16 Августа 2026

Золотая свадьба семьи Лавровых из д. Александрово

gazeta
  • 5884

 

Каханне жыве тры гады? Можа быць, калі няма ўзаемаразумення, клопату адно пра аднаго, падтрымкі. Інакш пачуццё, якое аднойчы ўспыхвае іскрынкай, з часам разгараецца і застаецца назаўжды. Прыклад таму – Уладзімір Васільевіч і Валянціна Антонаўна Лаўровы з вёскі Александрова Павяцкага сельсавета. Сямейная пара адзначыла залатое вяселле.

– Бачыць адно аднаго, адчуваць. Дзесьці саступаць, умець дараваць. Падтрымліваць, клапаціцца адно пра аднаго, – раскрываюць залатыя маладыя сакрэт моцнай дружнай сям’і.
Утульны дом, пабудаваны сваімі рукамі; пяцёра дзяцей, з якімі штодня на сувязі, і дзесяць унукаў; каханне, якое захавалі ў кругазвароце працоўных і бытавых клопатаў. З такімі набыткамі Уладзімір Васільевіч і Валянціна Антонаўна Лаўровы сустрэлі залаты дзень нараджэння сваёй сям’і.

Вяселле ў дзень паўналецця

Пазнаёміліся Уладзімір і Валянціна на танцах у інтэрнаце Віцебскага педінстытута. Ён вучыўся на трэцім курсе мастацка-графічнага факультэта. Яна толькі паступіла на педагагічны.
– На танец запрасіў, – расказвае Валянціна Антонаўна. – Да гэтага двойчы яго бачыла. У трамваі ехала, і хтосьці ўсклікнуў: «О, Вовачка ідзе!» Гляджу – крочыць па праспекце хлопец у яркім вельветавым касцюме. Штаны клёш. У руках вялікі мальберт. Другі раз – на калідоры інтэрната на роліках рассякаў.

– Валя спадабалася мне, як толькі ўбачыў, – заўважае Уладзімір Васільевіч. – Да гэтага ніводная з дзяўчат не выклікала такіх пачуццяў. Словамі не растумачыць.

За танцамі былі кіно і доўгая прагулка па марозным горадзе. Так пачаліся адносіны. Пасля першамайскай дэманстрацыі Уладзімір пасадзіў каханую на свой матацыкл, на якім скіраваліся да яе бацькоў у вёску Рудабісць на Браслаўшчыну, каб паведаміць пра намер стаць сям’ёй.

– Тады я так і не асмелілася сказаць бацькам, што мы хочам узяць шлюб, – успамінае Валянціна Антонаўна. – 9 мая Валодзя адзін паехаў. Хвалявалася, пакуль чакала. Вярнуўся і сказаў, што бацькі далі згоду.

Вяселле згулялі ў дзень 18-годдзя нявесты. У інтэрнаце маладой сям’і прадаставілі асобны пакой. Інстытут заканчвалі разам. Уладзіміру давялося браць акадэмічны водпуск, калі ўпаў з матацыкла і зламаў нагу.

На пятым курсе сталі бацькамі: нарадзілася дачушка.

– Ад заняткаў нас вызвалілі, толькі залікі і экзамены здавалі. Удзень ідзём у парк з каляскай, ежай і падручнікамі – і да вечара там, – расказвае Валянціна Антонаўна. – Не магу сказаць, што складана было. Гэта ж маладосць. Усё паспявалі.

Дом у будынку школы

Пра пачатак прафесійнай дзейнасці і абуладкаванне быту ў Міёрах, куды прыехалі па размеркаванні ў 1979 годзе, таксама расказваюць на пазітыве. Між тым жыллё спачатку давялося здымаць, праз паўгода атрымалі пакой у інтэрнаце, а пасля стаў домам будынак былой пачатковай школы, які раённы аддзел народнай асветы перавёз з сяла.

– Мы такія шчаслівыя былі, што жыллё атрымалі. Разам рамонт рабілі: фарбавалі, сцены аббівалі, шпалеры клеілі. Адчувалі сябе гаспадарамі, – гаворыць Валянціна Антонаўна. – А як радаваліся, калі пральная машына з’явілася. Бралі ў крэдыт, бо каштавала 80 рублёў. У мужа заробак быў 120.

Працаваць пачыналі ў СШ № 1. Уладзімір Васільевіч вёў урокі чарчэння, выяўленчага мастацтва, працоўнага навучання, Валянціна Антонаўна займалася з вучнямі-пачаткоўцамі. Калі пачала дзейнічаць СШ № 3, перайшлі туды. Ад школы для сям’і настаўнікаў узвялі дом. Надоўга там не затрымаліся: аднакласніца Ула- дзіміра прапанавала работу ў сельскай школе на Случчыне, дзе была дырэктарам. Пераехалі ў 1989-м, праз тры гады вярнуліся.

