08 Сентября 2025

"Спасибо Богу за все!", - говорит Вера Ивановна Рамза с деревни Узмены

gazeta
  • 1234

 Размаўляем з Верай Іванаўнай Рамза, карэннай жыхаркай Узмён, на лавачцы ля яе дома. – Колькі, вы думаеце, мне гадоў? – Нават і не здагадваюся. – Ды ўжо многа, вось у верасні будзе 94. Не ведаю, чаму я так доўга жыву. Мяркую, гэта вам ніхто не адкажа. Хутчэй за ўсё там (паказвае на неба) вырашаюць, каму пажыць трэба. Я ніколі нікому не зайздросціла, ніколі нікога не праклінала, не трымала зла. У мяне мама пражыла 92 гады, яе сёстрам таксама было за 90. Можа, гэта ў спадчыну перадалося. Але як падумаю, я ж увесь час працавала, адпачываць мне некалі было.

Вера Іванаўна і сёння імкнецца быць карыснай, дапамагаць. Жыве адна ў прасторнай хаце, побач трое сыноў са сваімі сем’ямі. Часта прыязджае з Мінска дачка.

– Яшчэ тры гады таму і сама магла патрошку штосьці рабіць, а цяпер усё дзеці. Ну што я магу? Посуд памыць, і то дачка сварыцца – ідзі лепей на вуліцы пасядзі, адпачні. Вось так і жыву. Я тут нарадзілася, тут мае дзяды і прадзеды, тут і мае дзеткі. Калісьці многія гаварылі «калгаснікі», а цяпер зайздросцяць – як табе добра, дзеці ўсе на месцы.

Дваццаць тры гады, як Вера Іванаўна жыве адна. Мужа не стала, калі яму было 75. Справілі залатое вяселле, паставілі на ногі дзяцей. Нярэдка жанчына ўзгадвае гэты час.

– На работу хадзіла, я ўсё жыццё ў жывёлагадоўлі адпрацавала, ад васямнаццаці гадоў. Чацвёра дзяцей. Старэйшаму Мішу шэсць было, тады Іван нарадзіўся, праз шэсць гадоў Саша з’явіўся на свет, і толькі Таня праз два гады. Гэта так Бог даваў, так склалася. Старэйшы быў за галоўнага, а я на работу, тады ж не было ні дэкрэтаў, ні садзіка. Вось так адзін аднаго і гадавалі.

Разам з мужам Расціславам Паладзіевічам Вера Рамза даглядала цялят у мясцовым калгасе. Калі старшыня прывёз з Калінінградскай вобласці 70 галоў чорна-пярэстых цялушак, узялася за іх пакрыццё, а пасля і раздойвала ўручную яшчэ разам з двума даяркамі. Гэта быў эксперымент, паколькі ўся жывёла была бура-латвійскай пароды. Кажа, даглядалі па сумленні, усе яны пакрыліся і далі прыплод. 

Трымалі жывёлу і на падворку. Дзве каровы, свінаматкі, авечкі. Уставала ў чатыры га- дзіны раніцы, каб прыгатаваць паесці, адправіць дзяцей у школу. Садзілі па 50 сотак агарода. Цяпер у гаспадарцы толькі кошка Ася ды дзве казы, даіць якіх прыходзяць нявесткі.
У двары ў Веры Іванаўны чысціня і парадак. Кажа, гэта заслуга дачкі. Аднак і сама не раз станавілася пераможцам конкурсу па добраўпарадкаванні.

За ўсё ўдзячная Богу, з верай у сэрцы заставалася і ў часы, калі хрысціянства зведвала ганенні. Нягледзячы на іншых, захоўвала абразы, наведвала царкву, хрысціла дзяцей. Яны атрымалі ў спадчыну ад бацькоў працавітасць.

– Усе хлопцы ў калгасе. Міша на трактары і на камбайне, 25 гадоў стажу меў, на пенсію раней пайшоў, але працягваў працаваць. Іван таксама на камбайне. Казалі, Іван Рамза адзін у калгасе ўсю траву здрабняе. Я, ведаеце, таксама ў лідарах была. У мяне нават Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і ўзнагарода ВДНГ ёсць і яшчэ медалі. А мне людзі казалі – табе ўсё роўна, цябе хвалі ці не хвалі. Але старалася, – узгадвае жанчына.

У памяці, як разам з мужам узводзілі хату, перавозілі будынак на кані з Дрысы. Вуліца Кірава была першая ва Узмёнах, сюды пераязджалі людзі з сусёдніх вёсак – Міршчыны, Палшчызны, Баргітова.

– Цяжка было ўсім, і ніхто не скардзіўся. А што ж мы атрымлівалі – працадні. За палачкі працавалі сорак гадоў. У 1970-х упершыню далі заробак грашыма. У мяне нават запісана, што мы з мужам удваіх за год зарабілі 90 рублёў. Дык гэта была радасць, – дзеліцца суразмоўніца. – Тады 90 рублёў канешне былі ў цане. Прадукты мы не куплялі, карову ж гадавалі, парася. Прадукты паняцця не было, каб купляць. Памятаю, як канапу ўзялі. А стол у нас быў на казлах. Усе так жылі, усе былі роўныя.

Апісваючы пэўныя эпізоды, Вера Іванаўна прыгаворвае: толькі б не было вайны. Ра-зам з тым яскрава памятае жыццё пры Польшчы і ліхалецце. Вучылася ў польскай школе, дзе выкладалі толькі па-польску. Прыходзіла дадому і прасіла: татачка, родненькі, навучы мяне чытаць так, як мы гаворым – па-руску (трасянка). Ёй было дзесяць, калі пачалася вайна.

– Мой татка быў звязным. Ужо ў канцы вайны нехта данёс на яго, што мае сувязь з партызанамі. Немцы забралі і расстралялі сына памешчыка, які да гэтага за мяжой вучыўся на агранома. Думалі, што ён шпіён. І не аднаго яго. У жанчыны, муж якой быў у Чырвонай Арміі, забралі дваіх дзяцей. Узялі і тату майго, паехалі да Дубінак, а пасля ў Брыжынкі, – узгадвае дзіця вайны. – Мы звалі гэтае месца Абісінія. Там засталіся начаваць. Сказалі, што з татам заўтра разбяруцца. Хата стаяла над руччом. Усю ноч ворагі не спалі, а раніцай разведка далажыла, што партызаны заходзяць з левага флангу, ад Дзвіны. Тату ўдалося збегчы.

Затым напісаў запіску, каб ішлі да яго ў Баргітова. Вера Іванаўна лічыць, што так распарадзіўся лёс. Усіх, каго забралі разам з ім, расстралялі. Праўда, ён пражыў усяго 53 гады. Пабываў на прымусовых работах у Германіі, пасля працаваў падатковым агентам.

Вера Іванаўна расказвае, што ёй не давялося мяняць прозвішча. Дзявочае таксама было «Рамза». З будучым мужам жылі праз ручай: ён у Палшчызне, яна ў Баргітове. Пазнаёміліся, калі ганялі кароў у поле. Гэта было яе першае і апошняе каханне, вынік якога – чацвёра дзяцей, сем унукаў, дзевяць праўнукаў.

– Я проста жыла, маліла Бога, каб здароўе было ў дзяцей. Некалі было марыць, працавала ад раніцы да вечара, ды і гаспадар мой таксама, – аналізуе сваё жыццё Вера Іванаўна. – Дзякуй Богу за ўсё!

← Предыдущая

Анатолий Сивко посетил здание бывшего роддома в Миорах

Назад к списку
Следующая →

Владельцам бытовых котлов на заметку

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]