30 Декабря 2015

Своими руками создают настроение

gazeta
  • 464
Своими руками создают настроениеКалі на календары застаецца менш за 30 лісточкаў, наступае перыяд роздуму пра навагоднія падарункі і святочнае ўпрыгожанне інтэр'еру. Пытанне, чым парадаваць і здзівіць родных і сяброў, не дае спакою. Адны адпраўляюцца за падказкамі ў бяскрайнія прасторы інтэрнэту, а іншыя ўвасабляюць у рэальнасць уласныя ідэі з дапамогай энтузіязму, падручных матэрыялаў і ўмелых рук.
 
Педагогі Дзісенскага філіяла Цэнтра дзяцей і моладзі і іх выхаванцы ледзь паспяваюць за сваёй неўтаймаванай фантазіяй. Ідэі б’юць фантанам, творчасць запаланяе. І ў выніку атрымліваюцца цікавыя арыгінальныя вырабы, якія цешаць вока, радуюць душу, упрыгожваюць дом, а іх стваральнікі штогод становяцца пераможцамі раённых і нават абласных этапаў розных конкурсаў.
Своими руками создают настроениеНоткі навагодняга настрою сталі адчувацца ў філіяле яшчэ ў пачатку навучальнага года, калі закруціўся карагод традыцыйных творчых спаборніцтваў—"На добрую памяць", "Калядная зорка", "Зберажом зялёную елку", "Лёд. Кветкі. Фантазія". Ва ўсіх гэтых акцыях і конкурсах выхаванцы ўстановы дадатковай адукацыі штогод прымаюць удзел і не застаюцца без прызавых месц.

Да прыкладу, елка-хіпі, створаная дзесяцікласніцай Уладай Мальковай з джынсавай тканіны, трапіла на абласны этап конкурсу "Калядная зорка". Джынс—асноўны матэрыял, з якім працуе юная майстрыца. З яго зроблены і навагоднія шары для лясной прыгажуні. А вось асновай для малпы, што "пасялілася" на пальме ля ўвахода ў творчы кабінет педагога Таццяны Анатольеўны Кісель, паслужыла іншая тканіна. Ідэя стварыць сімвал Новага 2016-га года ў выхаванцаў узнікла, можна сказаць, спантанна, і за паўтара тыдня была рэалізавана.
Тое, што для большасці людзей—непатрэбныя рэчы і смецце, для гурткоўцаў ЦДМ—матэрыял для творчасці. Бутэлькі, лямпачкі, старыя часопісы, галінкі дрэў, зношанае адзенне, пластыкавыя каробачкі… Усяму гэтаму можна падарыць яркае другое жыццё, і работы гурткоўцаў—яскравы таму доказ.

Своими руками создают настроениеВось на стале кучка елачных цацак. Яны зроблены са звычайных перагарэлых лямпачак у тэхніцы дэкупаж: малюнак з папяровай сурвэткі перанесены на лямпачку. На навагоднім дрэўцы такія ўпрыгожанні будуць глядзецца сімпатычна. Побач у некалькі радоў выстаўлены дэкарыраваныя з дапамогай дэкупажу бутэлькі з зімовымі матывамі. Яны могуць служыць і вазай, і падсвечнікам, і выкарыстоўвацца па прамым прызначэнні: а чаму б не наліць туды кампот? 

У кабінеце, дзе гаспадарыць педагог дадатковай адукацыі Марына Іванаўна Расанец, адразу прываблівае позірк Дзядуля Мароз ў яркім чырвоным кажуху. Па памерах ён такі, як яго савецкі "калега", якога ставілі пад елку ў кожным доме. Толькі зроблены не з пластмасы, а з… цеста. На суседняй паліцы—снегавічок, тулавам для якога паслужылі паветраныя шары, абматаныя ніткамі. 
Творчая майстэрня Вольгі Вадзімаўны Сіцько таксама аздоблена з густам. Шафы ўпрыгожаны елкамі з прачытаных часопісаў, на вокнах—аб'ёмныя сняжынкі, выкананыя ў тэхніцы квілінг, уражвае звязаная кручком сняжынка ў вялікай рамцы. 

—Асвойваючы розныя напрамкі  творчасці, дзеці развіваюць свае таленты і вучацца быць беражлівымі,—заўважае загадчыца філіяла Вольга Аляксандраўна Смаршчок.—Нашы выхаванцы добра ведаюць, што такое праца ўласных рук і як радасна дарыць падарункі, зробленыя з любоўю і цеплынёй.

Гурткоўцы ўжо падрыхтавалі навагоднія сюрпрызы для сваіх родных і сяброў і цяпер чакаюць радаснага моманту, каб у чарговы раз прыпаднесці ім хві-лінкі асалоды і эстэтычнага задавальнення. А падчас зімовых канікул дзісенскі філіял Цэнтра дзяцей і моладзі запросіць на майстар-класы школьнікаў раёна, каб далучыць да цікавых спраў новых ахвотнікаў.
Кацярына РЫНКЕВІЧ. 
Фота аўтара.


← Предыдущая

Обмен военнопленными между Россией и Украиной провели на территории Беларуси

Назад к списку
Следующая →

Сказка ... под Новый год

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]