18 Декабря 2025

Праздник жизни: как работает Миорский загс в 2025-м

gazeta
  • 1155

 Хаця б раз тут бывае кожны. Сюды прыводзяць радасныя і сумныя асабістыя падзеі, якія дзеляць жыццё на «да» і «пасля». Даты шлюбу, нараджэння дзіцяці, страты блізкага чалавека застаюцца ў памяці і ў запісах актаў грамадзянскага стану. 18 снежня работнікі органаў загса адзначылі прафесійнае свята.

Зарэгістравалі 91 дзіця…

Перыядам абнаўленняў можна назваць 2025 год для аддзела загса райвыканкама. У зале ўрачыстых рэгістрацый з’явіліся новая мэбля і дэкаратыўныя кветкавыя кампазіцыі, усталявалі новую зону для рэгістрацый. Абнаўленні прадоўжацца ў наступным годзе, калі раён будзе рыхтавацца да «Дажынак».

Што да службовых спраў, яны ў начальніка аддзела Ірыны Юхно і галоўнага спецыяліста Наталлі Казлоўскай ідуць у сваім рытме.

– З пачатку года зарэгістравана нараджэнне 91 дзіцяці: 38 хлопчыкаў і 53 дзяўчынка. Першынцаў 34, другімі ў сем’ях сталі 25, трэцімі – 26, чацвёртымі – чатыры, пятымі і шостымі – па адным, – прыводзіць лічбы начальнік аддзела.

Для сябе супрацоўнікі загса адсочваюць папулярнасць імён, якія бацькі даюць сваім дзецям. Сёлета лідзіруе Эмілія, так назвалі шэсць дзяўчатак. Пяць атрымалі імя Ева, па тры – Караліна, Паліна, Сафія. Да прыкладу, імя Ганна ў мінулым годзе было на першым месцы, яго далі чатыром дзяўчаткам, сёлета так назвалі адну. Сярод рэдкіх імён у гэтым годзе Суламіта, Алівія, Ніколь, Настасся, Іларыя, Каміла. Папулярным імем для хлопчыка шмат гадоў застаецца Арцём, сёлета так назвалі чатырох немаўлят. Па трое атрымалі імёны Глеб і Мацвей. У ліку рэдкіх Ян, Прохар, Захар, Аркадзь.

– Выступаючы на мерапрыемствах, штораз расказваем, якія імёны выбіраюць для дзяцей. Гэтая інфармацыя заўсёды цікавая, – адзначаюць работнікі загса.

…і 58 новых сем’яў

Шлюб узялі 58 пар, з іх 50 грамадзян стварылі сем’і ўпершыню. У тым ліку два шлюбы з іншаземцамі: з грамадзянамі Расіі і Латвіі. Заўважаецца тэндэнцыя да рэгістрацыі ў кабінеце.

– Многія пары, у тым ліку моладзь, выбіраюць больш сціплы варыянт урачыстасці. Прыходзяць удваіх, па-святочнаму апранутыя і з букетам кветак, без сведкаў і гасцей. Часам рэгіструюць шлюб пары, якія пражылі разам больш за дваццаць гадоў і дзеці ў іх ужо дарослыя, – расказвае галоўны спецыяліст. – На жаль, звяртаюцца з заявамі аб скасаванні шлюбу. Радуе, калі пасля змяняюць сваё рашэнне. Так, сёлета некалькі пар вырашылі захаваць сям’ю.

Супрацоўнікі загса па родзе сваёй дзейнасці становяцца сведкамі розных жыццёвых сітуацый. Кожны наведвальнік прыходзіць са сваёй гісторыяй.

– Сёлета зарэгістравана пяць фактаў аб змене ўласнага імя. Адзін з іх у маёй практыцы ўпершыню. Уступаючы ў шлюб, жанчына не брала прозвішча мужа, зрабіла гэта, калі той пайшоў з жыцця. Патлумачыла, што муж заўсёды хацеў, каб яна насіла яго прозвішча, – прыво- дзіць прыклад Ірына Юхно.

– Бывае, мужчына бярэ прозвішча жонкі, а праз час вяртае сваё, пры гэтым сям’я не распадаецца, – заўважае Наталля Казлоўская.

Змяненні ў запісы і электронны архіў

Пастаянны складнік службовых спраў – унясенне змяненняў у запісы актаў грамадзянскага стану.

– Да прыкладу, афармляючы спадчыну, грамадзяне выяўляюць недакладнасці ў дакументах сваякоў: памылкі ў напісанні імёнаў, прозвішчаў. Асабліва гэта мае дачыненне да актавых запісаў 50-60-х гадоў, – расказвае галоўны спецыяліст. – Часам у актавым запісе ўсё правільна, а памылка дапушчана ў пасведчанні. У такім выпадку выдаём выпраўлены паўторны дакумент. Калі ж памылкі і ў запісе, і ў пасведчанні, уносім змяненні. Просім заяўніка прадаставіць дакументы, на падставе якіх магчыма гэта зрабіць.

Дні, калі ў аддзеле загса няма наведвальнікаў, – рэдкасць. Часам звяртаюцца два – тры чалавекі, часам больш за дваццаць. Камунікабельнасць супрацоўнікі лічаць абавязковай у сваёй рабоце. Без гэтага ніяк у стасунках з людзьмі. Уважлівасці і засяроджанасці патрабуе дакументацыя. У тым ліку складзеная дзесяцігоддзі таму.

– У нас захоўваюцца запісы актаў грамадзянскага стану з 1944 года. Працягваем аблічбоўку архіва. Вось цяпер пераводжу ў электронны варыянт актавыя запісы аб нараджэнні з 1969 па 1984 гады з кнігі Якубаўшчынскага сельскага савета,  – заўважае Наталля Леанідаўна. – Гэта патрэбна для агульнарэспубліканскай базы, стварэнне якой да 2029 года плануецца завяршыць. Так у аддзелаў загса з’явіцца доступ да інфармацыі па актавых запісах не толькі ў сваім раёне, але і па ўсёй краіне. Гэта значна спросціць работу, звязаную з запытамі старых актавых запісаў.

Па словах супрацоўнікаў аддзела загса, дакладна спланаваць работу на дзень – задача невыканальная, бо невядома, з якімі пытаннямі прыйдуць наведвальнікі. Аднак важна да кожнага знайсці падыход і задаволіць запыт.

← Предыдущая

В рамках Единого дня информирования Валерий Драбо встретился с трудовыми коллективами ОАО "Николаёвский" и Ситьковской БШ

Назад к списку
Следующая →

В Беларусбанке из-за технических работ 22-29 декабря будут недоступны некоторые операции

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]