Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
Кажуць, быць мамай – работа. Для бацькоў-выхавацеляў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Жанны Лашынай і Ганны Пабярэжскай гэта сапраўды так. Кожны іх дзень напоўнены клопатамі пра дзяцей, для якіх сталі сям’ёй.
Два дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ў Міёрах знаходзяцца па-суседстве. Іх выхаванцы часта праводзяць разам вольны час. Падтрымка і ўзаемавыручка ў адносінах паміж бацькамі-выхавацелямі Жаннай Лашынай і Ганнай Пабярэжскай. Сёлета пятнаццаць гадоў, як прыйшла ў прафесію Жанна Яўгенаўна. Чатыры гады працуе мамай Ганна Эдуардаўна.
– Убачыла ў газеце аб’яву, што ў дзіцячы дом сямейнага тыпу патрэбны выхавацель, і вырашыла змяніць прафесію. Гэта было смела, – успамінае Жанна Лашына. – Па дыпломе я аграном, працавала ў райаграсэрвісе. Работа адымала шмат часу, а мне хацелася больш удзельнічаць у жыцці малодшага сына, які на той час вучыўся ў чацвёртым класе. Старэйшы ўжо ў арміі служыў. А яшчэ хацелася штосьці даць іншым дзецям. Верагодна, гэта было пакліканне душы.
Жанна Яўгенаўна была адзінай, каго зацікавіла вакансія. Адсутнасць педагагічнай адукацыі не стала перашкодай для работы мамай, якая бярэ адлік са снежня 2010 года. 2011-ы сям’я сустракала ў пашыраным саставе: яшчэ з чатырма дзецьмі.
– Першы месяц было вельмі цяжка. І псіхалагічна, і ў плане быту. Уявіце: было адно дзіця – і раптам яшчэ чатыры, і да кожнага трэба знайсці падыход. З часам прывыкла да новага ладу жыцця. У мяне больш за 30 выпускнікоў. З многімі падтрымліваем сувязь па тэлефоне, – дзеліцца суразмоўніца і падкрэслівае: – У гэтай справе трэба быць моцным духам, словы пацвярджаць справай.
Ганну Пабярэжскую ў прафесію мамы прывяло жаданне вярнуцца з Віцебска на Міёршчыну. Ураджэнка вёскі Вазаўнікі, скончыўшы Дворнасельскую школу, паступіла ў ВДУ імя П. Машэрава. Пасля ўніверсітэта тры гады займалася з вучнямі-пачаткоўцамі, затым 20 гадоў – з выхаванцамі дзіцячага сада.
– Ніколі не думала, што буду працаваць у дзіцячым доме сямейнага тыпу. Пра вакансію даведалася ад сястры. Абмеркавалі на сямейным савеце і вырашылі пераехаць у Міёры. Старэйшы сын на той час заканчваў ваенную акадэмію, малодшы вучыўся ў сёмым класе, – расказвае сваю гісторыю Ганна Эдуардаўна. – Да работы прыступіла 1 кастрычніка 2021 года. Адаптацыя праходзіла паступова. Да канца года ўжо было трое выхаванцаў ва ўзросце 13-14 гадоў. Перажывала, як будзем кантактаваць. Старэйшыя дзеці не палюбяць выхавацеля як маці. Аднак важна заслужыць іх павагу. Для гэтага трэба паважаць кожнага як асобу. На гэтым і будавала адносіны. Яшчэ ў пачатку маёй педагагічнай дзейнасці намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ў школе, дзе я працавала, падзялілася правілам: самае важнае для настаўніка – адзінства патрабаванняў. Кіруюся ім і цяпер.
Цёця Жанна і цёця Аня. Так клічуць дзеці сваіх выхавацеляў. Некаторыя з выпускнікоў называлі мамамі. Звароты па імені і імені па бацьку не практыкуюцца. Па меркаванні бацькоў-выхавацеляў, гэта надае стасункам пэўную афіцыйнасць, а дзецям важна адчуваць сябе як дома.
Цяпер у Жанны Яўгенаўны і Ганны Эдуардаўны па пяцёра выхаванцаў. У кожнага сваё мінулае, свой характар, свае «калючкі». Бацькі-выхавацелі ведаюць дзяцей з розных бакоў і акцэнтуюць увагу на іх станоўчых якасцях.
