Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
У далёкім 1974 годзе я прыняла пад сваю адказнасць Мікалаёўскую бібліятэку, што месцілася пад адным дахам з сельвыканкамам і клубам. Адразу сталі як адна сям’я. Сельвыканкам узначальваў Іосіф Спасібёнак, сакратаром працавала Валянціна Крот, бухгалтарам – Зінаіда Кодзіс, за ваенную працу адказвала Фаіна Жук. Клубам загадваў Анатоль Федарэц. Дырэктарам школы была Галіна Спасібёнак, фельчарам на ФАПе – Сафія Кабяк, аддзяленне сувязі ўзначальвала Галіна Шараг, калгас «Запаветы Леніна» – Алена Скрабатун. Працавітыя, сумленныя, годныя людзі. У іх брала ўрокі працоўнага вясковага жыцця. Удзячна за цеплыню і шчодрасць, увагу і мудрыя парады.
Тэмпаў у развіцці не збавіла гаспадарка пад кіраўніцтвам новага адказнага і прынцыповага кіраўніка Васіля Шастакова. Узводзіліся жывёлагадоўчыя фермы, пабудаваны новыя школа, пошта, ФАП, школьная сталовая, дзіцячы сад, сельскі клуб і бібліятэка. Добраўпарадкоўваліся дарогі, будавалася жыллё. На вачах прыгажэлі населеныя пункты. Больш цікавым стала жыццё вяскоўцаў. Калектыў гаспадаркі папоўнілі маладыя спецыялісты Алена Лінік, Таццяна Мурашка, Таццяна Лакомка, Зінаіда Бортнік, Ангеліна Капыльская, Наталія Краська, Наталля Туча, Валерый Мядзелец, сем’і Анатоля і Ядвігі Кудрашовых, Пятра і Наталлі Белавусаў, Мікалая і Аліны Капыльскіх, Рышарда і Іраіды Томка. Граматныя і старанныя, яны паспяхова спраўляліся з абавязкамі. Неўпрыкмет Мікалаёва для многіх стала родным.
Старшыня калгаса паважаў сваіх працаўнікоў, абапіраўся на перадавых механізатараў, жывёлаводаў, падтрымліваў іх маральна і матэрыяльна. Сярод старанных работнікаў былі сёстры Ева і Тамара Краська, Зінаіда Рымша, Валянціна Шараг, Валянціна Ліпская, Яўгенія Тарарака, Сэля Рамашка, Паўліна Шляпецец, Ніна Матулеўская, Алена Белазорчык, Вольга Краська, Марыя Міхайлоўская, Алена Міхайлоўская, Сафія Разумчык, сем’і Пятра і Ніны Краськаў, Мікалая і Валянціны Ляўковічаў, Пятра і Яўгеніі Белавусаў, Івана і Галіны Рэдзькаў, Сямёна і Таццяны Маслоўскіх, Фёдара і Музы Баброўскіх, Мікалая і Ніны Супруноў, Івана і Галіны Балашоў і іншыя. Шчыра працавалі і актыўнічалі ў самадзейнасці галоўны заатэхнік Сафія Красько, галоўны аграном Валянціна Жук, галоўны бухгалтар Любоў Федарэц, лабарант Лідзія Шумуковіч, загадчык фермы Ганна Краська, начальнік участка Серафіма Гіргель.
Мілы, родны мой прыстанак! З табой звязана ўсё маё жыццё. Тут сустрэла шмат сяброў, з якімі ладзілі канцэрты, «агеньчыкі», розныя святы. Прыгадваецца навагодні вечар, дзе па сцэнарыі ўдзельнічаў мой хатні певень. На выдатна выканаўшы сваю ролю, уцёк у залу і забраўся высока пад столь. Пасля як ні стараліся вярнуць яго на зямлю, не атрымалася. Наступнай раніцай вітаў прыбіральшчыцу вясёлым гучным спевам. Ёй удалося злавіць «артыста».
