Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Пульс Миорщины: Ценю, что живу и работаю в Миорах
Пульс Миорщины: Секрет счастья семьи Костюкевич из Дисны длиною в 50 лет
Актуально: Александр Жук провел встречу с коллективом детского сада №2
Актуально: Александр Ярохнович: в вопросах безопасности мелочей не бывает
Культура: Миорский район представил свою экспозицию на «Славянском базаре»
21 лютага адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. Ён абвешчаны ЮНЕСКА і святкуецца па ўсім свеце. Уведзены з 1991 года. Кожны народ імкнецца ў гэты дзень ушанаваць мову сваіх продкаў.
Мне бадай з самага дзяцінства было крыўдна, што ўсе вакол размаўляюць па-руску. А калі завядзеш родную гаворку, цябе будуць успрымаць не менш як іншаземца. Дык навошта такое? Каб вылучыцца? Не хочацца, каб на цябе глядзелі як на барана толькі таму, што выконваеш звычайнае правіла, якое для іншых чамусьці стала выключэннем.
А з тымі, хто гвалтоўна навязваў беларускую мову ў крамах ці шапіках, адбываліся іранічныя гісторыі. Адна з гэтага рэпертуару:
— Дайце аловак, — бянтэжыць мужчына прадаўшчыцу. І тая некалькі разоў перапытвае, што ўсё-ткі падаць. “А-а-а, карандаш”, — нарэшце, здагадваецца.
— У нас у краіне ён называецца аловак, — парыруе мужчына.
— Не ведаю, як там у вас на Украіне — у нас усе гавораць па-нармальнаму,—абураецца прадавец.
Ці не смешна? Канечне, смешна. Каб не было так сумна за слоўныя традыцыі продкаў, якія зараджаліся цэлымі пакаленнямі, а аказаліся непатрэбнымі.
Беларуская мова амаль ва ўсе эпохі перажывала складаны час. Так тлумачыла праблему філалагічнага адчужэння дацэнт журфака БДУ. Так і ёсць. Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай — каралюе польская мова. У складзе Расійскай імперыі — руская. У СССР таксама не ўсё адназначна. Па сутнасці, на піку развіцця наша мова знаходзілася толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Гэтага мала.
Але родная мова ўсё шчыльней уваходзіць у наша жыццё. У гіпермаркеце “Еўраопт” на Нямізе стаю і вушам не веру. Прадавец абслугоўвае пакупнікоў па-беларуску: “Добры дзень”, “З вас дзесяць рублёў дванаццаць капеек”, “Ваша рэшта, калі ласка”… Рупна чакаю сваёй чаргі, а тавар ад разгубленасці трымаю ў руках… “Пакладзіце на ленту,” — заўважыла мне прадавец. “На стужку”, — выпраўляю і кажу, што цяпер заўсёды буду прыходзіць у гэтую краму, бо тут размаўляюць па-беларуску.
Да слова, у Мінску вельмі многія сеткавыя крамы ўжываюць беларускую мову. І не толькі крамы. Буйныя карпарацыі таксама. Напрыклад, “Вэлком”, “Самсунг”, Банк БелВЭБ, сетка АЗС-100. Парадаваў і фэст “Аліварыі” выключна з беларускай мовай.
Партнёр брэндынгавай кампаніі Fabula Дзмітрый Кашкан уводзіць у курс справы: “Цяпер самы час раскрываць нацыянальную ідэю ў брэндзіраванні, у гэтым вялікі патэнцыял. Час цаніць сваё, унікальнае, роднае, вылучацца і выклікаць захапленне ў суседзяў. Гэта дапамагае запамінацца, стымулюе ў спажыўца натуральнае жаданне сваёй пакупкай стаць бліжэй да ідэі, якую транслюе брэнд. Родная мова даўно стала маркерам адкрытасці, элітарнасці, шчырасці”.
Не ведаю як вы, а я, напрыклад, заўсёды перавагу аддаю беларускім літарам на лагатыпах тавараў. Паміж “Сахаром” і “Цукрам” выбіраю цукар “Літвінскі”. “Што з таго? — круціцца ў галаве. — Ці я сваімі патрыятычнымі перакананнямі змагу паўплываць на спажывецкі кошык?” І раптам перапыняюся: “Чаму б і не? Мора складаецца з кропель, як і з адзінкавых гукаў бязмежная мова”.
Актыўна прапагандуе беларускую мову каталіцкі Касцёл і пробашч Чырвонага касцёла ў Мінску Уладзіслаў Завальнюк. Нездарма службы ў храмах вядуцца не толькі па-польску, а і па-беларуску. Вы чулі, як непаўторна гучаць малітвы і казанні на роднай мове? Паслухайце, да гэтага немагчыма застацца абыякавым.
Так што яшчэ ёсць спадзяванні, што родная мова ўстане на ногі, акрыяе, запалоніць сваёй мілагучнасцю, мяккасцю, унікальнасцю. Сустрэць у Мінску мінака, які размаўляе па-беларуску, — лёгка. І на вуліцы, і ў транспарце, і ў краме… І гэта ўжо не выклікае здзіўлення. Успрымаецца як норма. Калі раней я гаварыла і азіралася, як на мяне паглядзяць, то цяпер адчуваю сябе вельмі камфортна.
Пакаленне памянялася. Змяніліся і каштоўнасці. Калі раней панавала масавая культура, аднолькавае рыначнае адзенне і пераймаць камусьці пад капірку лічылася модным, то сучасныя акцэнты — элітарнасць, унікальнасць, персаніфікацыя. І беларуская мова гэтым пазіцыям — сяброўка.
Фота з сайта TUT.BY.
Алена БАСІКІРСКАЯ.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.