21 Января 2016

По следам любимой учительницы и дорогой мамочки

gazeta
  • 395
По следам любимой учительницы и дорогой мамочкиБлакіт неба, ранішняя і вечаровая зара, вясёлка пасля навальніцы, сакавітая зялёная трава, сонца, зоры, месяц — усё радуе вока сваім хараством і гармоніяй у маленькай вёсачцы Дрыгучы. Тут, дзе бурліць Заходняя Дзвіна, дзе востраў раскінуў свае берагі, жывуць і працуюць на роднай зямлі добрыя людзі.  
 
Прыемна прайсціся па ціхіх вулачках, паназіраць, як завіхаюцца і ўладкоўваюць свае сядзібы мясцовыя жыхары. А вось на ўскрайку велічная пабудова — вясковая школа-сад. Шмат гадоў гэтаму храму ведаў прысвяціла мая самая любімая настаўніца Людміла Сяргееўна Лаўрыновіч. 
 
Хутка ляціць час: секунды складваюцца ў хвіліны, хвіліны—у гадзіны, гадзіны—у гады. Усё падуладна няўмольнаму бегу: рухаецца, змяняецца, знікае…

—Прайшло ўжо больш за 20 год, як здзейснілася мая дзіцячая мара—быць настаўнікам і працаваць у школе,—дзеліцца Людміла Сяргееўна.—У 80-х скончыла Аршанскае педвучылішча і па размеркаванні трапіла ў Дрыгучы. Прыгледзелася да мясцовай прыгажосці, і гэтае адчуванне прастору, прахалоды, пахаў, гукаў, колераў захапіла мяне. Школа на ўскрайку вёскі, дзіцячыя галасы, цудоўныя калегі—як было тут не застацца. Праводзіла заняткі па геаграфіі і чарчэнні, была класным кіраўніком. Свой першы выпуск не забуду ніколі. Нават цяпер, калі дзеці сталі дарослымі, мы рады адзін аднаму. Хтосьці патэлефануе, іншага сустрэнеш. Нам ёсць пра што ўспомніць. 

Колькі зроблена за гады любімай працы. Акрамя заняткаў ладзілі экскурсіі. Вывучалі родныя ваколіцы і ўпэўніваліся, што прырода не стварае нічога непатрэбнага, усё ,што ў ёй існуе,—ад кропелькі расы на сцяблінках, да вялізных абшараў лясоў ці балот—неабходнае, карыснае і па-свойму прыгожае. Вандравалі па адметных мясцінах краіны, дакраналіся да яе гісторыі, што яшчэ больш узмацняла ў вучняў жаданне цаніць і разумець каштоўнасць жыцця, хараство роднага краю, гармонію душы беларусаў. Штогод удзе-льнічалі ў турыстычных злётах, дзе вучні спрабавалі сябе ў спаборніцтвах, спартыўным арыентаванні, ладзілі канцэрты на свежым паветры, вучыліся жыць на ўлонні прыроды. Праводзілі даследаванні, у тым ліку вясковых калодзежаў, валуноў у нашай мясцовасці. Іх вынікі адсылалі на раённыя конкурсы, дзе бралі прызавыя месцы. 

А колькі праведзена мерапрыемстваў у школе—не злічыць. Гэта і адраджэнне культурнай спадчыны, і вывучэнне і папулярызацыя традыцый і гісторыі нашага краю, і падтрымка ветэранаў і сталых людзей. 
—Па пэўных абставінах цяпер працую ў школе па-суседству з нашай вёскай, але што гэта змяняе. Дзіцячыя галасы звіняць на перапынках бы крыштальныя званочкі, па-ранейшаму гараць агеньчыкі ў вачах вучняў, таксама ладзім мерапрыемствы, удзельнічаем у конкурсах, арганізоўваем экскурсіі,—гаворыць Людміла Сяргееўна.

Для мяне яна не проста выдатны, кваліфікаваны, адданы сваёй справе настаўнік. Гэты светлы чалавек—мая дарагая матуля. Дзякуй табе, родная, за самае лепшае і сапраўнае дзяцінства. Не толькі маё, але і дзясяткаў іншых дзяцей. Дзякуй, што навучыла не толькі школьным прадметам, але і прывіла любоў да прыроды: неба, лесу, азёр і рэк, кветак і дрэў, узгоркаў і стэпаў.  У кожнага з нас нарадзілася сваё разуменне прыгажосці, сваё бачанне, сваё адчуванне. 

Зараз я атрымліваю адукацыю ў дзяржаўным педуніверсітэце імя М. Танка, дзе калісьці вучылася і мая матулечка. Упэўненымі крокамі іду па яе слядах і ніколькі не шкадую. Хочацца так, як і маці, дарыць дзецям сапраўднае дзяцінства.
 
Ганна ЛАЎРЫНОВІЧ.
На здымку: Людміла Сяргееўна Лаўрыновіч.


← Предыдущая

Белорусов ждут три выходных подряд в мае 2027 года

Назад к списку
Следующая →

История коллекции ручек Ольги Николаевны Позняк из Николаёва

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]