30 Апреля 2024

Доска почета Миорского района

gazeta
  • 633

Районный исполнительный комитет принял решение "О занесении на Доску почета Миорского района".


Раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне «Аб занясенні на Дошку гонару Міёрскага раёна». 

Высокіх паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2023 год дасягнулі:

v сярод арганізацый сельскай гаспадаркі і абслугоўваючых яе галін: калектывы СУП «Цітова» і ААТ «Туркова»;

v сярод арганізацый прамысловасці, жыллёва-камунальнай, лясной і дарожнай гаспадаркі, будаўніцтва, транспарту, сувязі і сферы паслуг, арганізацый, якія займаюцца вытворчасцю і размеркаваннем электраэнергіі, газу, паліва і вады: ТАА «Металапракатная кампанія», Дзісненскі лясгас, філіял «Міёрскае ДРБУ № 203» КУП «Віцебскаблдарбуд»;

v сярод устаноў сацыяльнай сферы (адукацыі, фізічнай культуры, спорту і турызму, культуры, медыцыны, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва): Дзісненская СШ імя Героя Савецкага Саюза М. Кузьміна, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзіцячая школа мастацтваў, Мікалаёўскі ФАП;

v сярод прадстаўнікоў мясцовага кіравання і самакіравання: Новапагосцкі сельскі Савет дэпутатаў.

На раённую Дошку гонару занесены партрэты найлепшых працаўнікоў. У іх ліку:

Марыя Валер’еўна Северына
намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы ЦРБ
Маладая ўрач акушэр-гінеколаг праявіла сябе ў прафесіі, аказваючы медыцынскую дапамогу жыхаркам нашага і Глыбоцкага раёнаў, дзе не было спецыяліста. Адказнасць і імкненне ўдасканальваць прафесійныя навыкі ацаніла адміністрацыя ЦРБ і ўсяго праз два гады работы прапанавала кіруючую пасаду.
З’яўляецца членам БРСМ. Актыўна ўдзельнічае ў раённых мерапрыемствах і праектах грамадскага аб’яднання. Напрыклад, выступала ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «SuperПРОФИ», у адкрытых дыялогах з кіраўніцтвам раёна, у аўта- і велапрабегах. Дэлегат VII Усебеларускага народнага сходу.


Сяргей Аляксандравіч Аніськін
вядучы інжынер па сістэмах аўтаматызацыі ўчастка аўтаматызацыі і электрапрываду службы галоўнага  метролага ТАА «Металапракатная кампанія»
На металапракатным заводзе працуе з 2019 года. Пастаянна павышае ўзровень прафесійнага майстэрства і імкнецца атрымліваць высокія вынікі ў забеспячэнні бесперабойнай работы ліній прадпрыемства і якасці прадукцыі. Дзейнічае ва ўмовах адсутнасці дастатковай тэхнічнай падтрымкі, што стымулюе да нестандартнага падыходу, крэатыўных рашэнняў, пастаяннага вывучэння розных праграмных прадуктаў, распрацоўкі і тэсціравання ўласных з наступным іх укараненнем. Дапамагае калегам, з’яўляецца настаўнікам для маладых спецыялістаў.


Алена Леанідаўна Раманоўская
майстар каўбаснага ўчастка ВУП «Міёрскі мясакамбінат»
Пачынала працоўную дзейнасць на прадпрыемстве ў 2005 годзе на пасадзе інжынера-тэхнолага ў каўбасным участку, працавала майстрам мясатлушчавога, цяпер у каўбасным, а таксама кіруе работай сыравіннага аддзела. Дысцыплінаваны, выканаўчы, патрабавальны і адказны спецыяліст і кіраўнік. Не дапускае парушэнняў працоўнай дысцыпліны і правіл унутранага распарадку ў давераным ёй калектыве. Падтрымлівае добразычлівыя адносіны з падначаленымі і карыстаецца іх аўтарытэтам.


