05 Января 2020

Если работу спланировать, то все успеешь. С такой установкой идет на работу социальный работник Марина Шульга

gazeta
  • 373

 Больш за 15 гадоў Марына Мікалаеўна дапамагае пажылым людзям весці хатнія справы, клапоціцца пра іх бытавы і псіхалагічны камфорт. Любіць сваю работу за велапрагулкі, цікавыя зносіны, магчымасць штодня быць побач з мудрасцю.

Сустрэцца з Марынай Шульга дамовіліся ў вёсцы Мікалаёва. Тут пражываюць двое яе падапечных. Сацыяльнага работніка лёгка пазнаць па яркім жоўтым веласіпедзе.


– Два гады як атрымала такі службовы транспарт. Зручны і хуткі, – гаворыць Марына Мікалаеўна. – Ёсць вадзіцельскія правы, муж раіць машыну купіць, а мяне цалкам задавальняе веласіпед. Люблю актыўны рух. Па дарозе фатаграфую пейзажы. Навокал так прыгожа!


У пацвярджэнне паказвае здымкі ў тэлефоне. Вось уздоўж вузкай дарогі сцелецца шчыльны дыван травы, а над ім сакавітая зеляніна высокіх дрэў, вось разгалісты клён у яркай асенняй пазалоце на фоне блакітнага неба, а вось дзяцел прымасціўся на ствале.
На дварэ снежаньскі дзень без снегу, з шэрым небам і халодным ветрам. Марына Мікалаеўна на надвор’е ўвагі не звяртае. Халадоў не баіцца, дождж любіць, спякоту камфортна пераносіць. Вясковае дзяцінства – добрая загартоўка. Ды і ў родных мясцінах працаваць лягчэй. Некалькі разоў на тыдзень бывае на малой радзіме – у вёсцы Дзянісава яе чакаюць двое падапечных. Пасля едзе ў суседнія Бяляны і Навінцы.


Прынесці дроў і вады, у печах выцепліць, абед зварыць, парадак навесці, прадукты і лекі купіць, камунальныя паслугі аплаціць. Свае абавязкі сацыяльны работнік ведае дасканала, за работу бярэцца з ахвотай.
– Хочацца радаваць сваіх падапечных, – заўважае субяседніца. – Прыемна, што яны чакаюць, добра да мяне адносяцца. Хто ўнучкай называе, хто дачкой. Мудрасці ў іх вучуся. Часта раяць, каб не спяшалася, бо жыццё і так хуткаплыннае.


Справіўшыся на рабоце, Марына вяртаецца дадому ў Баслакі. 17 гадоў як купілі ў невялікай вёсачцы дом, абзавяліся гаспадаркай, агародамі, кветнікамі. Ва ўсіх хатніх клопатах дапамагае муж Аляксандр. Ён працуе настаўнікам фізкультуры ў Сіцькоўскай школе. У наступным годзе адзначаць сярэбранае вяселле.


Часта прыязджаюць дочкі. Старэйшая Кацярына па размеркаванні трапіла ў Міёры. Працуе праграмістам у тэрытарыяльным цэнтры. Малодшая Алена – лабарант на наваполацкім «Нафтане». У бацькоўскім доме іх заўжды чакаюць цяпло, клопат і пачастункі, прыгатаваныя мамай з дамашніх прадуктаў.
– Па праўдзе кажучы, з купленага ў магазіне я гатаваць не ўмею, – усміхаецца субяседніца. – У нас усё са свайго падворка: і мяса, і малако, і яйкі, і гародніна.


Акрамя службовых і хатніх клопатаў займаецца Марына Шульга грамадскай работай. Другі год як стала старэйшынай Баслакоў і суседніх Барсукоў. У мінулым годзе яе старанні адзначылі ў раённым конкурсе па добраўпарадкаванні, падарунак уручалі на экафестывалі «Журалі і журавіны Міёрскага краю». Кажа, абавязкі старэйшыны не ў цяжар. Аднавяскоўцы ведаюць не тое што адзін аднаго, а нават курэй на падворках кожнага. З сяльчанамі проста знайсці агульную мову і паразуменне.


Падчас гутаркі з Марынай Мікалаеўнай не раз прагучала слова «люблю». У адносінах да падапечных, да сваёй сям'і, да кветак на падворку, да гістарычных раманаў у вольны час, да музыкі, з якой весялей ідуць штодзённыя хатнія клопаты, да вясковай цішы, якая дорыць душэўны спакой.


– Люблю жыццё, – кажа яна. – Зайздросціць не ўмею. Радуюся, калі ў людзей усё добра.
Напэўна, гэтыя якасці для сацыяльнага работніка самыя важныя.

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

← Предыдущая

Лучшие санитарные дружины Миорщины

Назад к списку
Следующая →

Благодарны социальным работникам жители Миорщины

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]