05 Января 2021

Посетители дисненского филиала отделения дневного пребывания для пожилых людей рассказывают о повседневных делах

gazeta
  • 668

 Наведвальнікі дзісненскага філіяла аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання нацэлены на актыўнае даўгалецце, творчую самарэалізацыю, умацаванне здароўя. Пандэмія каронавіруса, падчас якой у зоне рызыкі апынуліся людзі сталага ўзросту, унесла карэктывы ў іх дзейнасць, але не паўплывала на аптымізм і бадзёры настрой. 

 

Мінімум стасункаў

З кабінета чуецца вясёлая гамонка. Гэта наведвальнікі аддзялення Марыя Блажкевіч, Людміла Тарубарава і Алена Казлоўская абмяркоўваюць песні, вершы, інсцэніроўкі святочнай праграмы. 2020 год віталі разам з клубам «Ветэран» Полацкага гарадскога цэнтра культуры. 2021-ы сустрэлі ў вузкім коле. З-за пандэміі каронавіруса вымушаны абмежаваць кантакты з клубамі і творчымі аб’яднаннямі, з якімі склаліся цёплыя сяброўскія адносіны.

 
– Хочацца пабачыцца з міёрскім клубам «Бажэна», з якім не раз ладзілі сумесныя пасяджэнні. Ансамбль «Полацкія россыпы» апошні раз прымалі ў сябе ў сакавіку. Тады ж сустракаліся з рэдактарам полацкага літаратурнага аб’яднання «Наддзвінне» Людмілай Фёдаравай, любаваліся вырабамі ўдзельнікаў клуба лапікавага шыцця «Рошва» з Полацка, што прывозілі яркую выставу. Творчых сувязей у нас шмат, але пакуль прыпынілі стасункі. Нават да сваіх суседзяў – падапечных аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў – не можам наведвацца з валанцёрскімі канцэртамі, што раней практыкавалі пастаянна, – расказвае спецыяліст па сацыяльнай рабоце Алена Ільічова. – Разам з тым аддзяленне працягвае працаваць. У красавіку мінулага года дзейнасць гурткоў прыпынілі цалкам, з верасня аднавілі работу, але з пэўнымі абмежаваннямі. На занятках могуць прысутнічаць не больш за пяць чалавек. Абавязковыя масачны рэжым, апрацоўка рук дэзсродкам, сацыяльная дыстанцыя ў паўтара метра.

 
Гасцей цяпер прымаюць рэдка. І самі наведвальнікі пакуль застаюцца ў аддзяленні. Прыгадваюць свае падарожжы ў Сар’ю, Мосар, Германавічы, дзе ў мясцовым музеі бліжэй пазнаёміліся з творчасцю Язэпа Драздовіча, на «Вішнёвы фестываль» у Глыбокае. Сёлета актывісты аддзялення Людміла Тарубарава і Алена Окунева ўдзельнічалі ў канцэрце «Жураўліная нота» падчас экафэсту «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю».

 

Максімум карысці

У дзісненскім філіяле дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання дзейнічаюць тры гурткі. На занятках у «Літаратурна-музычнай гасцёўні» разам з Аленай Ільічовай слухаюць музыку і чытаюць вершы. Асабліва падабаецца наведвальнікам творчасць Ларысы Рубальскай. Праводзяць агляд тэматыкі перыядычных выданняў. Абмяркоўваюць прачытаныя кнігі, якім апошнім часам надаюць асаблівую ўвагу. Бэстсэлерамі сталі «Разумный мир. Как жить без лишних переживаний» Аляксандра Свіяша, «Магическая уборка» Мары Кандо, «Поможет только вода» Вольгі Бутаковай, «Царство врачебных трав и растений», «500 блюд для иммунитета, здоровья, энергии» і шмат іншай мастацкай і навукова-папулярнай літаратуры. Былы бібліятэкар Марыя Блажкевіч сама цікавіцца кнігамі і дастаўляе іх знаёмым.

 
Фізічны і псіхалагічны стан умацоўваюць на гуртках «Урокі здароўя» разам з валанцёрам, доктарам на заслужаным адпачынку Таццянай Бандарэвіч і «Лекавая сіла голасу», што вядзе Людміла Тарубарава.Чаі на травах, вітаміны ў рацыёне, умераныя фізічныя нагрузкі, гімнастыка дыхальная і для суставаў, анлайн-падарожжы, песні ў караоке – пастаянныя складнікі сустрэч.

 
Клапоцяцца ў аддзяленні пра павышэнне фінансавай і камп’ютарнай граматнасці сваіх наведвальнікаў. Нядаўна давала кансультацыі па страхаванні агент Белдзяржстраху. Удасканальваць навыкі работы на камп’ютары дзісненцы скіруюцца ў сацыяльнае кафэ «Срэбраны ўзрост», што нядаўна адчынілася ў ТЦСАН. За цікавае і прадуманае навучанне правілам пажарнай бяспекі наведвальнікі аддзялення ўдзячны інспектару РАНС Дзмітрыю Плотнікаву, што сістэматычна наведваецца ў дзісненскі філіял.

 

Самі сабе рэжысёры

Невялікай дружнай кампаніяй адзначылі наведвальнікі аддзялення першы юбілей клуба «Залаты ўзрост». Пяць гадоў аб’яднанню споўнілася 17 лістапада.
– За гэты час мы сталі як адна сям’я, – заўважае ўдзельніца клуба Людміла Тарубарава. – Калі вясной адмянілі заняткі гурткоў і клубныя сустрэчы, нам вельмі не хапала зносін адна з адной, хоць багата было клопатаў у садах-агародах. Сустракаючыся ў горадзе, радаваліся магчымасці пагутарыць, расказаць пра свае справы.

 
Актыўнае жыццё ў аддзяленні, нягледзячы на пандэмію, працягваецца. Пазітыўны настрой ствараюць сабе самі. Выкарыстоўваюць самыя дзейсныя інструменты: музыку, паэзію, гумар, слушныя парады і ўзаемападтрымку. І, канешне, спадзяванне на найлепшае.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота аўтара.

← Предыдущая

Витебск выбирает BUTIKAVTO: в городе откроется второй автохаус сети

Назад к списку
Следующая →

В Миорах открылось интернет-кафе для пожилых людей

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]