ПРЭЗІДЭНТ заўважыў, што сам працэс змянення Канстытуцыі і рэферэндум выклікаюць цікавасць у нашых людзей. Народу прапанавалі зрабіць свае вывады, пакрытыкаваць, выказацца. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергіенка агучыў заўвагі, шэраг з іх бытавога кшталту, некаторыя ініцыятывы абумоўлены павярхоўным азнаямленнем з тэкстам змяненняў ці недастатковымі юрыдычнымі ведамі.– Па асобных пазіцыях водгукі крытычнага характару, якія не могуць быць улічаны. Напрыклад, прапаноўвалася выключыць палажэнне пра Усебеларускі народны сход, выбудаваць у краіне парламенцкую рэспубліку, лічыць дзяржаўнай мовай толькі беларускую, увесці 30-гадзінны рабочы тыдзень і так далей.
Пэўныя прапановы Прэзідэнт уважліва пазначаў. Многія насілі канструктыўны характар, частку з іх Канстытуцыйная камісія ўлічыла. Напрыклад, грамадзяне прапаноўвалі больш падрабязна прапісаць у Канстытуцыі пытанні дзяржаўных сімвалаў, таму ў артыкуле 19 было ўстаноўлена, што апісанне і парадак іх выкарыстання вызначаюцца законам, а ў артыкуле 52 уведзены абавязак іх паважаць.
– Таксама пашыраны пералік асоб, прысутных пры прынясенні прысягі Прэзідэнта, – у яго дадаткова ўключаны члены Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу. Зыходзячы з практыкі канкрэтызаваны паўнамоцтвы Прэзідэнта: прадугледжана права пазбаўляць дзяржаўных узнагарод, класных чыноў і званняў, замацавана права прызначаць і вызваляць ад пасады паслоў (у рэдакцыі, якая дзейнічае цяпер, гаворыцца пра прызначэнне і адкліканне ўсіх дыпламатычных прадстаўнікоў), – адзначыў на нарадзе Ігар Сергіенка.
Былі таксама прапановы ад грамадзян, якія маюць дачыненне да Усебеларускага народнага сходу. Адна з іх, якую падтрымала камісія, – аднясенне да яго паўнамоцтваў устанаўленне дзяржаўных святаў і святочных дзён.
– У палажэннях аб фарміраванні УНС дадаткова ўдакладнена, што менш за палову Сходу (гэта 600 чалавек) павінны складаць прадстаўнікі мясцовых Саветаў дэпутатаў і грамадзянскай супольнасці. Гэта павышае празрыстасць утварэння дадзенага органа, – далажыў Прэзідэнту Ігар Сергіенка.
Па яго словах, ва ўзаемадзеянні з Вярхоўным і Канстытуцыйным судамі ўрэгуляваны і парадак прызначэння намеснікаў старшынь гэтых органаў. Яны, як і старшыні адпаведных судоў, і іншыя суддзі, будуць выбірацца УНС.
– Па прапанове Канстытуцыйнага Суда спецыяльна рэгламентаваны шэраг працэсуальных пытанняў: аб прыспыненні тэрмінаў падпісання ўнесеных Прэзідэнту законаў у выпадку іх накіравання на праверку канстытуцыйнасці, пра тэрміны дачы Канстытуцыйным Судом заключэння па пытанні парушэння Прэзідэнтам ці Парламентам Канстытуцыі (два тыдні з дня паступлення адпаведнага запыту). Акрамя таго, прадугледжана набыццё моцы змяненняў Канстытуцыі не адразу, а праз дзесяць дзён пасля іх апублікавання. Такі падыход дазволіць пазбегнуць спрэчак з моманту набыцця моцы карэкціровак, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, – патлумачыў Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Усяго ад грамадзян паступіла звыш сямі тысяч водгукаў на праект Асноўнага Закона. З улікам прапаноў адкарэкціравана больш за 30 артыкулаў. У параўнанні з існуючай Канстытуцыяй правіцца ўжо 83 артыкулы, два выключаюцца, з’яўляюцца 11 новых.
Аднак канстытуцыйны працэс на гэтым не завяршаецца. Беларускі лідар асабліва падкрэсліў: згодна з Асноўным Законам краіны неабходна прывесці і заканадаўства. А паралельна звяртае ўвагу на немалаважны нюанс: у Канстытуцыі ўсё не прапішаш, яна павінна ўключаць асноўнае. Між тым прапаноў хапае.
– Пажадана, каб Канстытуцыя насіла больш стабільны характар, таму не трэба пічкаць яе дэталямі. Дэталі – гэта для законаў. І нават не для іх, а для падзаконных актаў. Мы выразна выбудавалі гэту іерархію.
Пасля зацвярджэння Прэзідэнтам канчатковага праекта Канстытуцыі адбудзецца рэферэндум.
Па матэрыялах БЕЛТА