Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Замест сметніцы – у кантэйнер. Па ўсёй краіне ў дзіцячых садах, школах, студэнцкіх інтэрнатах, на рабочых месцах збіраюць пластыкавыя крышачкі з-пад напояў і касметыкі, каб дапамагчы хворым дзецям. Пра першыя поспехі і планы сацыяльна-экалагічнага дабрачыннага праекта «Новая жизнь в обмен на крышечки» гутарым з арганізатарам Наталляй КУНЦЭВІЧ.
Першую партыю другаснай сыравіны здалі на перапрацоўчы завод арганізатары праекта «Новая жизнь в обмен на крышечки».
На перапрацоўчы завод у Мінскай вобласці напрыканцы чэрвеня здалі першую партыю крышак з маркіроўкай «2» без акцызаў і ўкладышаў. За 2 тоны 978 кілаграм другаснай сыравіны выручылі 2 тысячы 540 рублёў, – дзеліцца добрай навіной Наталля. – Дапамаглі падапечнаму праекта Грышу
Далгіх. У васьмігадовага мінскага хлопчыка дыягназ – ДЦП, спастычны тэтрапарэз ІІІ ступені цяжкасці. (Спастычны тэтрапарэз – паталагічны працэс, пры якім зніжаецца рухальная актыўнасць у руках і нагах. Заўвага аўтара). Выхоўваюць Грышу маці і бабуля. Яму патрабаваліся лекі, новая прагулачная каляска. На гэтыя мэты перадалі выручаную суму.
Грыша атрымаў дапамогу. У праекта з’явяцца новыя падапечныя?
– Дапаможам хлопчыку з Віцебска Аляксею Сямешка. У яго цяжкае захворванне нервовай і косна-мышачнай сістэм. Таксама мае патрэбу ў прагулачнай калясцы. Маці хлопчыка Святлана з першых месяцаў актыўна падтрымлівае наш праект. Вядзе ў сацыяльных сетках групы па прыцягненні сродкаў на лячэнне і рэабілітацыю сына. Дарэчы, валанцёры, якія дапамагаюць Алёшу, удзельнічаюць і ў нашым праекце. Прычым былі ў ліку першых. Плануем дапамагаць хворым дзецям з розных населеных пунктаў Беларусі. Перавагу аддаём няпоўным сем’ям, бо ў іх больш складанае матэрыяльнае становішча.
Хочацца спадзявацца, што пасля першага поспеху збор крышак пойдзе яшчэ хутчэй і актыўней. Колькі населеных пунктаў Беларусі задзейнічаны ў праекце «Новая жизнь в обмен на крышечки»?
– Наш праект можна назваць унікальным. Таму што нават у самых аддаленых і маланаселеных куточках хто-небудзь пра яго ведае і ўдзельнічае. Пагадзіцеся, не кожная ідэя набывае такую шырокую падтрымку. Збіраюць крышачкі больш чым у 80 населеных пунктах. Аднак гэта прыблізная лічба. Часта мы не ведаем пра дзейнасць у гарадку ці вёсцы, пакуль удзельнікі не выйдуць на сувязь у нашай групе «Укантакце» і не паведамяць пра назапашаныя кілаграмы другаснай сыравіны. Хтосьці збірае крышкі асабіста, іншыя – сем’ямі, калектывамі.
Дзе найбольш актыўнічаюць?
– Праект паспяхова рэалізуецца ў тых гарадах і раёнах, дзе яго падтрымлівае мясцовая ўлада. Напрыклад, Лідскі раённы выканаўчы камітэт у мінулым навучальным годзе заахвоціў паўдзельнічаць установы адукацыі ў горадзе і раёне. Выхаванцы дзіцячых садоў, школьнікі збіралі крышкі на конкурснай аснове. За кожны кілаграм ім налічвалі балы. Пераможцы атрымалі ласункі і сувеніры. Па дамоўленасці з райвыканкамам у вольны час школьнікі сартавалі крышкі. У выніку з кастрычніка 2018 года па май 2019-га ў Лідзе і Лідскім раёне сабралі, адсартавалі і перадалі 2,5 тоны другаснай сыравіны. Гэта абсалютны рэкорд у краіне.
