыторыі нашай дзяржавы Закона Рэспублікі Польшча “Аб карце паляка”.
Беларускі парламент адкрыты да канструктыўнага дыялогу з міжнароднымі парламенцкімі арганізацыямі і парламентамі іншых замежных краін на аснове ўзаемнай павагі і раўнапраўя. Працягвалася работа па лініі ініцыятывы “Усходняе партнёрства”. Дэпутаты актыўна ўдзельнічалі ў рабоце камісій Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Плануюцца візіты ў нашу краіну дэлегацый Азербайджана, В’етнама, Грузіі, Ізраіля, Італіі, Казахстана і Карэі. Мы паедзем у Венесуэлу, на Кубу, ва Украіну.
Запланаваны розныя мерапрыемствы з мэтай вывучэння міжнароднай заканадаўчай практыкі, пошуку нестандартных рашэнняў.

— Як дзейнічаеце ў сваёй выбарчай акрузе?
— Лічу сваім абавязкам сістэматычна праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі ў працоўных калектывах, весці асабісты прыём грамадзян у райцэнтрах, гарадскіх, пасялковых і сельскіх Саветах, у населеных пунктах у Міёрскай выбарчай акрузе №24, у якую ўваходзяць Міёрскі, Верхнядзвінскі, Полацкі і Расонскі раёны, а таксама г.п. Баравуха, які адносіцца да Наваполацка. Акрамя таго, рэгулярна праводжу “прамыя лініі”, якія дапамагаюць пашыраць кола сваіх суразмоўцаў.
За чатыры месяцы сёлета праведзена 23 прыёмы грамадзян, прынята 93 чалавекі, разгледжана 115 пісьмовых і вусных зваротаў. Па Міёрскаму раёну праведзена 8 прыёмаў грамадзян, 3 з якіх у сельскіх Саветах, 3 “прамыя лініі”. Пабылі на прыёмах і звярнуліся па тэлефоне 44 чалавекі з 49 пытаннямі, просьбамі, заўвагамі і прапановамі. Усяго разгледжана 46 зваротаў.
Найбольш распаўсюджаныя просьбы — аказаць садзеянне ў паляпшэнні жыллёвых умоў, рамонце дамоў і кватэр, правядзенні газіфікацыі жылля ў Міёрах. Як і раней, востра стаяць пытанні капітальнага рамонту дарог і вуліц, руху маршрутных аўтобусаў.
Жыхары 1-га Паштовага завулка просяць дапамагчы вырашыць праблему падтаплення дамоў і сядзібных участкаў у час паводкі, што зрабіць складана. А вось па просьбе Сяргея Фёдаравіча Сачыўкі з Кухаронкаў дарожны знак будзе ўстаноўлены, на месцы аўтобуснага прыпынку сельвыканкам запланаваў зрабіць драўляную альтанку.
Зазначу, што вырашэнне большасці пытанняў, з якімі звяртаюцца да мяне грамадзяне, знаходзіцца ў кампетэнцыі мясцовых органаў улады, аднак многія з іх патрабуюць значных фінансавых сродкаў, якіх, на жаль, не хапае ў раённым бюджэце, не запланавана іх выдзяленне і абласным. Па гэтай прычыне не магу дапамагчы некаторым людзям, хаця стараўся зрабіць гэта па меры сваіх сіл і магчымасцяў.
Жадаю ўсім цярпення і вытрымкі, моцнага здароўя і дабрабыту. Спадзяюся на далейшае супрацоўніцтва з вамі, дарагія выбаршчыкі.
Падрыхтаваў Л. КАСАТЫ.



← Предыдущая

Справиться с терроризмом можно только сообща. Лукашенко направил приветствие участникам Контртеррористического форума

Назад к списку
Следующая →

Прыгранічны рух

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]