17 Февраля 2022

У заснежаных СНЕГАХ

gazeta
  • 538
У месцейку Снегі, што ў Новапагосцкім сельсавеце, упершыню давялося пабываць два з паловай гады таму цёплым летнім днём на свяце вёскі. Запомніліся ўзгорыстая мясцовасць, вузкая прасёлкавая дарога з алеяй высокіх старых дрэў, яркія фарбы кветак на падворках, шчырасць і дабрыня вяскоўцаў. Яшчэ тады з’явілася жаданне завітаць сюды зноў, каб бліжэй пазнаёміцца з маляўнічым куточкам.

У любую пару года Снегі прывабныя. І вясной, калі сонечныя промні раствараюць на возеры ле- дзяное покрыва і весела плёскаюцца аб бераг вызваленыя з палону хвалі. І летам, калі ў паветры змешваюцца водары кветак, траў, азёрнай прахалоды і хваёвай свежасці блізкага лесу. І восенню, калі кружыць загадкавыя карагоды лісце клёнаў і яркімі стракатымі дыванкамі засцілае дарогу.
Едзем у Снегі зімовыя. Засыпаныя снегам, ахутаныя белым спакоем і цішынёй.

Няспешнай хадой па ціхай вуліцы

– Чаму вёска так называецца? Снегу зімой шмат было? – цікаўлюся ў старэйшыны Ядвігі Андруковіч.
– Снегу раней паўсюль шмат было, – усміхаецца яна. – А наконт назвы не ведаю.
Затое ў вёсцы Ядвізе Вацлаваўне знаёмы кожны дом і кожная сцежка.
Няспешнай хадой ідзём вясковай вуліцай. Яна ў Снегах лічы што адзіная. Частка дамоў размешчана наводдаль ад дарогі на невысокіх пакатых узгорках. Ёсць і такія, што ледзь не ўпрытык да абочыны стаяць.
– У былыя часы дамы блізка ля дарогі ўзводзілі, каб на агароды заставалася больш зямлі. Тады яна каштоўнасцю была для селяніна, – заўважае наш экскурсавод. – Машыны не хадзілі, людзі на конях ездзілі, таму дарога праз вёску нешырокая.
Зімовай парой і цяпер праз Снегі машын няшмат праяз- джае. Аўтобус у вёску не ходзіць. Каб трапіць у райцэнтр ці яшчэ куды па справах, транспартнае пытанне шэсць мясцовых жыхароў вырашаюць самастойна. Перыядычна наведваецца тэхніка дарожнай службы пачысціць праезную частку ад снегу. З аўторка па суботу курсіруе паштовая машына. Два разы на тыдзень прывозіць тавары аўтамагазін.

З вясны да восені рух больш ажыўлены: вабяць адпачывальнікаў аграся- дзібы, якіх у Снегах тры, спяшаюцца ў сельскую цішыню дачнікі. 
– Сюды мінчане прыязджаюць. Гэты дом таксама сталічныя жыхары купілі. Пыталіся ў мяне, ці добрая сядзіба. Упэўніла, што не прагадаюць. А тут дача міярчан, – расказвае Ядвіга Вацлаваўна пра двары, якія мінаем падчас прагулкі.
Ля некаторых пакінутых да вясны дачных сядзіб заўважаем нацягнуты ў пралёце агароджы ланцуг з прымацаваным у цэнтры замком. Кампазіцыя не для аховы, а як знак, што гаспадароў няма. Каб у дом не забраліся няпрошаныя госці, таблічка на фасадзе папярэджвае пра відэаназіранне. 