Шмат залежыць ад куратараў. Там, дзе яны ёсць, справа ідзе шпарчэй. Амаль палову тоны крышак назбіралі на Міёршчыне. У Салігорску і раёне сабралі і адсартавалі больш за 500 кілаграм. Трэба адзначыць Маскоўскі раён горада Мінска, там збор узгоднены з адміністрацыяй. У Гомелі дзейнічае крэатыўная артпрастора «Каўчэг», дзе праходзяць трэнінгі, прэзентацыі, семінары, майстар-класы. Тут нам прадаставілі камфортнае памяшканне для захоўвання і сартыроўкі крышачак. Сярод актывістаў Жодзіна, Пінск, Пінскі, Ганцавіцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі раёны. Падтрымліваюць праект буйныя гандлёвыя сеткі «Виталюр», «Соседи», «ГИППО», «Буслик», а таксама ЗАТ «Идея Банк», УП «Кока-кола Бевриджиз Белоруссия».
Калі падлічыць агульную масу сабраных у краіне крышачак, колькі атрымаецца?
– Каля дзевяці тон. Гэта вынік за мінулы навучальны год. Дакладную лічбу таксама не назаву, бо не ўсю другасную сыравіну перадалі ў Мінск. Часам валанцёры вызначаюць вагу сабраных крышачак на вока, таму завышаюць яе.
Сабраць крышкі – палова справы. Як правільна іх сартаваць?
– Па-першае, на перапрацоўку прымаюць толькі чыстую другасную сыравіну. Па-другое, асобна складаем крышкі з маркіроўкай «2» без акцызаў, асобна – з маркіроўкай «2» з акцызамі, асобна – з маркіроўкамі «4» і «5». Такія патрабаванні ў заводаў. Сартаваць можна дома і перадаваць цалкам падрыхтаваныя для здачы крышкі. Аднак мала хто займаецца гэтым самастойна. Ладзяць сартыроўку актыўныя куратары і валанцёры. Так, у Лідзе праект курыруе мая маці. За год яна адна адсартавала паўтары тоны другаснай сыравіны. 600 кілаграм перабралі мае блізкія сваякі, каля 200 кг – лідскія школьнікі, столькі ж – валанцёры. Шмат вольнага часу аддаю на сартыроўку сама. У мяшках нярэдка трапляюцца металічныя крышкі, батарэйкі, паддоны з-пад тортаў, нават банкі з-пад дзіцячых кансерваў. Вылівалі ваду з капсул з-пад кіндэр-сюрпрызаў. Просім не завышаць такім спосабам масу. На першым месцы – якасць.
Што трэба, каб паўдзельнічаць у праекце?
– Жаданне. Гэта самае галоўнае. Рэалізуем праект разам з сяброўкамі-аднадумцамі Веранікай Гаравой, Аляксандрай Пятровай, Святланай Кунцэвіч. Нярэдка чуем фразы тыпу «Няма часу на крышкі, таму што дом, работа, муж, дзеці, хобі». У нас і іншых валанцёраў таксама ёсць работа, сем’і, захапленні. Між тым знаходзім час на праект. Вырашаем мноства арганізацыйных пытанняў, сартуем крышкі. Калі жадаеш штосьці ажыццявіць – адшукаеш магчымасці, калі не хочаш – з’явяцца прычыны.
Рады ўсім, хто круціць з намі добрую справу. Падрабязная інфармацыя аб праекце «Новая жизнь в обмен на крышечки» у аднайменнай групе «Укантакце».
У ТЭМУ: Праект «Новая жизнь в обмен на крышечки» на Міёршчыне рэалізуецца з кастрычніка 2018 года. Дзейнічае 27 пунктаў збору ва ўстановах адукацыі і культуры, на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Курыруе збор валанцёр з Мінска Вольга Байкова. Па яе ініцыятыве на працягу года ў Міёрах ладзілі экапляцоўкі, на якіх крышкі абменьвалі на каляндарыкі, кветкі, саджанцы. У горадзе і раёне сабралі 460 кілаграм другаснай сыравіны. У камандзе валанцёраў-актывістаў міёрскія школьнікі і працоўная моладзь – Насця Веранікіна, Віка Сіўко, Ліза Протас, Саша і Рэната Васіны, Максім Шчабол, Дзіяна Сільмановіч, Аляксандр Сінкевіч, Аляксандр Пяткевіч.
Каб падтрымаць праект «Новая жизнь в обмен на крышечки», папоўніце баланс на нумары МТС +375 29 548 64 96. Сродкі пойдуць на выраб кантэйнераў для збору і іншыя патрэбы.
Фотаматэрыял прадастаўлены валанцёрамі праекта.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.