28 Июня 2025

"Люблю все, чем я занимаюсь" - говорит Наталья Астукевич из Дисны

gazeta
  • 573

 У Дзісне Наталлю Астукевіч ведаюць як настаўніцу гісторыі і музыкі ў мясцовай школе, кіраўніка харэаграфічных аб’яднанняў у гарадскім цэнтры культуры, удзельніцу вакальнага калектыву «Спатканне». На сёлетнім свяце горада яе чакае ўзнагарода ад гарвыканкама ў намінацыі «Любімая справа».

Натхняе творчасць

Цікаўлюся ў Наталлі Астукевіч, што ёй бліжэй: школа ці сцэна.

– Люблю ўсё, чым займаюся, – заўважае суразмоўніца. – Мяне натхняе творчасць, а для яе ёсць месца і на школьным уроку, і, канешне, у танцах і музыцы. Творчасць надае жыццю імпульс і яркасць. Мая любімая справа – ствараць.

У Наталлі Іванаўны два дыпломы – музычнага кіраўніка і настаўніка гісторыі. Першы атрымала на музычным аддзяленні Полацкага педкаледжа, другі – завочна на гістарычным факультэце ВДУ імя

П. Машэрава. Абедзве прафесіі выбірала свядома, арыентуючыся на довады розуму і патрэбу душы.

– Я з сям’і педагогаў. Дзядуля гісторыю выкладаў, бабуля і маці – філолагі, тата вёў урокі фізкультуры, – расказвае яна. – Сама займалася ў музычнай школе і марыла вучыць музыцы дзяцей. Пасля – ужо знаходзячыся ў першым водпуску па доглядзе за дзіцём – вырашыла прадоўжыць адукацыю. Са школы добра ведала гісторыю, таму да ўступных экзаменаў не спатрэбілася дадатковая падрыхтоўка.

Радуе сям’я

У педкаледжы Наталля не толькі атрымала першую прафесію. Тут сустрэла асабістае шчасце. Іх з Аляксеем студэнцкае каханне прайшло праверку часам і жыццёвымі іспытамі, сцвердзілася ў сваёй трываласці і моцы.

– Мы ўвесь час разам: і дома, і на сцэне. І дзеці з намі, – адзначае суразмоўніца.

Сына Данііла, які ўжо студэнт, і дачку-школьніцу Машу тата – дырэктар Дзісненскага ГЦК – прывёў на сцэну яшчэ дашкольнікамі. Спявалі разам і сольна на мерапрыемствах у Дзісне, Міёрах, за межамі раёна.

У сям’і Астукевічаў цэняць сумесны адпачынак.

– Летам любім падарожнічаць па Беларусі. Вандруем не на сваёй машыне, а на цягніках, так цікавей, – расказвае Наталля. – Добрым надвор’ем выпраўляемся з палаткай на прыроду. Выязджаем у іншыя гарады на святы ці проста пасядзець у кафэ і пагуляць па вуліцах. Любім наведваць цырк і аквапарк у Мінску.

Такі адпачынак запамінаецца, яшчэ больш згуртоўвае сям’ю і надае асаблівую каштоўнасць разам пражытым момантам.

Як заўважае Наталля, бываючы на мерапрыемствах у іншых гарадах у якасці госці, яна штораз прыкмячае цікавыя для сябе творчыя ідэі, каб пасля рэалізаваць іх з уласнай інтэрпрэтацыяй.   

 Танцуюць усе

Месцы працы Наталлі Іванаўны – школа і цэнтр культуры – суседнічаюць. Ад аднаго да другога пара хвілін пешшу. Многія дзеці, справіўшыся з урокамі, спяшаюцца на танцавальныя гурткі. Вучні-пачаткоўцы наведваюць «Вясёлку», падлеткі займаюцца ў «Натхненні».

– На ўроках я патрабавальная, на гуртку пануе больш свабодная атмасфера. Быць строгай у мяне не атрымліваецца, аднак малодшых дзяцей прывучаю да дысцыпліны, без яе ў танцах не абысціся, – заўважае педагог.

Мінулай вясной з’явілася харэаграфічнае аб’яднанне для дарослых

«Лэдзі-дэнс». Цяпер у ім дзесяць удзельніц ва ўзросце ад 35 да 50+. Разам з імі танцуе Наталля.

– Я – адзінаццатая, – заўважае з усмешкай. – Думкі пра танцавальны гурток для дарослых былі даўно, аднак лічыла, наўрад ці атрымаецца. Год таму вярталіся з канцэрта і адна з салістак нашага «Спаткання» заўважыла, што хоча танцаваць. Як аказалася, такое жаданне было не толькі ў яе. Дэбютавалі на мінулагоднім свяце горада, пасля чаго ў аб’яднанні дадалося ўдзельніц. Развучваем розныя танцы. Класічныя, эстрадныя, лацінаамерыканскія. Танцуем тое, што падабаецца дзяўчатам. Заўважаюць, што заняткі і выступленні палепшылі іх фізічнае і псіхалагічнае самаадчуванне. Мяне гэта радуе і яшчэ больш натхняе.

Справа ў радасць – больш паспееш

Найбольш частае пытанне, якое задаюць Наталлі Астукевіч сябры і знаёмыя, – як усё паспявае. Знаходзіць час для сям’і, спраўляцца з хатнімі клопатамі, займацца настаўніцкімі справамі, рэалізоўваць творчыя ідэі…

– Калі спраў шмат, іх трэба распланаваць, і тады дзень становіцца напоўненым, цікавым, – дзеліцца сакрэтам суразмоўніца. – Адпачынак – змена дзейнасці. Люблю бавіць час за шыццём, якому навучылася праз інтэрнэт. Ужо немалая калекцыя касцюмаў для танцораў з «Вясёлкі» і «Натхнення», але усё роўна хочацца абнаўлення. Яшчэ любімы занятак – вязанне. Апошнім часам захапілася стварэннем сумак з поліэфірнага шнура. Свае рэчы дару блізкім і сябрам.

Па меркаванні Наталлі, паспееш больш, калі справа ў радасць, калі яна прыносіць задавальненне. Так у яе і атрымліваецца.

Кацярына Рынкевіч.
Фота з архіва рэдакцыі.

← Предыдущая

Летние лайфхаки: как упростить жизнь на кухне

Назад к списку
Следующая →

Призвание миорчанки Юлии Совейко - помогать людям

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]