На вуліцы ні душы. Па словах Ядвігі Вацлаваўны, зімой тут часцей сустрэнеш лясных жыхароў.
– Вось, глядзіце, тут козы хадзілі, – паказвае на россып маленькіх слядоў на снежным покрыве. – Забягаюць у вёску і лісы, і ваўкі. 
Зварочваем у напрамку да возера, якое большасць называе Укляй, а мясцовыя жыхары ўдакладняюць: Укля далей пачынаецца, за паласой сасновага боку, а гэта – Іступішча. Па мясцовай легендзе, назва пайшла ад слова «саступіць». Нібы гаспадыня гэтых земляў прайграла бераг у карты, але ёй яго саступілі.

За некалькі метраў ад берага фундамент панскай сядзібы канца ХІХ стагоддзя. Усё, што засталося ад прасторнай драўлянай двухпавярховай пабудовы, дзе ў гады маладосці Ядвігі Вацлаваўны ладзілі танцы пад акардэон. 
– Той музыка, што на танцах граў, цяпер у Браславе жыве. Да нас з Мурашак моладзь на лодцы прыплывала патанцаваць, – расказвае суразмоўніца. – Згарэў дом у 2013 годзе. На жаль, разам з гаспадаром. 
Ля возера надоўга не затрымліваемся. Не вельмі моцны, але даволі марозны вецер нібы іголачкамі паколвае ў твар, кусае праз рукавіцы рукі, чым замінае атрымліваць асалоду ад зімовага азёрнага пейзажу. Вяртаемся. 

З днём нараджэння, Аліна Пятроўна!

На зваротным шляху зазірнулі да Аліны Пятроўны Бірук. Жыцце- сцвярджальна выглядае яе яркі аранжавы дом на пагурку. Радасна сустракае гаспадыня і запрашае на гарбату з ласункамі. Аказваецца, у яе дзень нараджэння.
– 86 гадоў споўнілася, – гаворыць імянінніца. – Вось не думала, што буду сваё свята з журналістамі адзначаць.

Між тым карэспандэнты раёнкі з сяльчанкай гутарылі не раз. У архіве Аліны Пятроўны захоўваецца выразаны з газеты яе фотаздымак з подпісам, дзе адзначана руплівая праца даяркі фермы «Снегі» калгаса «Рассвет». Партрэт працавітай сяльчанкі можна было бачыць на Дошцы гонару гаспадаркі і раёна.

– Я першабытны калгаснік, – характарызуе сябе. – З 14 гадоў на зямлі працую. Да замужжа паляводам была. Як у Снегі пераехала – родам я з Браслаўскага раёна – даяркай стала. 16 гадоў кароў даіла. Затым малако ў насельніцтва збірала. 
Яшчэ адзін газетны артыкул пад загалоўкам «Радасць з далоняў» распавядае пра мужа – Пятра Міхайлавіча. Кулямётчык на вайне, мірнае жыццё ён прысвяціў кавальскай справе, якой навучыўся ў дзеда і бацькі. 55 гадоў пражылі разам Пётр Міхайлавіч і Аліна Пятроўна. Выхавалі дзвюх дачок, клапаціліся пра сямейны дабрабыт, годна працавалі ў калгасе. Восем гадоў, як гаспадыня адна засталася.

– Дочкі да сябе клічуць. Адна ў Міёрах, другая ў Наваполацку. Але я хачу ў сваім доме жыць, – кажа яна. – Сама сябе абслугоўваю. І дроў прынясу, і вады. Ногі баляць, далёка хадзіць не магу, а на сваім падворку спраўляюся. Паціху. Гэта ж не на працу спяшацца. Гаспадарка цяпер невялікая: каты, сабака, куры і трусы. Сена для апошніх летам дзеці нарыхтаваць дапамагаюць. 
У добрым настроі сустрэла Аліна Пятроўна чарговы дзень нараджэння. На лёс не скардзіцца, мінулае прыгадвае з цеплынёй. Слёзы на вачах з’явіліся толькі ад успамінаў пра вайну. Маленькай тады была, але на ўсё жыццё запомніла, як гарэлі ў ваколіцах дамы і крычалі людзі. Таму і цяпер жаданне ў сталай жанчыны адно: жыць у міры і спакоі. 

