26 Апреля 2023

Звяно паміж выдавецтвам і чытачом

gazeta
  • 658

 У фондзе раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі 137 317 экзэмпляраў кніг. І кожная з іх у свой час прайшла праз рукі супрацоўнікаў аддзела камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду цэнтральнай бібліятэкі. Гэта звяно паміж выдавецтвамі, адкуль паступаюць навінкі літаратуры, і чытачамі, што пасля возьмуць іх з бібліятэчных паліц.

«Біблія» для бібліятэкара

– Прыдзіце да нас, калі новыя паступленні літаратуры атрымаем. Бывае, стосы кніг ледзь не да столі высяцца. Праўда, нам тады не да размоў будзе, – усміхаецца бібліятэкар Тамара Цыркіна.

Пакуль на стэлажы ўздоўж сцяны кніг няшмат. Некалькі дзясяткаў. Гэта тыя, што яшчэ не забралі бібліятэкары раёна. Некалькі каробак з кнігамі на падлозе ды на стале стосікі. Гэта падарункі чытачоў. Іх таксама трэба зарэгістраваць.

Часцей за ўсё ў руках Тамары Анатольеўны тоўстая кніга з назвай «Бібліятэчна-бібліяграфічная класіфікацыя». Гэта свайго роду біблія супрацоўнікаў аддзела, да якой звяртаюцца кожны раз, перш чым паставіць на чарговай кнізе шыфр на першай, 17-й і апошняй старонках. Чытачу літары і лічбы шыфра ні пра што не скажуць, бібліятэкар «прачытае» па іх тэматычную і жанравую прыналежнасць кнігі, перыяд і геаграфію яе выдання і іншыя «пашпартныя дадзеныя», прастаўленыя ў адпаведнасці з класіфікацыяй.

«Дзіцячая псіхалогія», «Педагогіка сямейнага выхавання», «Сусветны фальклор»… Выбарачна гартаючы старонкі «Бібліятэчна-бібліяграфічнага класіфікатара», прабягаю вачыма па назвах раздзелаў, кожнаму з якіх адпавядае свая літара ў шыфры. Тэматычных раздзелаў мноства і, зразумела, «зашыфраваць» кнігу па памяці немагчыма. Так, Тамара Цыркіна працуе ў бібліятэцы з 1980-га года, працяглы час загадвала аддзелам, і без тоўстай рабочай «бібліі» не абыходзілася ні дня.

Крыху радзей звяртаецца да класіфікатара бібліятэкар Валянціна Зінкевіч. Яе асноўная задача – афармляць падпіску на перыядычныя выданні для ўсёй бібліятэчнай сеткі, куды ўключана 18 бібліятэк, з якіх 15 – сельскія. Паквартальна рыхтуе справа- здачы, у якіх дакладна трэба ўказваць колькасць газет і часопісаў, выпісаных на кожную бібліятэку. Разам з тым Валянціна Віктараўна дапамагае калегам з рэгістрацыяй кніжных навінак.

 Кніжная бухгалтэрыя

Год таму ўзначаліла аддзел Наталля Калеснік. Тут прайшлі яе першыя пяць працоўных гадоў пасля інстытута культуры. Наступныя 25 – у аддзеле абслугоўвання і інфармацыі. Чатыры гады таму вярнулася туды, адкуль пачынала. Удзячна сваёй папярэдніцы Тамары Анатольеўне за тое, што дапамагла зноў увайсці ў курс справы, дзе за столькі часу многае змянілася.

Загадчык аддзела арганізоўвае і адказвае за работу свайго невялікага калектыву, складае разнастайныя справаздачы, рыхтуе акты на спісанне літаратуры. Грунтоўны клопат – закупка новых кніг.

– Штогод нам выдзяляюць сродкі на закупку літаратуры і падпіску перыёдыкі. Суму размяркоўваем паквартальна, – расказвае суразмоўніца. – Вывучаем прапановы беларускіх выдавецтваў. Перш-наперш звяртаем увагу на дзяржаўныя «Звязда», «Адукацыя і выхаванне», «Беларуская навука», «Вышэйшая школа». Мастацкую літаратуру часта заказваем у прыватнага гомельскага выдавецтва «Кніжны сад». Што выбраць, раімся з супрацоўнікамі абанемента, якія лепш ведаюць густы нашых чытачоў. Сярод кніжных навінак абавязкова павінна быць сацыяльна значымая літаратура, да якой у тым ліку адносяць энцыклапедычныя і даведачныя выданні, кнігі для дзяцей, мастацкія творы.

Да прыкладу, у чарговым спісе сацыяльна значымай літаратуры, якую плануюць заказаць, значацца творы Наталлі Бучынскай, Уладзіміра Караткевіча, кнігі серыі «Гісторыя для школьнікаў», слоўнік «Вялікая і малая літары» і шмат іншых.

– У нечым наша справа падобная да бухгалтарскай. Складаючы спісы літаратуры для закупкі, трэба ўсё дакладна падлічыць, каб сума супадала з той, што запланавана на квартал. Гэта патрабуе ўважлівасці і цярплівасці. Памылкі дапускаць нельга, – заўважае Наталля Юр’еўна.

Не меншы клопат – афармленне навінак. Праставіць шыфры, унесці кнігі ў электронны і ўліковы картачны каталог, размеркаваць па бібліятэках. На словах гэта здаецца хутка і проста, на справе патрабуе нямала часу.

Выязджаюць супрацоўнікі аддзела ў філіялы, дзе таксама афармляюць акты спісання літаратуры, праводзяць інвентарызацыю, у тым ліку і тады, калі ў бібліятэцы змяняецца работнік. Зноў жа гэта справа затратная ў плане часу і энергіі.

***

За год праз аддзел камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду праходзіць 3,2-3,5 тысячы новых кніг. Іх чароўны водар напаўняе звычайны на выгляд кабінет і натхняе супрацоўнікаў, чыя справа зусім не прыкметная, аднак без яе кніга не трапіць на бібліятэчную паліцу, а з яе – у рукі чытача.

Кожная з бібліятэкараў, выбіраючы ў свой час прафесію ці то па волі выпадку, ці то па рэкамендацыі родных або сяброў, перш-наперш арыентавалася на любоў да кнігі, што толькі ўзрасла з гадамі. Разам з ёй вырасла любоў да сваёй работы.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

← Предыдущая

Летние лайфхаки: как упростить жизнь на кухне

Назад к списку
Следующая →

Любіць сябе і кожны свой дзень

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]