02 Августа 2023

Жывём ці толькі рыхтуемся? Гутарым з псіхолагам ТЦСАН Зінаідай РАВЕЦКАЙ

gazeta
  • 502

 Атрымаю дыплом, тады і надыдзе самастойнае жыццё. Выйду замуж – і стану шчаслівай. Падрастуць дзеці – пачну займацца сабой. Выплацім крэдыт – дазволім сабе адпачыць. Пра што гэта? Пра сіндром адкладзенага жыцця (САЖ). Пра светапогляд, калі чалавек не жыве, а толькі рыхтуецца жыць па-сапраўднаму, гутарым з псіхолагам ТЦСАН Зінаідай РАВЕЦКАЙ.

– Паняцце «сіндром адкладзенага жыцця» ўвёў у 1997 годзе расійскі доктар псіхалагічных навук Уладзімір Серкін. Гэта спецыфічны светапогляд, пры якім цяперашняе ўспрымаецца як прэлюдыя да светлай і насычанай будучыні, – заўважае Зінаіда Феафанаўна. – Паўнацэннае жыццё можна апі-

саць трыядай «хачу – магу – раблю». Пры сіндроме адкладзенага жыцця яна выглядае так: «хачу – магу – не дазваляю сабе». Чалавек не жыве, а толькі рыхтуецца жыць, дзень за днём перагортваючы каляндар у чаканні найлепшых часоў. Падобныя паводзіны могуць прывесці да праблем са здароўем, фінансамі, самарэалізацыяй. Жыць важна цяперашнім, а не будучым.

❓ Як дыягнаставаць у сябе сіндром адкладзенага жыцця.

– Вось некалькі прыкмет:

v  жывяце прадчуваннем падзеі: канца рабочага дня, пачатку водпуску, надыходу Новага года і так далей, а калі гэта наступае, пачынаеце чакаць іншага. І так па крузе;

v  увесь час чагосьці не хапае: новай рэчы, вольнага часу, свабодных грошай…

v  у маўленні часта гучаць сказы па схеме «калі (адбудзецца штосьці), тады і (стане лепш)»;

v  абясцэньваеце тое, што маеце сёння;

v  няма дакладных планаў і мэт. Ёсць незадаволенасць сітуацыяй, але адсутнічае жаданне яе змяніць;

v  параўноўваеце сваё жыццё з жыццём іншых людзей (сяброўка выглядае больш стройнай, сусед падарожнічае па свеце, у калегі цудоўныя дзеці і да т. п.);

v  пастаянна сумняваецеся ў правільнасці свайго выбару.

Знайшлі ў сябе чатыры ці больш прыкмет – час задумацца пра жыццёвую стратэгію.

 У кожнай з’явы ёсць свае прычыны. Адкуль растуць карані падобнага светапогляду.

– Па-першае з сям’і, дзе кіруюцца ўстаноўкамі глядзець наперад, не заўважаючы таго, што ёсць цяпер. Вялікі ўплыў аказвае соцыум з каштоўнасцю дасягальніцтва. Адыгрываюць сваю ролю псіхалагічныя фактары: нізкая самаацэнка, няўпэўненасць у сабе, унутраныя канфлікты. Яшчэ адна прычына – абставіны. З-за загружанасці на рабоце, праблем са здароўем, фінансавых цяжкасцяў не можам атрымаць жадаемае тут і цяпер і марым пра эфемернае шчасце наперадзе. Пры гэтым пачынаем абясцэньваць ці зусім не заўважаць тое добрае, чым напоўнены цяперашні момант.

❓ Ці магчыма самастойна навучыцца жыць тут і цяпер, бачыць цяперашні момант ва ўсёй яго разнастайнасці.

– З сіндромам адкладзенага жыцця дапамагаюць справіцца псіхолагі і псіхатэрапеўты. Ёсць і метады самадапамогі:

v  перш-наперш важна ўсвядоміць наяўнасць праблемы. Гэта ўжо 50 % поспеху. Няма нічога сарамлівага ў тым, што прызнаяце ў сябе САЖ. Трэба зразумець, што ён перашкаджае жыць уласным жыццём – паўнацэнным, свабодным, шчаслівым;

v  падумайце пра свае жаданні. Вучыцеся ставіць мэты і разбіваць іх на задачы;

v  дазвольце сабе памыляцца. Гэта ўласціва кожнаму. Да таго ж памылкі спрыяюць назапашванню вопыту, вучаць імправізаваць, аналізаваць сітуацыю і пралічваць крокі, развіваюць разумовыя здольнасці;

v  радуйцеся поспехам. Святкуйце кожную сваю перамогу, нават невялікую;

v  звяртайце ўвагу на ўсе прыемныя падзеі: сонечнае надвор’е, цікавага спадарожніка, пацешны дзіцячы малюнак, смачнае марожанае. Адзначайце дробязі, на якія раней не звярталі ўвагі;

v  плануйце свой дзень. Пры гэтым не трэба кусаць сябе за локці, калі штосьці не паспелі зрабіць;

v  вучыцеся новаму. Пашырайце сваю зону камфорту. Намаганні над сабой будуць узнагароджаны пачуццём самапавагі;

v  дазваляйце сабе прыемныя пакупкі. Грошы – вельмі моцная энергія, якая дзейнічае па прынцыпе: чым больш аддаём, тым больш атрымліваем. У людзей з сіндромам адкладзенага жыцця добра атрымліваецца назапашваць фінансы, а з расходамі ўзнікаюць праблемы. Між тым грошы служаць не толькі «падушкай бяспекі». Вучыцеся атрымліваць асалоду ад працэсу іх абмену на радасць.

У адрозненне ад фінансаў час – рэсурс, запас якога немагчыма папоўніць. Жывіце ў цяперашнім моманце. Ён – непаўторны.

Кацярына Рынкевіч.
← Предыдущая

Летние лайфхаки: как упростить жизнь на кухне

Назад к списку
Следующая →

Ствараюць камфорт і ўтульнасць жыллёва-камунальная служба Міёршчыны

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]