 

Аляксандр Іванавіч Ціхановіч
майстар участка водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Міёрскага раёна філіяла «Наваполацкводаканал» УП «Віцебскводаканал»
Звыш дзесяці гадоў працуе ў сістэме жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а ў водаканале – з 2021-га. Зарэкамендаваў сябе як граматны, добрасумленны і высокакваліфікаваны кіраўнік. Аператыўна і кампетэнтна вырашае пастаўленыя задачы. Мае свой пункт погляду і аргументавана яго адстойвае. Актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці філіяла, з’яўляецца членам прафсаюзнай пярвічкі. Камунікабельны, ветлівы, тактоўны, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод работнікаў.



Марына Казіміраўна Дзям’янава
рэжысёр узорнага тэатра авангарднай моды аддзела народнай творчасці ЦКіНТ
У галіне культуры з 2018 года. Творчая, таленавітая і актыўная ў грамадскім жыцці. Рыхтавала сцэнарыі і шыла касцюмы для выступлення сваёй сям’і ў конкурсах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, а таксама тэматычныя калекцыі касцюмаў, з якіх многія сталі лаўрэатамі і фіналістамі абласных конкурсаў. Добры сцэнарыст і рэжысёр, улюбёны ў сваю прафесію чалавек. Распрацавала і правяла шмат канцэртных праграм, выступае ў якасці акцёра.
Адзначана Ганаровай граматай райвыканкама, прызнана найлепшым клубным работнікам раёна, стала «Жанчынай года Міёршчыны - 2022».


Валянцін Мікалаевіч Пятроў
аператар кацельні Паўночнай УП ЖКГ
У жыллёва-камунальнай гаспадарцы заняты з 1999 года. У яго абавязках падпалка, пуск і спыненне катлоў, іх сілкаванне вадой і рэгуляванне гарэння паліва, назіранне па прыборах за ўзроўнем вады ў катле, ціскам пару і тэмпературай вады, што падаецца ў ацяпляльную сістэму. Абслугоўвае катлы, якія працуюць на цвёрдым і газападобным паліве.
Кампетэнтнаму, працавітаму і стараннаму работніку аб’яўлена Падзяка старшыні райвыканкама.




Кацярына Пятроўна Зінькевіч
урач-афтальмолаг афтальмалагічнага кабінета паліклінічнага аддзялення ЦРБ
Ва ўстанове занята з 2004 года, на пасадзе з 2012-га. Умелы спецыяліст адданы справе паляпшэння медыцынскага абслугоўвання і аховы здароўя насельніцтва. У 2021 годзе ёй прысвоена другая кваліфікацыйная катэгорыя. Павышае свой прафесійны ўзровень, вывучае спецыялізаваную літаратуру. Выкананне амбулаторных урачэбных наведванняў у 2023 годзе склала 104 %, ахоп медаглядамі пацыентаў, хранічныя захворванні – 100 %.
Узнагароджана Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама, яе партрэт занесены на Дошку гонару ўстановы.



Міхаіл Фёдаравіч Кабёлка
электрагазазваршчык філіяла «Міёрскае ДРБУ № 203»
У дарожнай гаспадарцы з 2001 года. Адказна ставіцца да работы, не лічыцца з асабістым часам. Не дапускае парушэнняў працоўнай дысцыпліны і таго ж патрабуе ад іншых. Летась пры яго непасрэдным удзеле выкананы работы па ўтрыманні аўтадарог на суму 909 тысяч рублёў, заасфальтаваны ўчасткі вуліц райцэнтра працягласцю 13,05 км на суму 433 тысячы рублёў, выкананы бягучы рамонт на 13,23 км, заасфальтаваны ўчасткі мясцовых дарог на суму 951 тысяча рублёў.
У розныя гады ўзнагаро- джаны Ганаровай граматай і ўдастоены падзякі КУП «Віцебскаблдарбуд», а таксама звання «Ветэран працы».


Святлана Юр’еўна Хаданёнак
старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх міліцыі грамадскай бяспекі РАУС
Маёр міліцыі мае практычны вопыт работы і добрую тэарэтычную падрыхтоўку, дабіваецца высокіх вынікаў у службовай дзейнасці, што пацвярджаюць узнагароджанні ад кіраўніцтва аддзела і ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама. Зменшылася колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі і з іх удзелам. Летась зарэгістраваны толькі адзін выпадак. Удзельная вага злачынстваў непаўналетніх склала 1,1 % пры 2,9 % па вобласці і рэспубліцы. Індывідуальную прафілактычную работу вядзе з дванаццацю падлеткамі.
ІСН па выніках работы за 2023 год заняла пятае месца ў вобласці.