– Сястра і брат – сямікласніца Аліна і пяцікласнік Мікіта – са мной са снежня 2023 года. Аліна захапляецца бісерапляценнем, дапамагае на кухні. Мікіта – хлопчык рухавы, любіць мяч у двары паганяць. Разам з тым вучыцца іграць на баяне ў дзіцячай школе мастацтваў, – расказвае пра сваіх выхаванцаў Жанна Лашына. – У пятым класе вучыцца Юля, былі цяжкасці ў навучанні, цяпер справы з паспяховасцю ідуць лепш. Ахвотна дапамагаюць з хатнімі справамі васьмікласнік Захар і дзевяцікласнік Саша. Усе дзеці адкрытыя, расказваюць, як прайшоў дзень у школе. Урокі рыхтуюць самастойна, аднак кантроль з майго боку ўсё роўна застаецца.
Выхаванцы Ганны Пабярэжскай, можна сказаць, равеснікі. Жэню, Марыне і Дзіму па дзесяць гадоў, Багдану – 11, старэйшаму Навуму – 12.
– Навум у нас мысліцель, увесь час пра штосьці думае. Яго сястра Марына любіць мультфільмы і кіно, ёй цікава дапамагаць на кухні. Дзіму ўласціва камунікабельнасць, хутка адаптуецца ў новых сітуацыях. Жэня – хлопчык творчы, паўсюль яго малюнкі, майструе з кардона, займаецца ў школе мастацтваў. Наведвае выяўленчае аддзяленне і Багдан, нядрэнна малюе, – знаёміць з дзецьмі Ганна Эдуардаўна. – Калі ў доме з’яўляецца новае дзіця, яно для нас нібы кніга. З прытулка атрымліваем характарыстыку – анатацыю да гэтай кнігі. Пасля самі чытаем старонку за старонкай. З часам дзеці становяцца адным калектывам.
Кожны дзень бацькоў-выхавацеляў напоўнены клопатамі. Прыгатаваць сняданак, абед і вячэру, падтрымліваць парадак у доме і ў двары, купіць прадукты, зазірнуць у аптэку ці паліклініку… Далучаюць да хатніх спраў выхаванцаў.
– Практыкуем дзяжурствы, – заўважае Ганна Эдуардаўна. – Абавязак дзяжурнага – сачыць за чысцінёй у санвузле, пасля вячэры – прыбраць на кухні.
– Прывучаем сачыць за сабой, трымаць у парадку свае рэчы, граматна абыхо- дзіцца з грашыма, – працягвае Жанна Яўгенаўна. – Дзеці самі пытаюцца, што трэба зрабіць. Стараюцца.
Задача бацькоў-выхавацеляў – ствараць належныя ўмовы для пражывання і выхавання дзяцей, сачыць за іх здароўем, забяспечваць дабрабыт. Асобным пунктам у службовай інструкцыі прапісана садзейнічанне ў стасунках з роднымі бацькамі і сваякамі. Аднак калі гэта не наносіць шкоду дзіцяці.
– Няпросты момант. Часам дзеці не ведаюць, дзе ім шукаць праўду, – адзначае Жанна Яўгенаўна. – Нашы выхаванцы сустракаліся з сітуацыямі, калі словы іх бацькоў разыходзіліся са справай. І разам з тым усё роўна хочуць дадому.
– Некаторыя ў тым, што іх забралі з сям’і, вінавацяць сябе. Думаюць, гэта здарылася з-за іх паводзін, – дадае Ганна Эдуардаўна. – Псіхалагічную падтрымку нашым дзецям аказваюць спецыялісты раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, з якім цесна ўзаемадзейнічаем.
Работа бацькоў-выхавацеляў – не толькі абавязкі, вызначаныя сухімі фармуліроўкамі. Гэта нашмат больш. Акрамя бытавога і матэрыяльнага камфорту дзецям важна адчуваць цеплыню, разуменне, падтрымку. Як заўважаюць суразмоўніцы, любімчыкаў у іх няма. Усім дзецям – пароўну ўвагі і клопату.
Кажуць, мама не ведае выхадных. Для Жанны Лашынай і Ганны Пабярэжскай гэта так. У суботу і нядзелю яны таксама з дзецьмі. Расстаюцца толькі на час водпуску.
– І ўсё роўна дзеці ў думках, – адзначае Жанна Яўгенаўна.
– Іх жыццё – частка нашага жыцця, – дапаўняе Ганна Эдуардаўна.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.