Надта яго ўзнерваваў матэрыял у №59 раёнкі пад загалоўкам "Кіпіць работа з аптымізмам" пра пачатак канкрэтных спраў на будаўнічай пляцоўцы будучага завода, тады яго называлі металургічным. Аўтар адразу стаў у рады "смелых, адказных і свядомых чытачоў, якія актыўна ўключацца ў канструктыўны дыялог па надта важных і значымых пытаннях для жыхароў нашага горада".
Спачатку ён толькі акрэсліў, але не ўзнімаў праблемы адводу ўчастка пад будаўніцтва, асабліва на меліяраваных землях. Але дарогу па краю збожжавага поля, што праклала тэхніка, ужо заўважыў. Пабачыў, што на асобных участках нават калоссе ў гразь утаптана.
Паказаў сябе гаспадарлівым!
І рэгіянальныя, нават дзяржаўныя эканамічныя праблемы разумее: так, будаўніцтва завода актуальнае, плюс дзяржаўная праграма імпартазамяшчэння, працаўладкванне насельніцтва малых гарадоў… Але…
Вось гэтае славутае але дазваляе адхінуць ў бок усе рэгіянальныя і дзяржаўныя станоўчыя вартасці і сканцэнтравацца на адным, магчыма, адмоўным,—экалогіі: вытворчасць белай бляхі шкодная, патрабуе шмат энергіі, вады і "небяскрыўдных" хімічных злучэнняў. А гэта…
Вось гэтая прыамбула дазволіла ананімнаму аўтару сфармуляваць спачатку чатыры пытанні пакуль да раённай газеты па экспертызе праектных і тэхналагічных рашэнняў, уліку "розы вятроў", утылізацыі хімічна актыўных рэагентаў і наконт выкарыстання, прабачце за таўталогію, выкарыстанай вады.
Праўда, высакароднай постаці праўдашукальніка, рыцара "без папроку" крыху не пасавала імкненне схавацца за псеўданім: пытанні ўвогуле правільныя, адказы на іх мясцовае насельніцтва павінна было ведаць. І яно іх атрымала, рэдакцыя падрыхтавала інтэрв'ю з тэхнічным дырэктарам будучага завода У.А. Цішчанкам. Чалавек аўтарытэтны, інжынер з дзвюма вышэйшымі адукацыямі і практыкай работы на адказных пасадах у розных фірмах, у тым ліку на РУП "Беларускі металургічны завод".
Нагадаю, матэрыял "Металапракатны завод: мэтазгоднасць будаўніцтва" надрукаваны даволі аператыўна—у №64 "Міёрскіх навін" за 11 жніўня. Гатовы былі выслаць яго і міфічнаму міярчаніну Антону Гізунову, ды той "па сціпласці" не ўказаў свой адрас.
Але аказалася, што "шматгадовы адданы падпісчык і чытач "Міёрскіх навін", як ён сам сябе называе, раёнку не чытае, ды яму ніякія тлумачэнні не патрэбны. Яму неабходны скандал! А таму наступным крокам "жыхара горада Міёры Гізунова Антона" стаў "зварот" да рэдактара "Советской Белоруссии": дапамажыце, падтрымайце, "у ліпені 2015 года падобны зварот накіраваў у рэдакцыю раённай газеты "Міёрскія навіны", але да гэтага часу маё пісьмо пакінута без увагі, калі не сказаць больш груба—"выкінута ў урну для папер". І верх непрыстойнасці—у якасці зваротнага адраса Антон Гізуноў указаў рэдакцыйны: вул. Дварнасельская, 5а!
Ну што тут скажаш, справы гавораць самі за сябе!
І ўсё ж сказаць трэба. Спадар Антон Гізуноў -- не барацьбіт за чыстую экалогію, за інтарэсы мясцовага насельніцтва і дзяржавы, гэта чыстай вады паклёпнік. І нашы адносіны да яго і ўсяго ім напісанага будуць адпаведныя.
Дарэчы, у галоўную рэспубліканскую газету ён звярнуўся з крыху перафразаванымі тымі ж пытаннямі. Толькі ім папярэднічалі два новыя—пра прыняцце рашэння аб адводзе зямельнага ўчастка для будоўлі. Яны даюць падставу меркаваць, што аўтару ананімных опусаў, які хаваецца за імем Антона Гізунова, былі вядомы рабочыя і зусім не сакрэтныя моманты фарміравання канчатковага вываду (хаця кола людзей, якія на яго ўплывалі, даволі абмежаванае). У такім выпадку ён ведае і тое, што на вывучаемым участку ў раёне Латышонак спачатку трэба было выбраць пласт у некалькі метраў торфу ў шматлікіх нізінах, а потым засыпаць іх грунтам з павышэнняў— патрабаваўся надта вялікі аб'ём земляных работ. Таму перавагу заканамерна аддалі больш роўнай плошчы. Гэта крымінал?
Але што да таго Антону Гізунову. Яму спадабалася поза незалежнага ананімнага ментара: вам невядома маё імя, але "жыхары Міёр хацелі б атрымаць адказы"! Тлумачце мне, чаму, дзе, як, дакажыце мне—навошта, ці будзе карысць. Як у таго пеўніка з анекдота: не здаганю, дык пагрэюся. А тут—перашкодзіць не магу, дык, па крайняй меры, звярну на сябе увагу.
Толькі мне як жыхару горада Міёры і так зразумела: паклёпы і ананімкі добрай справе не дапамагаюць, а будучы завод ужо цяпер дае рабочыя месцы міярчанам. Пакуль будаўнікам. А калі ёсць такі "клапатлівы сябра", вораг ужо не патрэбны.
Леанід МАТЭЛЕНАК.