Таццяна Генадзеўна Сіповіч
загадчык малочнатаварнай фермы «Дзянісы» ААТ «Любінова»
Загадвае фермай з 2005 года, граматны і кваліфікаваны спецыяліст. Мае багаты вопыт у сферы жывёлагадоўлі і прафесійна прымяняе свае веды на практыцы. Цікавіцца новымі тэхналогіямі. Стварае спрыяльны клімат і добрую працоўную атмасферу ў калектыве. Да таго ж выконвае абавязкі аператара машыннага даення, за ёй замацавана 178 кароў. Летась надой на адну галаву склаў 3 655 кг, а гэта больш на 280 кг за ўзровень 2022-га.
У 2023 годзе Таццяне Генадзеўне аб’яўлена Падзяка старшыні райвыканкама.



Надзея Міхайлаўна Мацвеева
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 3
На пасадзе з 2001 года. Валодае тэарэтычнымі ведамі ў галіне дашкольнай адукацыі і практычнымі навыкамі работы з педагагічным калектывам, аналітычнай і рэфлексійнай культурай. Творча падыходзіць да вырашэння задач, умее працаваць у інфармацыйнай прасторы. У рабоце з кадрамі асаблівую ўвагу надае грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню дзяцей дашкольнага ўзросту.
Кіруе раённым творчым праектам «Арганізацыя актыўнага ўзаемадзеяння з сям’ёй у інфармацыйна-камунікацыйным асяродку ўстаноў дашкольнай адукацыі».
Член ГА «Белая Русь».


Алена Пятроўна Муравей
аператар машыннага даення СУП «Цітова»
Доіць кароў у сельгаспрадпрыемстве з 2020 года. Вялікую ўвагу надае пытанням павелічэння паказчыкаў вытворчасці і паляпшэння якасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Здольна спраўляцца з вялікім аб’ёмам работы, дакладна ставіць задачу і выконваць яе. Вынікі 2023 года радуюць: надой малака на карову склаў 7 193 кг; стала пераможцай у раённых спаборніцтвах; узнагароджана Ганаровай граматай Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК; была дэлегатам на II Рэспубліканскім форуме сельскіх жанчын у Мінску.




Алена Антонаўна Астукевіч
сацыяльны работнік I кваліфікацыйнай катэгорыі аддзялення сацыяльнай дапамогі дома ТЦСАН
У прафесіі з 1998 года. Камунікабельная і таварыская, выклікае давер і падтрымлівае ў цяжкую хвіліну. Абслугоўвае дзевяць пажылых людзей з аграгарадка Павяцце і аказвае кожнаму ў сярэднім 7,25 паслугі, што складае 105 % да паказчыка па ТЦСАН. Сочыць за станам іх здароўя, своечасова звяртаецца па дапамогу ў медыцынскія ўстановы, праводзіць працэдуры, прызначаныя ўрачом, купляе лекі, дапамагае вырошчваць ураджай. Яе лічаць членам сям’і.
Узнагароджана Ганаровай граматай старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама.




Аляксандр Арнольдавіч Баршчэўскі
трактарыст-машыніст сельгасвытворчасці ВУПКУ «Міёрскі»
У гаспадарцы заняты з 1993 года, на пасадзе з 2009-га. Умее правільна размеркаваць час і сілы на выкананне даручанай работы. Валодае арганізатарскімі здольнасцямі. Вопыт перадае маладым супрацоўнікам. Актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці працоўнага калектыву. У перыяд уборачнай кампаніі займае прызавыя месцы ў абласных і раённых спаборніцтвах сярод камбайнераў па намалоце збожжа. Летась на яго рахунку было 669,3 тоны зерня, 109,4 тоны рапсу і 1,7 тоны шматгадовых траў.
У 2021 годзе яму прысвоена званне «Чалавек года Міёршчыны».




← Предыдущая

Лучшие санитарные дружины Миорщины

Назад к списку
Следующая →

Браславский ГИМС информирует

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]