12 Августа 2026

Зеленое великолепие Новопогостской школы

gazeta
  • 4942

 

Зялёнае хараство. Так двума словамі можна апісаць тэрыторыю Новапагосцкай СШ імя Г. Цітовіча. Калі падрабязней, то...

Агульны план і адметны дэкор

З агульнага плана тэрыторыя школы выглядае сакавітым зялёным астраўком. Мноствам бухматых купін рассыпаліся хосты, расцягнуліся кусты ядлоўцу, вабіць пышнай белай квеценню алея гартэнзій, раскашуюць высокія велічныя елкі.

Ідзеш за браму – карцінка з іншымі фарбамі і формамі. Злева дэкаратыўныя ліхтарыкі-палівачкі і высокая падстаўка-парасон, на якой размясціліся вазоны з петуніямі. Гэта падарунак школе ад выпускнікоў сёлетняга і мінулага гадоў. Дапаўняе кампазіцыю садовая фігура гнома.

– Гэта Грыша, з Валгаграда прыехаў, – знаёміць з насельнікам школьнага двара дырэктар установы Вольга Усціновіч. – Фігуру мне прывезла цётка для добраўпарадкавання падворка, а я вырашыла сюды прынесці. Чагосьці не хапала ў гэтай дэкаратыўнай зоне. Грыша тут вартаўнік.

Сімвалічны абярэг усёй школы – рыцар. Яго невялікая фігура ля замка, куды падымаецца каменная дарожка, з абодвух бакоў аздобленая хостамі. Такую ідэю ў афармленні ў свой час падала настаўніца гісторыі Наталля Самсановіч. Разам з вучнямі ўвасобілі яе ў жыццё. Сёлета Наталлі Віктараўны не стала, а светлая памяць пра яе застаецца ў тым ліку на школьным двары.

Сімвал працавітасці

Сярэднявечны замак – цэнтр вялікай клумбы. Вакол яго – пышнае кальцо хост. Адсюль ва ўсе бакі расцякаюцца дэкаратыўныя расліны.

– Участкі клумбы падзелены паміж класамі. Разам з класнымі кіраўнікамі дзеці іх даглядаюць. Вясной ускапваюць і высаджваюць кветкі. Дарэчы, расаду самі вырошчваем. Летам вучні сочаць за клумбай падчас практыкі, – заўважае дырэктар. – Цяперашні сярэднявечны замак – гэта былая альпійская горка. Выгляд школьнага двара пастаянна змяняецца. Працягваем традыцыі добраўпарадкавання, закладзеныя былым кіраўніком установы Людвігай Марат.

Адна з ідэйных натхняльніц у справе ландшафтнага дызайну – настаўніца біялогіі Марына Лапкоўская. У Год добраўпарадкавання з яе падачы з’явіўся «мурашыны гарадок». Некалькі фігурак мурашоў, кожны з які заняты сваёй справай, побач нібы наглядчык – бусел. За імі – драўляная трохузроўневая стойка з кветкамі.

– Гэтая кампазіцыя – сімвал працавітасці ўсяго нашага калектыву, – адзначае Марына Пятроўна. – Любыя задумкі па добраўпарадкаванні рэалізуем разам. Далучаем сваіх родных. Напрыклад, стойку для кветак змайстраваў муж настаўніцы-філолага Вольгі Чорнай.

«У аснове – рукі чалавека»

Што да жывога дэкору, робяць стаўку на класіку. Сальвіі, аксаміткі, вяргіні… Гэтыя краскі сустрэнеш практычна на кожным падворку. Некапрызныя ў доглядзе, яны радуюць яркімі колерамі і працяглым красаваннем. Дадаюць стракатасці і настрою пеларгоніі ў доўгім вазоне-«машынцы» паблізу школьных дзвярэй. На зіму пераедуць у класы і калідоры. Няхай нядоўга цвітуць півоні, між тым кожны год на свята апошняга званка ля пышных ружовых і белых кустоў – іх больш за дваццаць – ладзяць фотасесіі вучні.

Красуюць кветкі на школьным агародзе. Гэта свайго роду рэзерв для клумб. Штосьці не прыжылося – ёсць запас.

Уся прышкольная тэрыторыя займае больш за паўтара гектара. Знайшлося на ёй месца для яблыневага «Саду надзеі», які заклалі ў 2023 годзе і дзе ўжо спеюць плады. Міні хваёвы лес пасаджаны гадоў восем таму і дрэўцы набралі сілу.

– Тэрыторыя вялікая. Каб паўсюль панавалі парадак і прыгажосць, трэба прыкласці намаганні. У аснове – рукі чалавека. Адказным стаўленнем да справы вызначаюцца загадчык гаспадаркі Аляксандр Матылёнак, прыбіральшчык тэрыторыі Васіль Баравікоў, які трымае ў парадку ўвесь вялікі ўчастак. Увогуле працавітасць і згуртаванасць адрознівае наш калектыў, – заўважае дырэктар школы.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

← Предыдущая

Радиостанции Беларуси теперь можно с комфортом слушать в любой точке мира

Назад к списку
Следующая →

Людзям патрэбна ўпэўненасць у год якасці

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]