Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Часта чую фразу «нікому нічога не трэба». Не згодна з такім сцверджаннем. Пачынаць справу варта з сябе», – лічыць міярчанка Ванда КАПШУЛЬ.
Увечары па двары пяціпавярхоўкі № 24 па вуліцы Дзяржынскага ў Міёрах плыве лёгкі пах флоксаў. Чым ніжэй апускаецца сонца, тым мацней водар. Дадаюцца ў яго ноткі ружы, аксамітак, начной фіялкі і яшчэ 50 разнавіднасцей раслін. Гаспадыня клумб Ванда Капшуль штодня выходзіць падыхаць кветкавым паветрам.
У двор дома на Дзяржынскага, 24 зайшла па справах. На багатыя кветкамі клумбы нельга было не звярнуць увагу. Пяшчотныя светла-ружовыя пялёсткі касмеі, белыя суквецці флоксаў, аранжавыя і жоўтыя сонейкі аксамітак, чырвоныя агеньчыкі сальвіі… Мімаволі залюбавалася на кветкавае царства. Такой прыгажосці ў гарадскіх дварах яшчэ не бачыла. Цікава, хто тут гаспадарыць?
– Добры вечар! – пачулася з дальняй клумбы.
Ва ўсмешлівай жанчыне пазнала Ванду Іосіфаўну Капшуль, з якой не раз сустракаліся на пасяджэннях клуба «Бажэна».
Гэта яна клумбы даглядае. І цяпер палівала расліны, вырывала пустазелле, якое то тут, то там праціснулася паміж кветак.
– Усё ж цікавей, чым дома на канапе сядзець, – смяецца жанчына. – Я не адна займаюся кветкамі. На клумбе пад вокнамі першага пад’езда шчыруе Марына Пацеенак. Ёй дапамагае суседка Валянціна Сіняўская.
Спрабую ўявіць аб’ём работы, з якой спраўляецца Ванда Іосіфаўна. Вясной ускапвае клумбы, перасаджвае шматлетнікі, сее адналетнія кветкі. Летам палівае, падкармлівае, поліць. Увосень збірае насенне, а сцябліны ўтрамбоўвае ў кампосныя ямы. Кожны год імкнецца ўнесці ў жывы дэкор штосьці новае: яшчэ адну клумбу зрабіць, стварыць рознакаляровыя кветкавыя кампазіцыі.
– Паглядзіце, ружа расцвіла. Мінулай восенню падчас рамонту цеплатрасы яе трактар пашкодзіў. Але выжыла, – радуецца кветкавод-аматар. – А вось шалфей. Думала, прападзе. Ды не, прыжыўся. Прагадала толькі, калі ружовыя флоксы побач з эхінацэяй пасадзіла. Колер падобны. Неяк з унучкай лічылі: 56 разнавіднасцей раслін на клумбах.
Тут жа, на кветкавых астравах, растуць клубніцы, яблыні, алыча. Пладамі гаспадыня частуе суседзяў, знаёмых. Вось завітала сяброўка і былая калега Галіна Сяргееўна Гнілеўская. У сваім двары яна таксама кветкі вырошчвае. Увосень разам з Вандай Іосіфаўнай парадак на яе клумбах наводзіць. На просьбы дапамагчы адгукаецца сусед Вячаслаў Адзінец.
Прыемна жыхарам дома, што побач столькі красак. На акружанай кветкамі лавачцы часта фатаграфуюцца матулі з дзеткамі. Між тым энтузіям Ванды Капшуль разумеюць не ўсе. Хтосьці лічыць яе дзівачкай: навошта сама сабе столькі турбот дадае. Аднойчы нават скаргу ў водаканал напісалі, нібыта ваду для паліву кветак выкарыстоўвае без лічыльніка. На насмешкі і неабгрунтаваныя папрокі стараецца не звяртаць увагі. Настроіцца на пазітыў дапамагаюць кветкі.
– Хочацца, каб у двары, дзе жыву, было прыгожа, акуратна, эстэтычна. Не пагаджаюся, калі кажуць, што нікому нічога не трэба. Гэта не так. Проста пачынаць варта з сябе, – тлумачыць сваю пазіцыю гараджанка. – Люблю кветкі. Як я без іх, а яны без мяне?
Штодня Ванда Іосіфаўна на клумбах. Клопаты ў радасць. Напэўна, у гэтым сакрэт маладосці і аптымізму. Энергічная і бадзёрая, яна выглядае нашмат маладзей за свае 73 гады. Марыць арганізаваць суботнікі з жыхарамі дома і добраўпарадкаваць тэрыторыю паміж другім і трэцім пад’ездамі. Каб зрабіць двор яшчэ прыгажэйшым.
Фотаматэрыял аўтара.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.