Хто ў вёсачцы жыве

Дамоў з пастаяннымі жыхарамі ў Снегах пяць. Прыехала ў вёску Вера Аляксееўна Кавалёнак. Сын пабудаваў ёй тут дом. Больш за дзесяць гадоў, як вярнулася з Рыгі ў родныя мясціны Зоя Камарова з мужам Міхаілам. Даглядалі пажылую маці Марыю Ягораўну Андруковіч. На свяце вёскі летам 2019-га яна ў свой 91 год па просьбах аднавяскоўцаў спявала прыпеўкі. Нядаўна самай старэйшай жыхаркі Снегаў не стала. 
Застаўся ў роднай вёсцы Павел Андруковіч, старэйшы сын Ядвігі Вацлаваўны. На заслужаным адпачынку займаецца рыбалкай і пчоламі. Малодшы Вячаслаў з нявесткай Яўгеніяй жывуць у суседняй Волкаўшчыне, да якой сем кіламетраў. Прыязджаюць да маці дапамагчы па справах. 

Мясцовым жыхаром можна лічыць гаспадара аграсядзібы «Снегі-парк» Дзмітрыя Падаляку. Ураджэнец Бабруйска, жыў у Мінску, працаваў у Пецярбургу, а ў выніку выбраў невялікія Снегі для душы і развіцця аграэкатурызму.
– Дапамагае Дзіма з добраўпарадкаваннем вёскі. Убачыў, што трэба агароджу на могілках паправіць, – сам дапамогу прапанаваў, фарбу купіў. На другіх могілках агароджу паставіў: сетку прывёз і цэлы дзень працаваў. Ці дапамагае яшчэ хто з гаспадароў аграсядзіб уладкоўваць месцейкі, у якіх агратурызм 
развіваюць? – задаецца пытаннем старэйшына.

Біяграфія старэйшыны

Грамадская работа – пастаянны складнік жыцця Ядвігі андруковіч. Ужо ў 1966 годзе была дэпутатам мясцовага савета. Ёй – актыўнай і адказнай – прапанавалі пасаду старэйшыны, калі такая з’явілася ў сферы грамадскага самакіравання.
Ядвіга Вацлаваўна мясцовая, родам з хутара Ражні, які ад Снегаў адгароджвае сцяна лесу. Пра дзяцінства нагадвае карціна з выявай бацькоўскага дома, што цяпер вісіць на сцяне. Нявестка Алена напісала яе з фотаздымка.
– У бацькоў маіх шасцёра дзяцей было: я і пяць сыноў. З сям’і я адна засталася, – расказвае суразмоўніца. – У школу хадзіла ў суседнюю вёску Сабалеўшчына за два кіламетры. Вучыцца няма па чым было. Настаўніца на вечар свой «Буквар» давала. Два класы там скончыла, а затым перайшла ў Пасюцішкі, што ў Браслаўскім раёне. Пасля чацвёртага класа бацькі ў школу пускаць не хацелі. Іх угаварылі работнікі сельсавета, якія аднойчы да нас па нейкіх справах прыйшлі. Маўляў, дзяўчынка здольная, трэба далей вучыцца. Тата драўляную скрыню збіў, якая мне ранцам служыла, хлопец суседскі кніжкі для пятага класа прынёс. Так я ў школу ў Волкаўшчыну пайшла. Сем класаў скончыла. 

Марыла Ядвіга стаць настаўніцай. Аднак паехаць вучыцца няма за што. Засталася дома з бацькамі. Пайшла працаваць у калгас. У 1958 годзе выйшла замуж у Снегі за мясцовага хлопца. Ювеналій Іванавіч працаваў механізатарам у гаспадарцы. Разам абуладкоўвалі дом, дзе з’явіліся на свет двое сыноў.
Напоўненае мноствам клопатаў жыццё ішло сваёй імклівай хадой, а Ядвігу Вацлаваўну ніяк не пакідала жаданне атрымаць прафесію. Толькі ўжо не пра настаўніцкую справу думала.