– Там усё задавальняла. Дом свой пабудавалі. Адзінае, чаго вельмі не хапала, – рэк і азёр. Я заўзяты рыбалоў, – заўважае Уладзімір Васільевіч.

«Усё дружна, весела»

Новым адрасам стала вёска Александрова ў Павяцкім сельсавеце. Пасяліліся ў старэнькай хаце, дзе жылі дзядуля і бабуля Валянціны Антонаўны. Побач за сродкі, выручаныя ад продажу дома на Случчыне, пачалі ўзводзіць жыллё.

– Работнікаў не наймалі, самі ўсё рабілі. Пакуль ішла будоўля, хатнімі клопатамі: уборкай, мыццём, прыгатаваннем ежы – займалася старэйшая 14-гадовая дачка, – заўважае маці.
– Ва ўзвядзенні дома былі задзейнічаны ўсе дзеці. Нават малодшы сямігадовы сын цэглу падносіў, – дадае бацька.

Таму, што толькі стараннай працай можна пабудаваць свой дабрабыт, бацькі-педагогі вучылі сваіх дзяцей з малых гадоў. Трох дачок і дваіх сыноў далучалі да клопатаў па гаспадарцы. Спраў хапала. На падворку тры каровы, свінні, птушкі, да 300 трусоў. Разам з бацькам хлопцы нарыхтоўвалі дровы ў лесе. Усе дзеці навучыліся лозапляценню. Гэтае рамяство Уладзімір Васільевіч асвоіў сам, і яно прыносіла прыбытак. Вырабы майстра: кошыкі, стулы, сталы і іншая мэбля, рэчы для дэкору – карысталіся попытам. У тым ліку ў гасцей «Славянскага базару ў Віцебску». Паступалі заказы з Літвы, Латвіі.

Да настаўніцкіх спраў Ула-дзімір Васільевіч ужо не вяртаўся. Валянціна Антонаўна ўладкавалася ў Павяцкую школу. Вяла беларускую мову, гісторыю, медыцынскую падрыхтоўку, абслугоўваючую працу. Пасля курсаў працавала псіхолагам.

– Той час успамінаем з цеплынёй, – гаворыць яна. – Не скажу, што цяжка было. Усё дружна, весела. Калі дзеткі растуць, гэта так цікава, так радасна.

Гаспадарчыя клопаты – пчолы і каты

Дарослыя дзеці ўдзячны бацькам за прывітую працаві- тасць. Усе атрымалі вышэйшую адукацыю, паспяховыя ў сваіх справах, у іх дружныя сем’і. Кожны дзень тэлефануюць, штораз нагадваюць тату з мамай берагчы сябе.

Цяпер асноўны гаспадарчы клопат – пчальнік. 30 гадоў Уладзімір Васільевіч займаецца пчолагадоўляй. Вучыўся па падручніках, шляхам эксперыментаў вывеў уласную тэхналогію догляду за пчоламі, якая гарантуе ўраджай мёду. Вопытам дзяліўся на сваім канале на YouTube, дзе цяпер каля 40 000 падпісчыкаў з розных краін.

– Займацца пчоламі марыў з дзяцінства. Сусед трымаў пчальнік. Неяк мёдам пачаставаў – так смачна! Тады я падумаў: хораша мець пчол. У нас дома не тое што мёду, масла сметанковага не было, – успамінае. – Родам я з Барысава. Калі не стала маці, нас з братам аформілі ў школу-інтэрнат у Нясвіжы. Гэтую ўстанову ўспамінаю з удзячнасцю.
Дапамагае мужу на пчальніку Валянціна Антонаўна. Раней прадукцыю вазілі на кірмашы, цяпер мёд рэалізоўваюць насельніцтву.

Акрамя пчол у гаспадарцы каты: сем дарослых і двое кацянят.

– Шкадуем іх. Дачнікі ўвосень пакінуць – яны да нас ідуць, – кажа гаспадар. – Рыбы хапае накарміць.

Рыбачыць Уладзімір Васільевіч адзін. Жонку гэты занятак не вабіць. Ёй даспадобы на кухні павазіцца. Захапленне кулінарыяй прадвызначыла шматдзетнае мацярынства.
– Гатавалі святочны стол на кожны дзень нараджэння. Калі дзеці заканчвалі школу, паступленне адзначалі. І цяпер яны гэта ўспамінаюць, – гаворыць гаспадыня.

Шмат падарункаў ад блізкіх атрымалі Лаўровы на залатое вяселле. Гучалі цёплыя віншаванні, шчырыя словы ўдзячнасці і радаснае: «Горка!»

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота з архіва рэдакцыі.
← Предыдущая

Радиостанции Беларуси теперь можно с комфортом слушать в любой точке мира

Назад к списку
Следующая →

Людзям патрэбна ўпэўненасць у год якасці

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]