14 Ноября 2023

Пра сілу духа Сафіі Гуз з Міёршчыны

gazeta
  • 452

 Інтэлектуальныя анлайн-гульні, гімнастыка, хатнія справы, стасункі з роднымі і сябрамі напаўняюць дні Сафіі ГУЗ. 18 гадоў таму яна страціла зрок. Засталася аптымістам і жыццялюбам.

 У канцы кастрычніка ў двары дома Сафіі Гуз ва Узмёнах яшчэ цвітуць ружы. Кустоў некалькі. Для гаспадыні важна ствараць вакол сябе прыгажосць. Вачыма яе не бачыць, душой адчувае. Абразае ружовыя кусты сама, навобмацак.

– Ружы з мужам Дзмітрыем садзілі. 18 гадоў разам пражылі, у студзені 2021-га яго не стала. Цяпер адна ў доме. Сыны дарослыя. Максім ужо год у войску адслужыў. Арцём – студэнт, час ад часу прыяз- джае на выхадныя, – расказвае Сафія. – Хлопцы самастойныя. І з мужчынскай работай справяцца, і на кухні не разгубяцца. Яшчэ школьнікамі навучыліся рабіць салаты «Аліўе» і «Селядзец пад шубай». Арцём маім манікюрам займаўся. Цяпер гэта справа хрэсніцы.

Старэйшага сына маці бачыла толькі пяць месяцаў. Як выглядае малодшы, ведае са слоў сваіх блізкіх. Між тым абодвух імкнулася даглядаць сама. Купала ў ванначках, вучыла хадзіць, разам гарталі кніжкі.

– Дзеці бралі мяне за палец і вадзілі ім па старонках. Муж падказваў, хто там намаляваны, а я пыталася пра гэта ў малых, – прыгадвае суразмоўніца. – Калі перастала бачыць, для мяне важна было самасцвердзіцца, навучыцца самастойна спраўляцца з бытавымі справамі. Проста сядзець і нічога не магчы – гэта не пра мяне. Не магу дазволіць сабе быць бездапаможнай.

Супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра, дзе Сафія часты госць на мерапрыемствах, не раз захапляліся, як умела яна гатуе булачкі. Нават мука не прасыпаецца, пакуль цеста замешвае.

– Спецыялісты аддзялення для інвалідаў ТЦСАН пастаянна мяне падтрымліваюць. І словам, і справай. Суправаджаюць падчас мерапрыемстваў і на конкурсы, – адзначае суразмоўніца. – А што да мукі, то гэта перабольшванне. Яна ўсё ж прасыпалася. Дражджавое цеста я навучылася рабіць пасля таго, як зрок страціла. Рэцэпт булачак-сінабонаў з інтэрнэта на слых запомніла. Увогуле выпечку вельмі люблю гатаваць. Але апошнім часам гэтым не займаюся. Яшчэ не разабралася з духоўкай у новай пліце. Ды і няма для каго, дома адна.

Свой дзень Сафія Гуз пачынае з гімнастыкі ў ложку. Доўга спаць не любіць. Прачынаецца ў сем, а то і раней. Абавязковы рытуал пасля сняданку – павітацца з удзельнікамі чатаў у мэсанджарах. Анлайн-стасункі актыўныя. На сувязі людзі з розных краін, якія таксама страцілі зрок. Часта ладзяць інтэлектуальныя анлайн-гульні, падзяліўшыся на каманды.

Тэлефонам Сафія карыстаецца з дапамогай спецыяльнага мабільнага дадатку для невідушчых. Праграма агучвае хто тэлефануе, на якую кнопку націснула, які мэсанджар адкрыла і так далей. Раней Сафія набірала нумар роднай сястры Крысціны, якая таксама жыве ва Узмёнах, каб прадыктаваць пад запіс свае вершы. Цяпер адсылае іх праз мэсанджар. Пісаць спрабавала яшчэ ў падлеткавым узросце. Дома на паліцы тры ўласныя зборнікі паэзіі.

Ужо не бачачы, навучылася плесці з бісеру і газетных трубачак.

– Пакуль рукадзеллем не займаюся. Чамусьці настрою няма для гэтага. Можа быць, восень на мяне так уздзейнічае, – заўважае суразмоўніца. – Па натуры я аптыміст. Аднак настрой розны бывае. Часам страшна, часам трывожна. Калі не стала мужа, зведала на сабе, што такое панічныя атакі.

Жаданне жыць мацней за ўсе эмацыянальныя праяўленні. Трымацца ў тонусе дапамагаюць штодзённыя ўмераныя фізічныя нагрузкі. У свае 39 гадоў Сафія з лёгкасцю са- дзіцца на шпагат, займаецца з гантэлямі вагой па тры кілаграмы. Са смехам успамінае, як мінулай зімой каталася з горкі разам з сястрой і пляменніцай. З ахвотай займаецца хатнімі клопатамі. Любіць чысціню і парадак. І ў доме. І ў душы.

– Няма сэнсу скардзіцца на лёс і задавацца пытаннем, чаму са мной здарылася тое, што здарылася. Відаць, так Бог вырашыў, што мне больш не трэба бачыць гэты свет, – гаворыць Сафія. – Ніколі не трэба апускаць рукі і падаць духам. Якім бы ні быў час, як бы ні было цяжка, а жыццё працягваецца. Трэба спадзявацца на лепшае, а разлічваць у першую чаргу на сябе. Толькі так.

Кацярына Рынкевіч.

Фота Казіміра Блажэвіча.

← Предыдущая

Анастасия Щербицкая и Александр Жойдик: лица Язненского ПМК

Назад к списку
Следующая →

Сустрэча з вучнямі трэнера па тайландскім боксе ў Дзісненскай школе

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]