– Прачытала ў газеце, што ў Плешчаніцах вучаць на заатэхніка. Напісала туды пісьмо. Прыйшоў адказ, у якім паведамлялася, што можна паступаць у Бігосава, бліжэй да дому. Тое пісьмо захоўваю, – гаворыць суразмоўніца. – Вучылася завочна. Калі ездзіла на сесіі, малыя сыны пісьмы мне пісалі. У хуткім часе тэхнікум у Бігосаве зачынілі, давучвалася ў Лужасне.
Вялікі здымак выпускнікоў Лужаснянскага тэхнікума 1971 года таксама ў доме на сцяне. Насупраць – фота Ядвігі Вацлаваўны на кані. Гэта з тых часоў, калі была начальнікам участка ў паляводаў. Яшчэ 25 гадоў прысвяціла паштовай справе. Штодня з аддзялення ў Волкаўшчыне скіроўвалася ў доўгі шлях па ваколіцах. Снегі, Аўсянка, Пустошка, Рамелеўшчына, Навалака – пастаянныя пункты маршрута. Па ім дакрочыла да пенсіі. 

На адпачынку не сумуе. Чытае газеты і кнігі, якіх нямала ва ўласнай бібліятэцы. У іх ліку «Детство Алёси» Аляксандра Салніса – мужа стрыечнай сястры, які на аснове жончыных расповядаў напісаў мастацкі твор.
Даглядае пчол, гэтай справе ад таты навучылася. Яшчэ ў гаспадарцы кот і сабака Фанцік. Апошні спраўна нясе сваю вартавую службу і гучным брэхам сустракае гасцей. З мясцовымі дачнікамі сябруе. Яны падкупілі сабачы давер ласункамі, якія штораз прыносяць з сабой, калі прыходзяць да старэйшыны па якіхсьці пытаннях ці проста павітацца. 

Час ад часу перабірае Ядвіга Вацлаваўна свае архівы. Захоўвае граматы і ўзнагароды за сумленную працу. Стосік немалы. Шмат цікавага ўтрымліваюць раздрукоўкі гістарычных артыкулаў пра вёску Снегі, старыя фотаздымкі, альбомы. Нашу ўвагу прывабіў шырокі альбом, які склалі супрацоўнікі навукова-даслед- чага інстытута авіяцыйнай прамысловасці з Масквы. У 80-я гады ў Ражнях знаходзілася іх база адпачынку. Сярод запісаў, зробленых у 1985-м, чытаем: «Жнівень, трэцяя змена. Надвор’е. Сонца – 20 дзён, дажджы – чатыры дні. Адпачывальнікаў – 31 чалавек». Прыязджалі сюды сем’ямі. 
– Рос на беразе возера будучы журналіст Павел Рудакоў. Яго прозвішча часта чую па тэлевізары. Малым хлапчуком бавіў у нашых мясцінах час разам з бацькамі, – заўважае Ядвіга Вацлаваўна. – Дзейнічала база адпачынку да распаду Савецкага Саюза, затым належала Міністэрству аховы навакольнага асяроддзя, цяпер з’яўляецца прыватнай уласнасцю. 

***
Неўпрыкмет праляцелі тры гадзіны знаёмства з вёсачкай Снегі. Ціхай, невялікай, прывабнай і па-свойму цікавай. Мілымі карцінкамі ў памяці засталіся алея старых дрэў, распушаны рагоз на забалочаным участку ля дарогі, дзе раней сушылі сена, заснежаны азёрны далягляд… А яшчэ шчырасць і  дабрыня ў вачах простых сельскіх жанчын, звязаных душой з месцейкам, лепей за якое для іх не існуе. 

← Предыдущая

Летние лайфхаки: как упростить жизнь на кухне

Назад к списку
Следующая →

Рейд с ГАИ

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]