Выступаў на сцэне і мой сабака. Ролю Снягуркі аднойчы выконваў кот, які прыжыўся ля школьнай сталовай. Для яго пашылі белую сукенку і змайстравалі бліскучую карону. Гледачы частавалі яго ласункамі са святочнага стала, у выніку кот-Снягурка заснуў, не дачакаўшыся канца мерапрыемства. Яшчэ адзін навагодні агеньчык праходзіў пры ўдзеле пазычанай у суседкі белай мышы, якая іграла ролю спадарожніцы Шапакляк.
На агляд-конкурс мастацкай сама- дзейнасці неяк паехалі з гусямі. Жаночая вакальная група спявала, а гусі спусціліся ў залу, сталі перад журы і шыпелі на кожнага, хто пасмеў зварухнуцца. Ад гледачоў наш творчы калектыў атрымаў гучныя апладысменты, ад журы – другое месца.
Удзячна кожнаму, хто быў побач за мной, за падтрымку, за актыўны ўдзел у творчых спрах. Сярод іх даяркі Святлана Краська, Наталля Жук, Таццяна Атміновіч, Таццяна Пугач, Дана Пачопка, Аліна Гваздоўская, Алена Белазорчык. Назаўсёды ў памяці вясёлыя прыпеўкі Пятра Шаўлюгі, меладычныя напевы Веры Мядзелец, рэклама моднага адзення на навагоднім вечары ў прадстаўленні загадчыцы фермы Таццяны Балаш і яе працаўнікоў; ролі пана Быкоўскага і Паўлінкі, умела сыграныя Аляксандрам Зелянкевічам і Святланай Краська; смак ласункаў і хлеба з печы, прыгатаваных Алінай Шамайка. Дзякуй жыхарам і ўдзельнікам святаў у вёсках Брушкі, Баслакі, Шарагі.
Кожнае мерапрыемства дарыла асалоду. Радасна было глядзець на вяскоўцаў, калі пасля працоўнага дня прыходзілі ў клуб у святочных уборах, назіраць, як святлеюць іх твары ад цёплых слоў удзячнасці за старанную працу, як яны падымаюцца на сцэну атрымліваць узнагароды.
Імкліва ляціць час. Многія працаўнікі на заслужаным адпачынку, некаторых няма сярод нас. Пусцеюць хаты, старэе месцейка…
На жыццёвым шляху мне сустракалася шмат людзей, якія падтрымлівалі і ў радасці, і ў сумныя хвіліны. Дзякуй сем’ям Стома, Шастаковых, Кучынскіх, Кубліцкіх, Белазорчыкаў, Мядзелец, Паліўка, Рудак, Краська, Кабяк, Шаўлюга, Кавалеўскіх, Шамайка, Суравец, Зелянкевіч, Шараг, Спасібёнак.
Асобныя словы ўдзячнасці за падтрымку і добразычлівасць калектыву Міёрскай раённай бібліятэкі на чале з кіраўніком Таццянай Цыцылінай і былым дырэктарам – Але Скавародка, Валянціне Лакотка.
Праходжу між кніжных стэлажоў. Трэба нагадаць новаму бібліятэкару, каб вось гэтыя кнігі беларускіх аўтараў параіла Веры Латушка і Вользе Пазняк, пра жаночыя лёсы пачытаюць Галіна Панкрат, Лідзія Шумуковіч, Таццяна Івашкевіч, Раіса Шымуковіч. Літаратура рэлігійнай тэматыкі – для Ганны Краська, Зінаіды Пад’ельскай, Ніны Дзедушкевіч. Дэтэктывы і творы пра вайну цікавяць Пятра Мядзельца. Перыёдыку гартае Святлана Івашкевіч.
Чытачы сельскай бібліятэкі – добрыя і сціплыя, уважлівыя і спагадлівыя, шчырыя рупліўцы, цікавыя суразмоўцы, мудрыя дарадцы. Прыемна і радасна знаходзіцца ў іх асяродку. Даруйце, калі кагосьці не ўзгадала.
Што далей? Будзем жыць, сустракацца, расказваць пра справы. Цаніць жыццё і кожны свой дзень. І, канешне, наведваць бібліятэку.
Ірына КАЧАНОЎСКАЯ,
в. Мікалаёва.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.