Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Яшчэ два гады таму міярчанка Алена КАЗАЧОНАК важыла 145 кілаграмаў. Прайсці некалькі дзясяткаў метраў для яе было задачай не з простых, не кажучы пра велапрагулкі. Цяпер з радасцю глядзіць на лічбу 66, якую паказваюць вагі, з задавальненнем ходзіць пешшу, а ў цёплую пару круціць кіламетры на веласіпедзе.
Датай, якая ў добрым сэнсе падзяліла жыццё на «да» і «пасля», для Алены Казачонак стала 5 студзеня 2022 года. З гэтага дня пачалася яе гісторыя стройнасці. Пралогам стала знаёмства ў сацсетцы з дыетолагам, нутрыцыёлагам, псіхолагам з Казахстана.
– Яна сама мне напісала і прапанавала свае паслугі. Распрацоўка меню і псіхалагічная падтрымка праз відэасувязь каштавалі 300 рублёў. Аплата ў два этапы. Сума для мяне немалая, але вырашыла паспрабаваць, – расказвае Алена Фёдараўна. – Мая вага мяне засмучала. Сама сябе саромелася. Рух суправаджала задышка, балелі ногі, спіна. Хадзіць пешшу было праблемай.
Праз два дні пасля аплаты дыетолаг даслала Алене распарацаваную для яе праграму харчавання. Напярэдадні пацікавілася наяўнасцю хранічных захворванняў. Такіх у жанчыны не было, толькі цукар «скакаў» з-за лішняй вагі.
У новым меню акцэнт ставіўся на дэфіцыт калорый і баланс бялкоў, тлушчоў і вугляводаў. У аснове рацыёну – курыца, морапрадукты, рыба, макароны з цвёрдых гатункаў пшаніцы, цэльназерневыя крупы, гародніна, фрукты, малочныя прадукты нізкай тлустасці. Стравы можна вараныя, тушаныя ці запечаныя. На смажаную ежу, хлебабулачныя вырабы і салодкае – табу. Графік харчавання: тры асноўныя прыёмы ежы і два перакусы. Агульная колькасць спажытых за дзень калорый – 1 700.
– І цяпер падлічваю грамы і калорыі. Колькасць апошніх ужо можна да 2 000 давесці, аднак мне столькі не трэба, – заўважае суразмоўніца. – У меню з’явіліся блінчыкі. Толькі гатую іх не з пшанічнай, а з рысавай, аўсянай, грэчневай ці ільняной мукі. Хлеб сама выпякаю. Простыя вугляводы ўвогуле не ўжываю. Амаль два гады, як цукеркі не ем. Зефір купляю без цукру.
Менавіта ад салодкага, якое вельмі любіла, Алене складаней за ўсё было адмовіцца. Да таго ж працягвала гатаваць торты і іншыя ласункі для сваіх родных. Адна справа, калі ў халадзільніку толькі ПХ-прадукты, а ўсё астатняе – вон з вачэй. Зусім іншая, калі «забароненая» смаката на віду. Са слоў суразмоўніцы, зрываў не здаралася, сытна паесці таго, што нельга, сабе не дазваляла.
– Па-першае, харчуючыся па-новаму, я ніколі не была галоднай. Часам нават усю порцыю не з’ядала. Па-другое, жадала стаць стройнай. І гэтая матывацыя была мацней за спакусу пачаставацца цукеркай, – гаворыць яна. – Хоць першыя тры месяцы было вельмі цяжка. Настрой на нулі, раздражняльнасць. Нават размаўляць ні з кім не хацелася. Падтрымлівала дыетолаг. Заўважала, што напачатку ўсім складана. Арганізму патрэбны час на адаптацыю. Затым усё прыйдзе ў норму і новае меню стане самым смачным. Так і атрымалася.
Пастаянна ў меню гароднінаНа сняданак Алена часта гатуе сырнікі з дабаўленнем рысавай, кукурузнай ці цэльназерневай мукі. На вячэру любіць рыбу. Штодня ўжывае вараныя яйкі, пастаянна на талерцы салаты з гародніны, запраўленыя аліўкавым алеем. Менавіта з іх пачынае прыём ежы – так хутчэй прыходзіць насычэнне. Раз на тыдзень варыць макароны з цвёрдых сартоў пшаніцы.
