Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Зіма мінула, снег даўно сышоў. Цяпер зямлю ўсцілае тое, што маскіравалася пад белым покрывам. Цяплее. Вясна поўным ходам, а навакольны бруд схіляе да суму і дэпрэсіі. Змагацца з такім настроем дапамагае жаданне і імкненне прывесці ў парадак кожны двор, вуліцу, што цяпер набывае масавасць па ўсёй краіне. І ў нашым раёне многія працоўныя калектывы, у тым ліку камерцыйныя, прыватныя домаўладальнікі, жыхары шматкватэрных дамоў разам з камунальнікамі ўзяліся чысціць і акультурваць падведамныя і замацаваныя тэрыторыі. Маштабы разгорнутых работ у райцэнтры, запланаванае выканаць прааналізавалі ў мінулую сераду на першым сёлета пасяджэнні раённага штаба па добраўпарадкаванні.
Ранняя вясна прыспешвае, час узбройвацца рабочым інвентаром. Як звярнула ўвагу старшыня раённага Савета дэпутатаў і кіраўнік раённага штаба па добраўпарадкаванні Марыя Баніфатава, прыбіраць — задача эстэтычнага характару, яна не менш важная за астатнія. Там, дзе прыгожа і ўтульна, лепш жывецца і працуецца. Толькі не могуць у раёне дачакацца, калі нарэшце без усялякіх указанняў кожны пачне рэгулярную бескампрамісную барацьбу з беспарадкам не толькі пад уласнымі вокнамі. Кіраўніка Міёрскага хлебазавода Сяргея Матэленка абурае ўтрымальніцкая пазіцыя жыхароў вуліцы Кірава. Свае двары прыбіраюць, а за агароджай не натужваюцца, разлічваюць, што пачысцее па ўзмаху працоўнага інвентару падшэфнага прадпрыемства ці камунальнікаў. Аднак межы для ўборкі прыдамавых тэрыторый куды шырэй — да праезнай часткі. Інакш трэба плаціць за паслугу УП ЖКГ ці штраф за неналежны догляд тэрыторыі.
Тое ж мае дачыненне да агародж. На некаторых вуліцах райцэнтра, дзе яны ўстаноўлены за бюджэтныя сродкі, далёка не ўсе гаспадары лічаць сваім абавязкам падрамантаваць, параўняць нахіленыя, забіць лішні цвік, надаць эстэтыкі новай фарбай. Як заўважыў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў, ад часоў утрыманства даўно адышлі, недагледжаныя агароджы будуць дэманціраваць.
Неабходна ўсім усвядоміць, што ўчастак ля дома ці ўстановы—гэта твар гаспадара. Прыгожыя кветкавыя кампазіцыі, дагледжаныя газон, агароджа, чыстая дарожка і адсутнасць смецця ў радыусе дзесяці-пятнаццаці метраў сведчаць пра дбайных уладальнікаў. Добраўпарадкаваўшы сваю тэрыторыю, уносім важкі ўклад ва ўладкаванне ўсяго горада. Пра гэта варта задумвацца кожнаму.
Намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Вераніка Вішнеўская засяродзіла ўвагу на найбольш праблемных пытаннях у грамадскіх месцах. Рэйдавыя групы выявілі, што ў парку за стадыёнам ёсць аварыйныя дрэвы, якія належаць неадкладнаму выдаленню. Патрабуе рэстаўрацыі бетонная падпорная сценка агароджы на набярэжнай. Па вуліцы Ціхай і перавулку, дзе жывуць у асноўным маладыя сем’і, паплыла дарога. Асфальту тут не было, у дождж на калясцы не праедзеш.
Неабходна добраўпарадкаваць раку Мерыца, выдаліць з яе гадамі назапашаны хлам, вызваліць ад аварыйных дрэў берагавую лінію. Бліжэйшыя домаўладальнікі скардзяцца на бурлівую жыццядзейнасць баброў, у чым асноўная прычына падтапленняў. У справе навядзення парадку тут чакаюць і непасрэднага ўдзелу саміх жыхароў.
ПА вуліцы Лермантава абочаны патанаюць у смецці. Не дасягнулі ўзорнага парадку ў парку ля кафэ “Маладзёжнае. У нядзельны дзень праблема ўзмацняецца. Але ж тут на кожным пятачку свой гаспадар. Проста ў работнікаў рынку, пажыўтаварыства, Еўраопта не хапае энтузіязму выпрацаваць сістэму догляду за тэрыторыяй.
У новым сезоне горад павінен патанаць у кветках. Нібы такая культурная традыцыя існуе, аднак яркіх фарбаў і ідэй па афармленні раённая ўлада чакае куды больш. На вуліцах і ў дварах арганізацый і ўстаноў не хапае цікавых архітэктурных форм. На жаль, няма хутчэй жадання штосьці перайначыць, чым магчымасці. Чаго не скажаш пра калектыў газавікоў, чыя падведамная тэрыторыя ў ідэальным парадку і аформлена з асаблівым густам. Дызайнерская думка тут на месцы не стаіць. Штогод з’яўляюцца новыя элементы дэкору. Заўсёды гарманіруюць з навакольным асяроддзем кветкавыя кампазіцыі.
Палепшыць аблічча горада азеляненне. Закладкі новых паркавых зон плануюцца ў бліжэйшым часе. Старшыня райвыканкама звярнуў увагу Дзісенскага лясгаса на якасць пасадачнага матэрыялу, што непасрэдным чынам уплывае на працэнт прыжывальнасці саджанцаў. Як заўважыў Ігар Валер’евіч, не дзеля галачкі садзім, тэрыторыі аазісу і прыгажосці павінны застацца ў спадчыну ўнукам і праўнукам.
Фота з архіва.
Наталія СТАНКЕВІЧ.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.