08 Марта 2026

Путь миорчанки Нины Лагун: от воспитателя до руководителя детского сада

gazeta
  • 959

 З такім крэда міярчанка Ніна Лагун ідзе па жыцці, прымаючы яго часам нечаканыя павароты. Ніколі не бачыла сябе кіраўніком і пяты год загадвае дзіцячым садам № 2, паспяхова спалучаючы адказную работу з сямейнымі справамі і асабістымі хобі.

Кола задач і адказнасці

 – Быць загадчыцай – значыць адказваць за ўвесь калектыў, за дзяцей, якіх нам давяраюць бацькі, за бяспечныя ўмовы для выхаванцаў, – адзначае суразмоўніца. – Кола задач шырокае: ад налічэння заробку работнікам і складання графіка водпускаў да арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу ва ўстанове. Гэта пастаянныя стасункі, мноства работы з дакументацыяй. Зразумела, не абыходзіцца без спрэчных сітуацый. Важна канструктыўна іх вырашаць.

Дзіцячы сад № 2 Ніна Лагун узначаліла ў жніўні 2021 года. Тады ў калектыве быў 31 супрацоўнік, наведвалі ўстанову 97 выхаванцаў. Напружаным выдаўся 2022 год, калі ўзводзіўся будынак сада на 200 месцаў. У жніўні 2023-га ладзілі наваселле, чаму папярэднічала значная падрыхтоўка. Маладому кіраўніку спатрэбілася шмат энергіі, вытрымкі, дасведчанасці.

Калектыў установы павялічыўся ўдвая, цяпер тут 189 выхаванцаў. Абавязкі загадчыцы не ўключаюць частыя кантакты з малечай. Больш стасункаў з бацькамі, пастаянна – з калегамі. Прызнаецца, ёй не хапае позіркаў у дзіцячыя вочы, якія свецяцца радасцю і даверлівасцю. З задавальненнем прысутнічае на мерапрыемствах у групах, далучаючыся да сонечнага свету дзяцінства.

Бачыла сябе выхавацелем

– Зусім не думала, што давядзецца стаць кіраўніком, – заўважае суразмоўніца. – Заўсёды бачыла сябе выхавацелем.

Першы вопыт у гэтай справе Ніна атрымала дома. Старэйшая ў сям’і з чатырох дзяцей, яна пастаянна прыглядала за малодшымі. У 2007 годзе скончыла Полацкі педкаледж, з мужам Аляксеем прыехалі маладымі спецыялістамі ў Дзісненскую школу-інтэрнат. Завочна вучылася на факультэце сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі ВДУ імя П. Машэрава. Дыплом спецыяліста па сацыяльнай рабоце адкрываў дзверы ў школу, ТЦСАН, сацыяльна-педагагічны цэнтр. Аднак пасля водпуску па доглядзе дзіцяці Ніна вырашыла застацца ў любімай справе выхавацеля. На той час жылі ў Міёрах. Вакансій у гарадскіх садах не было, два з паловай гады працавала ў Чэрасах. У родны сад № 2, які наведвала дзіцём, уладкавалася ў 2015 годзе. Кіраўніцтва прыкмеціла арганізатарскія здольнасці актыўнай і адказнай супрацоўніцы, ёй часта давяралі ладзіць мерапрыемствы.

Новая пасада запатрабавала работы над сабой. Дапамагалі прыродныя актыўнасць і камунікабельнасць. Прыслухоўвалася да парад знаёмых, якія мелі вопыт кіраўніцтва. З уласнай практыкі Ніна Ігараўна пераканалася: самыя важныя навыкі для кіраўніка – планаванне часу і дэлегаванне задач. Працягвае гэтаму вучыцца. Як на працы, так і дома.

Перазагрузка – актыўны адпачынак

– Засяроджвацца толькі на рабоце нельга. Перазагрузка – абавязковая, – падкрэслівае суразмоўніца.

Ніна выбірае актыўны адпачынак. Зарад энергіі і выхад эмоцыям дае валейбол. З дачкой і сяброўкамі плавае ў басейне ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Штогод у камандзе аддзела па адукацыі на турзлёце. Сямейная традыцыя – збіраць грыбы ў лесе і журавіны на балоце. Зара- джаюць падарожжы. Мара Ніны – на ўласныя вочы пабачыць Венецыю. Пакуль адкрываюць для сябе Беларусь. Пабывалі ў Брэсцкай крэпасці, наведалі замкі ў Гальшанах, Навагрудку, Міры і Лідзе, адпачывалі ў палатках на Нарачы, пазнаёміліся з Гродна.

– Пакуль магчыма, вандруем разам, – гаворыць Ніна. – Хутка выпраўляць дзяцей у самастойнае жыццё. Сын Арцём сёлета школу заканчвае, дачка Саша – у наступным годзе. У іх выхаванні рабіла акцэнт на самастойнасці і адказнасці. З гэтымі якасцямі прасцей адаптавацца да новых умоў. Важна быць прыкладам для дзяцей. Калі штосьці ад іх патрабуеш, а сам гэта не выконваеш, выніку не будзе.

Поспех за камандай

 Кіраўніку важна весці за сабой калектыў. На ўрачыстасці з нагоды юбілею дзіцячага сада Ніна была на сцэне з калегамі. Разам спявалі, танцавалі. Напярэдадні разам рыхтавалі святочную праграму.

Як кіраўнік Ніна Ігараўна выступае за работу ў камандзе. На гэта нацэльвае моладзь, якая прыходзіць у калектыў. Кожны поспех установы – вынік агульных старанняў, заўважае загадчыца. Сёлета сад № 2 адзначылі ў ліку найлепшых у конкурсе навагодняй ілюмінацыі. На раённым этапе конкурсу прызналі найлепшым створаны ў садку міні-цэнтр па бяспецы. У ліку пераможцаў у конкурсе на вопытны эксперыментальны куток. Гэта асобныя прыклады паспяховай каманднай работы.

– Мне лёгка працаваць у камандзе. Так можна больш паспець, – падкрэслівае кіраўнік.

Падтрымка важная як на працы, так і па-за ёй. Ніна рада, што акрамя сям’і, у яе ёсць сябры, з якімі можна падзяліцца як радасцю, так і набалелым. Дапамагае пераадольваць цяжкасці вера ў Божую дапамогу. Пастаянным нязмушаным фонам гучаць у думках дзве любімыя фразы: што ні робіцца – усё да найлепшага; пад ляжачы камень вада не цячэ.

Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял аўтара і з асабістага архіва Ніны ЛАГУН.

← Предыдущая

В Миорском ТЦСОН прошла инфо-встреча «Беларусь против табака: здоровый маршрут»

Назад к списку
Следующая →

В Беларуси ограничат "минус" на балансе мобильного телефона

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]