01 Декабря 2021

Стоять на месте в медицине это не интересно

gazeta
  • 729

З маленства бацькі выхоўвалі блізнят Ірыну і Святлану ПАЛЬЧЭХ як самадастатковых асоб. У школе ім падабаліся розныя дысцыпліны, бавілі час у розных кампаніях, прадаўжаць адукацыю планавалі ў розных навучальных установах. У выніку абедзве выбралі Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Вучыліся ў адной групе, разам праходзілі інтэрнатуру, сёлета атрымалі размеркаванне ў Міёрскую ЦРБ – працуюць урачамі агульнай практыкі.

 

Сёстры старанна вучыліся ў школе. Абедзве любілі літаратуру, ім лёгка давалася хімія, падабалася фізкультура. Перамагалі ў раённых алімпіядах па геаграфіі, займалі прызавыя месцы ў кросах і спаборніцтвах. Сваю будучыню планавалі будаваць па-рознаму. Баявітая Святлана бачыла сябе журналістам. Спакойная Ірына марыла стаць археолагам.
Дзяўчаты часта паасобку бавілі час, нават у розных кампаніях. Паступаць думалі ў розныя ўніверсітэты. Настаў час дакладна вызначыцца з будучай прафесіяй – абедзве напісалі ВДМУ. Пасмяяліся, але не здзівіліся.

 
– Праявілася сувязь блізнят. Гэта не растлумачыш – трэба адчуваць, – заўважае Ірына. – Мне з дзяцінства падабалася, як бацька мазаў нам ёдам калені, даставаў стрэмкі. Рухавыя былі і часта траўмаваліся. Хацела паходзіць на тату. Аднак да старэйшых класаў усур’ёз не разглядала прафесію ўрача.
Гледзячы на блізнят, імкнуся запомніць, хто з іх хто. Пытаюся:
– Не блытаюць вас?
– Мы цяпер у кавідным аддзяленні працуем: з галавы да ног у ахоўным касцюме, ды яшчэ ў масках. Там усіх блытаюць, – усміхаюцца дзяўчаты. – У школе нас амаль не адрознівалі, а ва ўніверсітэце наадварот, некаторыя нават здзіўляліся, што мы сёстры.
І ўсё ж на экзамен блізнят запрашалі разам, каб адна за адну не здавалі. Але яны нават не спрабавалі падманваць, абедзве добра вучыліся.
Святлане больш падабалася хірургія, Ірына марыла пра педыятрыю. Мэтавае накіраванне не пакінула магчымасці выбару: пасля пятага курса студэнтак перавялі на спецыяльнасць «Урач агульнай практыкі».

 
З сакавіка мінулага года група займалася дыстанцыйна. Была магчымасць уладкавацца медсёстрамі ў кавідныя аддзяленні. Бацькі падтрымалі. Якраз у абласной бальніцы адчынілі дадатковае аддзяленне.
– Заняткі праходзілі анлайн, толькі семінары наведвалі. На рабоце было цяжка фізічна: змена як мінімум дванаццаць гадзін. У гэты час не елі, не пілі, бо зняць касцюм не так проста, – узгадваюць нядаўнія студэнткі. – Але гэта быў класны перыяд для набыцця вопыту.
Інтэрнатуру сёстры таксама праходзілі ў Віцебску – у другой гарадской паліклініцы. За гэты час значна выраслі ў прафесійным плане. Адчувалі, што ўвесь калектыў – зладжаная каманда. Працавалі з аднагрупнікамі, з якімі вучыліся пяць гадоў. Дапамагалі
адзін аднаму. І сёння падтрымліваюць урачы, у якіх праходзілі інтэрнатуру.

 
У прафесіі не расчараваліся, падабаюцца зносіны з пацыентамі, а вось сістэма, на іх погляд, састарэ-ла. У Віцебску вялі электронныя дзённікі і адсочвалі гісторыі хвароб пацыентаў па базе, выпісвалі электронныя рэцэпты. На Міёршчыне гэтымі праграмамі не карыстаюцца.
– Да таго ж часта людзі імкнуцца трапіць да ўрача па-за чаргі. Тлумачым, што толькі экстранныя пацыенты ідуць тэрмінова, – заўважаюць урачы. – Добра было б, каб усе знаходзіліся ў роўных умовах.

 
Летась Міёрская ЦРБ папоўнілася вялікай групай маладых спецыялістаў. Кантактуюць паміж сабой, за парадай звяртаюцца да настаўніка Міраславы Кунцэвіч і загадчыка паліклінікі Анжэлікі Сухоўскай. Дапамагае і сярэдні медперсанал. У прыклад – медсястра Ірына Кулеш, з якой працуе Ірына Пальчэх. Ветлівая і добразычлівая, умее супакоіць.

 
– Ад яе навучылася весці дыялог з людзьмі. Я рада, што яна мая медсястра, – разважае маладая доктар.
Два месяцы таму блізнят накіравалі ў аддзяленне з кавіднымі пацыентамі. Афіцыйна рабочы дзень заканчваецца ў 15.30, але часта вярталіся добра калі ў 19.00. Што-дзень вядуць прыём у паліклініцы, адну суботу ў месяц дзяжураць там і тры разы – у бальніцы.
Пераключыцца пасля працоўнага дня дапамагаюць фізічныя практыкаванні. Ва ўніверсітэце займаліся лёгкай атлетыкай, цяпер у фаварытах бег, у планах – басейн. Выхадныя ў сясцёр супадаюць нячаста. Праводзяць іх з сям’ёй. Тата Сяргей Фрыдрыхавіч працуе майстрам на мясакамбінаце, маці Галіна Эдуардаўна – настаўніца пачатковых класаў у СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі. Сястра Юля прыязджае са сталіцы, дзе занята ў банкаўскай сферы, малодшая Паліна вучыцца ў восьмым класе. Часта наведваюць сяброў у Мінску і Віцебску.

 
У кампаніі аддаюць перавагу беларускай мове. Маўляў, колькі можна па-руску гаварыць, мы ж беларусы?! З пацыентамі размаўляюць на іх мове.
Шмат часу дзяўчаты прысвячаюць самаразвіццю. Займаюцца англійскай мовай. Пачыналі вучыцца ў школе ў Віцебску, калі ўсе раз’ехаліся, выкладчык прапанаваў прадоўжыць заняткі анлайн.

 
– Універсітэт дае дастаткова ведаў для самастойнай работы, аднак медыцына не ста- іць на месцы. Хочацца развівацца, – заўважаюць суразмоўцы. – За год усяго кніг па пяць мастацкіх прачытваем, астатнія – па профілі. Усё новае – дасягненні і адкрыцці – перш-наперш з’яўляецца ў англамоўных крыніцах. Анлайн-перакладчыкі аблягчаюць разуменне, але хаця б базавыя веды патрэбны. У Інстаграме мы падпісаны на ўрачоў-блогераў, там таксама ўсё пераважна на англійскай. Хацелася б паўдзельнічаць у міжнароднай канферэнцыі, а ў самых смелых планах – павучыцца за мяжой.

 
Нягледзячы на цяжкасці, маладыя ўрачы кожны новы дзень сустракаюць з усмешкай. І сваіх пацыентаў настройваюць на пазітыўны лад. Гэта адна з абавязковых умоў для выздараўлення.

 

Алена ВАРОНІНА

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА

← Предыдущая

Врач-эпидемиолог Миорского РЦГЭ поделилась подробностями кампании по вакцинации

Назад к списку
Следующая →

Идея от Виталия

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]