– Да прыкладу, мой абед можа быць такім: 100 г макаронаў, 120 г курыцы, 150 – 170 г салаты. У першай палове дня можна 25 – 30 грамаў сала. Калі ў меню фрукты, то іх трэба з’есці да 16.00. Вячэраю звычайна ў 19.00, за тры гадзіны да сну, – дзеліцца сваімі сакрэтамі стройнасці. – Дарэчы, сон таксама мае важнае значэнне для тых, хто хоча пазбавіцца ад лішніх кілаграмаў. Дыетолаг раіла класціся спаць да 22.00. Яшчэ трэба трымацца піццявога рэжыму. Раніцу пачынаю са шклянкі цёплай вады, праз паўгадзіны можна снедаць. Піць ваду трэба за 15 – 20 хвілін перад кожным прыёмам ежы. Раней такой звычкі не мела.
Не было ў Алены і рэжыму харчавання. Прыгадвае, пасля сняданку праз паўгадзіны магла падысці да халадзільніка і зноў чымсьці падсілкавацца. Цяпер наступны прыём ежы праз тры – тры з паловай га- дзіны пасля папярэдняга. Ды часцей і не хочацца.
– Важу 66 кілаграмаў і цудоўна сябе адчуваю. Магу ўсе Міёры абысці, і ногі балець не будуць. Цёплай парой выпраўляюся на велапрагулкі. Больш скідваць вагу не планую, задача – утрымліваць яе на дасягнутым узроўні. Рада такому выніку, – гаворыць Алена Фёдараўна і прызнаецца: – А сумненні былі. Першыя тры месяцы, калі перайшла на правільнае харчаванне, вадкасць з арганізма выходзіла, а вага стаяла на месцы. Тады падумала, што дарэмна грошы заплаціла, наўрад ці што атрымаецца. Пасля кожны месяц стала скідваць па тры кілаграмы. Калі вага дайшла да 120-ці, зразумела, што трэба рухацца далей.
Сбалансаваны рацыён суправаджалі ўмераныя фізічныя нагрузкі. Напачатку – 10 тысяч крокаў у дзень, лёгкія рухі пад музыку. Калі вага дасягнула 100 кг, дадаліся практыкаванні для рук, прысяданні па 20 разоў за тры падыходы.
Цяпер фізічная актыўнасць для Алены ў радасць. Лёгка спраўляецца з абавязкамі сястры-гаспадыні ў тэрапеўтычным аддзяленні ЦРБ, з задавальненнем прагульваецца пешшу з працы дадому на другі канец горада. Носіць адзенне 48 памеру і захоўвае ў шафе дзве кофтачкі з былога жыцця, да якога не намерана вяртацца.
Пра ўласны вопыт стройнасці Алена Казачонак расказвала на сваіх акаунтах у сацсетках. Атрымлівала мноства паведамленняў ад сяброў і незнаёмых людзей. Многія здзіўляліся яе мэтанакіраванасці, радаваліся поспехам. Іх каментарыі падбадзёрвалі. Некаторыя кпілі, маўляў, пройдзе час, і ўсе кілаграмы вернуцца. Падобным заўвагам не надавала значэння.
– Лішняя вага ў мяне з дзяцінства. Не раз рабіла спробы пастрайнець. І вось чарговая аказалася ўдалай. Пашчасціла сустрэць граматнага спецыяліста, з чыёй дапамогай пазбавілася ад лішніх кілаграмаў, – гаво- рыць Алена. – Цяпер жыву зусім іншым жыццём. Сфарміраваліся ўсвядомленыя адносіны да харчавання, увогуле змянілася светаўспрыманне. І з’явілася лёгкасць. Ва ўсім.
РЭЦЭПТЫ ПХ-СТРАЎ АД АЛЕНЫ КАЗАЧОНАК
Запяканка з курыцай і гароднінай
400 г філе курыцы;
300 г белакачаннай капусты;
1 морква;
1 цыбуліна;
1 перац;
150 г шампіньёнаў.
Для заліўкі
2 ст. л. 10 %-й смятаны;
2 яйкі;
100 г сыру.
Курыцу нарэзаць кавалачкамі, капусту нашаткаваць, моркву нацерці на буйной тарцы, цыбулю парэзаць паўкольцамі, перац – палоскамі, шампіньёны – напалам.
Першым слоем у форму выкладаем курыцу. Далей – гародніну, зверху – шампіньёны. Крыху падсаліць, паліць заліўкай. Запякаць у духоўцы каля 30 хвілін.Дамашні маянэз
2 вараныя жаўткі;
150 г 2%-га грэчаскага ёгурта;
1 ч. л. соку лімона;
1 ч. л. гарчыцы.
Усе інгрэдыенты перамяшаць з дапамогай міксера ці відэльца.Лянівыя хачапуры
100 г тварагу;
100 г малака;
1 яйка;
40 г рысавай мукі;
100 г сыру.
Перамяшаць усе складнікі. Пакласці на змазаную алеем патэльню. Гатаваць сем хвілін з аднаго боку, сем – з другога.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял аўтара і з архіва Алены КАЗАЧОНАК.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.