2010 год у Беларусі аб’яўлены Годам якасці. Праводзімыя мерапрыемствы ў розных сферах павінны паспрыяць павышэнню ўзроўню жыцця. Тут многа састаўных элементаў. Якасныя змяненні ў першую чаргу залежаць ад чалавека, яго здольнасці ўкараняць новыя тэхналогіі.
Некалькі слоў пра харчаванне. На сённяшні дзень з упэўненасцю можна гаварыць, што нашы магазіны, установы грамадскага харчавання, рынкі насычаны таварамі. Можна купіць любую прадукцыю. Справа за тым, каб у кашальках было дастаткова грошай. На жаль, пакуль рост цэн апярэджвае рост заробку і пенсій. Вымушаны абмяжоўваць сябе ў набыцці дарагіх прадуктаў харчавання, хаця ніхто не галадае. Хочацца спадзявацца, што ў бліжэйшы час сітуацыя зменіцца, і цэны будуць даганяць заробкі і пенсіі.
Павышэнне ўзроўню жыцця залежыць ад суб’ектаў гаспадарання, падрыхтаванасці кіраўнікоў і выканаўцаў. Нельга стаяць “жалезабетонна” на старых пазіцыях. Неабходна асвойваць новыя прыёмы працы, тэхналогіі. Гэта датычыць і медыцыны.
Нам абяцалі даць папярэднія вынікі перапісу насельніцтва ў лютым. Затрымліваюцца. Аднак і без гэтых звестак бачна, што да 30% насельніцтва Міёршчыны—пенсіянеры, а ў Дзісне—кожны трэці. І гэтым людзям часта патрэбна медыцынская дапамога. Персанал Дзісенскай бальніцы, ад санітарачкі да галоўурача, уважлівы да сваіх пацыентаў. Толькі не ўсё залежыць ад урачоў. У горадзе добрая паліклініка, на жаль, няма ўрача-акуліста. Кожны месяц па чацвяргах прыязджаюць спецыялісты з райцэнтра. Аднак за кароткі перыяд яны не могуць кваліфікавана абследаваць хворага, калі чарга да ўрача ў некалькі дзесяткаў чалавек. А многім трэба трапіць на прыём да некалькіх спецыялістаў. Разумею, што пры недахопе медыцынскіх работнікаў складана аказаць кваліфікаваную дапамогу ўсім жыхарам, але да гэтага трэба імкнуцца. Як-ніяк мы жывём ў XXI стагоддзі. Статыстыка за мінулы год сведчыць, што памерла 582 чалавекі. Зашмат для раёна, на тэрыторыі якога жыве прыкладна 25 тысяч насельніцтва. З памерлых 123 чалавекі (21,1%) у працаздольным узросце. Гэты факт наводзіць на сумны роздум.
Нас, пенсіянераў, трывожыць рост цэн на лекі.
Як кажуць, чалавек жыве не хлебам адзіным, яму патрэбна інфармацыя пра тое, што робіцца ў раёне, вобласці, краіне. Кожны можа выказаць свае адносіны да працэсаў і падзей, якія адбываюцца вакол нас. Але не заўсёды ёсць магчымасць атрымаць адпаведную інфармацыю. Раней у раённай газеце рэгулярна змяшчаліся статыстычныя звесткі, скажам, раён за паўгоддзе. Цяпер чамусьці не друкуюць.
Якасць жыцця чалавека ў многім залежыць ад навакольнага асяроддзя. Галоўнае багацце—водныя рэсурсы. Пітной вады ў свеце не хапае. Ёсць пэўныя праблемы з ёй у нашым гарадку. І гэтыя праблемы часцей за ўсё ствараем самі. Як старэйшына цэнтральнай часткі горада вымушаны быў выслухаць скаргу пенсіянера Аркадзя Іосіфавіча Драздова. Ён побач з домам выкапаў калодзеж. Вада ў ім была крыштальна чыстай. Некалькі гадоў таму побач з’явіўся новы сусед, які задаўся мэтай палепшыць умовы жыцця, зрабіць пэўныя зручнасці. Прыкладна ў 12-13 м ад калодзежа выкапаў памыйную яму для спуску вады з лазні і кухні. Паколькі яна не бетаніравалася, брудная вада пачала пранікаць у калодзеж да А. І. Драздова. У выніку ўжываць яе для прыгатавання страў стала немагчыма. Выпадак, канешне, прыватны, але не адзінкавы, калі мы не абдуманымі дзеяннямі пагаршаем якасць жыццёвых умоў і суседзям, і сабе. У лесе шмат ветравалу, адходаў на дзялянках. Забываемся, што лясы—лёгкія планеты. У той жа час задыхаемся ад загазаванасці. Дык хто ж забруджвае навакольнае асяроддзе? Яго вялікасць—чалавек.
Калі мы сёння гаворым пра паляпшэнне якасці жыцця, праблематыку не павінны зводзіць да нейкіх мерапрыемстваў. Неабходна выхоўваць культуру спажывання, разумныя і беражлівыя адносін да прыроды. Вось асноўны арыенцір для таго, каб зрабіць жыццё больш якасным.
Фадзей ШЫМУКОВІЧ.[right][/right]
- #жыцця
, - #чалавека
, - #залежыць
, - #ўзроўню
, - #насельніцтва
, - #новыя
, - #якасці
, - #павінны
, - #Аднак
, - #многім
, - #чалавек
, - #Драздова
, - #выкапаў
, - #побач
, - #харчавання
, - #Некалькі
, - #праблемы
, - #Кожны
, - #калодзеж
, - #Беларусі