26 Июля 2022

Кодэкс аб зямлі: гектар магчымасцей

gazeta
  • 544
Зямельнае заканадаўства - важная тэма, бо закранае інтарэсы кожнага. Гэта і лягло ў аснову закона, што выкладаецца ў новай рэдакцыі Кодэкса аб зямлі, які падпісаў Прэзідэнт. Навэлы дазваляюць узаконіць самавольна занятыя ўчасткі, таксама дапускаецца іх раздзел. Ёсць паслабленні для дачнікаў. Акрамя таго, законам узмоцнена роля мясцовых органаў улады па рэгуляванні зямельных адносінаў, навядзенні парадку на зямлі і вырашэнні зямельных спрэчак. Пра ўсе навацыі газеце «Рэспубліка» расказаў старшыня Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў, дэпутат па Полацкай сельскай выбарчай акрузе №28 Мікалай ШАЎЧУК. 

– Адразу адзначу, што закон важны і прынятыя навацыі – доўгачаканыя. Ніводны прыём грамадзян не абыходзіцца без зваротаў па тэматыцы: хтосьці не можа вырашыць зямельную спрэчку, кагосьці хвалююць пытанні па карэкціраванні межаў зямельных участкаў. Праблем хапала. Шмат іх накіроўвалі грамадзяне на разгляд Прэзідэнту. Ён сёлета правёў некалькі нарад, у тым ліку ішла размова, каб перадаць некаторыя свае паўнамоцтвы на ўзровень мясцовай улады. У тым ліку і ў сувязі з гэтым узнікла неабходнасць уносіць карэкціраванне. Новаўвядзенні, зацверджаныя Кіраўніком дзяржавы, у першую чаргу накіраваны на стварэнне спрыяльных умоў для землекарыстання ў раёнах, рэгіёнах. Яны маюць дачыненне да пашырэння паўнамоцтваў і правоў мясцовых органаў улады. Гэта значыць, змогуць вызначаць, як распараджацца зямельным участкам. Рашэнне фундаментальных пытанняў, што маюць дачыненне да выкарыстання сельскагаспадарчых і лясных земляў, захоўваецца ў паўнамоцтвах Прэзідэнта. 

Адзначу, што кожнае палажэнне закона намі дэталёва прапрацавана, прааналізавана, каб максімальна ўлічыць інтарэсы грамадзян і суб’ектаў гаспадарання. Вынікам калектыўнай працы стаў комплексны збалансаваны заканадаўчы акт, сістэмна вырашаючы пытанні. Закон у цэлым пасадзейнічае пашырэнню правоў у сферы землекарыстання, упарадкавання аб’ектаў самавольнага будаўніцтва.

Што зменіцца для грамадзян.

– Бадай, самае галоўнае – ужо не патрэбна вырашаць зямельныя спрэчкі ў судзе, цяпер райвыканкам мае права ўрэгуляваць непаразуменні паміж суседзямі. 
Абласныя, гарадскія і раённыя выканаўчыя камітэты будуць паўнамоцны выносіць у адносінах землекарыстальнікаў рашэнні аб дазволе 
здзелак і іншых дзеянняў з зямельнымі ўчасткамі пры выкананні імі горадабудаўнічых рэгламентаў, прыродаахоўных і санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў, супрацьпажарных, будаўнічых норм і правіл. 
Для выключэння карупцыйных праяўленняў, а таксама эфектыўнага выкарыстання земляў горада Мінска, абласных цэнтраў, прыгарадных раёнаў і іншых тэрыторый адной з такіх умоў стане ўнясенне землекарыстальнікам платы за зямельны ўчастак па яго рыначным кошце, але не ніжэй за кадастравы.
Істотна пашыраны паўнамоцтвы і адказнасць мясцовых выканаўчых камітэтаў у часці працэдуры адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў, што дае ім права самастойна вызначаць мэты, населеныя пункты і іншыя тэрыторыі, у межах якіх надзелы прадастаўляюцца без правядзення аўкцыёнаў. 

Адно з важных новаўвядзенняў – магчымасць прадастаўляць грамадзянам зямельныя ўчасткі для будаўніцтва жылых дамоў на сяле да аднаго гектара. А што мае дачыненне да гарадоў і дачнага будаўніцтва.

– Прапануецца павялічыць межавую плошчу зямельных участкаў, што прадастаўляюцца для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, кватэры ў блакіраваным жылым доме, размешчаным у горадзе Мінску, абласных цэнтрах і гарадах абласнога падпарадкавання – да 0,15 гектара, у іншых гарадах і пасёлках гарадкога тыпу – да 0,25 гектара, на тэрыторыі іншых населеных пунктаў – да аднаго гектара. 
На хутарах памер зямельнага ўчастка будзе рэгулявацца ў залежнасці ад мясцовых умоў і асаблівасцей, а таксама ад волевыяўлення асобы, якой ён прадастаўляецца. 
Для калектыўнага садаводства, дачнага будаўніцтва плошча ўчасткаў складае да 0,15 гектара (незалежна ад плошчаў участкаў, прыналежных члену садовага таварыства), для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі – да чатырох гектараў без уліку плошчы ўчасткаў, што мае грамадзянін для іншых мэт, незалежна ад яго рэгістрацыі па месцы жыхарства. 

Немалаважнае пытанне - лёс самавольна занятых зямельных участкаў. 

– Устанаўліваецца, што пасля ўступлення ў сілу закона, на працягу трох год Мінскі гарадскі, абласныя выканаўчыя камітэты па ўзгадненні з Кіраўніком дзяржавы будуць мець права вырашаць лёс зямельнага ўчастка пры самавольным яго заняцці. 
Нормы закона дазволяць значнай частцы насельніцтва рэалізаваць свае магчымасці па легалізацыі правоў на без дазволу заняты на- дзел, а мясцовым органам улады – вырашыць назапашаныя праблемы землекарыстальнікаў у гэтай сферы. Да слова, для больш дакладнага рэгулявання пытанняў самавольнага будаўніцтва выкладаецца ў новай рэдакцыі артыкул 223 Грамадзянскага кодэкса. Аб’ект, створаны ў выніку будаўніцтва без дазволу, прызнаецца самавольнай пабудовай. Пры выяўленні яе прапануецца ўстанавіць абавязковую норму аб прыняцці мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі рашэння пра лёс аб’екта. Парадак прыняцця такіх рашэнняў будзе ўстанаўліваць Урад. У выпадку адмовы асобы выканаць прынятае рашэнне аб’ект зносяць. Ёй жа давядзецца аплачваць учыненую шкоду.

← Предыдущая

Руководство района направило поздравление с Днем мелиоратора

Назад к списку
Следующая →

У абмеркаванні пытанняў прыняў удзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Полацкай сельскай выбарчай акрузе № 28 Мікалай ШАЎЧУК

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]