09 Декабря 2025

Инновационная деятельность Чепуковской школы

gazeta
  • 962

 Чапукоўская СШ – піянер інавацыйнай дзейнасці ў раёне. Яшчэ ў 2005 годзе распачала рэалізацыю абласнога інавацыйнага праекта «Школа экалагічнай культуры». З 2016-га рэалізуюць толькі рэспубліканскія інавацыйныя праекты. З мінулага навучальнага года працуюць у праекце «Укаранне мадэлі фарміравання культуры здаровага ладу жыцця, сацыяльна бяспечнай адказнасці, паводзін навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы», у які ўключаны 30 устаноў адукацыі краіны.

Спачатку была экалогія

Ля вытокаў інавацыйнай дзейнасці ў Чапукоўскай СШ стаялі колішнія намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Гром і па выхаваўчай Рэгіна Мілеўская. Ад іх у 2009 годзе пераняла эстафету намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Качан.

– Мне выпала абагульняць вопыт работы ў першым праекце, які завяршалі ў 2010-м. Праца мела плён. Школа актыўна супрацоўнічала з тагачасным дырэктарам заказніка «Ельня» Пятром Багалеем, вучні і педагогі сталі актыўнымі ўдзельнікамі валанцёрскіх атрадаў, якія дапамагалі ў аднаўленні балота пасля пажараў, – прыгадвае Ірына Іванаўна. – Пасля працавалі па праграме «Зялёныя школы», што з часам вырасла ў абласны і хутка выйшла на ўзровень рэспубліканскага інавацыйнага праекта, які рэалізоўвалі з 2011 па 2015 гады пад куратарствам настаўніцы біялогіі Эльвіры Хахель.

Экалагічны накірунак выбралі для ўдзелу ў пілотным рэспубліканскім праекце па стварэнні рэсурсных інавацыйных цэнтраў. З 23 удзельніц – устаноў адукацыі краіны Чапукоўская СШ была самай маленькай па колькасці вучняў. У ходзе рэалізацыі праекта пераймалі і дзяліліся вопытам. Пабывалі ва ўстановах адукацыі Мінска, Оршы, Косава і іншых гарадоў, прымалі гасцей у сябе. Сярод напрацовак праекта – аўтарскі сайт настаўніцы матэматыкі Іны Гродзь з задачамі, змест якіх уключае інфармацыю аб прыродаахоўных аб’ектах раёна, а таксама сеткавыя праекты для вучняў, настаўнікаў, рэалізаваныя творчай групай педагогаў.

Накірункі патрыятычнага выхавання

Наступны інавацыйны рэспубліканскі праект – «Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнцаў у адкрытай адукацыйнай прасторы з улікам рэгіянальнай спецыфікі» – рэалізоўвалі на чале з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Святланай Грыгаровіч.

– У гэтай школе працую з 2021 года. Прыняла прапанову Ірыны Іванаўны паспрабаваць сябе ў рэалізацыі інавацыйнай дзейнасці. Паланілі яе энтузіям і вопыт у сферы, якая для мяне стала новым накірункам выхаваўчай работы, – заўважае Святлана Мікалаеўна. – Праект грамадзянска-патрыятычнай скіраванасці раскрываў работу класных кіраўнікоў, кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Сярод яго вынікаў дзве даследчыя работы, якія вучні пісалі пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Сяргея Хамянка. Адна з іх прысвечана вёсцы, спаленай у гады Вялікай Айчыннай вайны. Работа «Лёс вёскі Сухавержжа (у памяці пакаленняў і гісторыі Вялікай Айчыннай вайны) Міёрскага раёна Віцебскай вобласці» ў 2023 годзе адзначана дыпломам ІІ ступені на рэспубліканскай метадычнай выставе. У рамках праекта ладзілі тэматычныя экскурсіі, удзельнічалі ў мітынгах, падтрымлівалі пастаянныя стасункі з малалетнім вязнем фашызму Людмілай Іванаўнай Бялевіч, якая жыве ў Чапуках; наладзілі супрацоўніцта з моладзевым праваслаўным рухам «Ладанка», сустракаліся з праваслаўнымі і каталіцкімі святарамі.

Адна з мэт праекта – матываваць вучняў вяртацца на малую радзіму маладымі спецыялістамі. Як вынік, трое выпускнікоў школы за апошнія гады заключылі мэтавыя дагаворы і атрымліваюць педагагічную адукацыю.

Праект завяршылі ў мінулым навучальным годзе. Напрацаванымі матэрыяламі педагогі працягваюць карыстацца ў сваёй дзейнасці.

– Падчас рэалізацыі інавацыйнага праекта настаўнікі ра-зам з вучнямі ствараюць уласны метадычны прадукт. Праз удзел у конкурсах, праз напісанне даследчых работ дзіця развівае свае здольнасці і асабістыя якасці. Для вучняў сельскай школы гэта асабліва важна, – адзначае Святлана Мікалаеўна.

За здаровы і бяспечны лад жыцця

У 2023/2024 навучальным годзе Чапукоўская СШ сярод 30 устаноў адукацыі краіны далучылася да інавацыйнага праекта «Укаранне мадэлі фарміравання культуры здаровага ладу жыцця, сацыяльна бяспечнай адказнасці, паводзін навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы».

– Трапіць у чарговы інавацыйны прект няпроста. Установа адукацыі павінна прадаста- віць унікальныя метадычныя напрацоўкі, аўтарскі матэрыял. Толькі па жаданні ў работу не ўключаюць, – заўважае Святлана Грыгаровіч. – Новы інавацыйны праект кардынальна адрозніваецца ад ранейшых і вельмі значымы для сучаснай школы і ўвогуле ў сучасным грамадстве. Пралогам да яго рэалізацыі стала падрыхтоўчая работа, якую з намі вялі прадстаўнікі Акадэміі адукацыі, Інстытут ЮНЭСКА, клуба ЮНЭСКА ў Санкт-Пецярбурзе.

Аснову праекта складаюць відэаролікі па бяспечных ладзе жыцця і сацыяльным асяродку для падлеткаў, распрацаваныя Акадэміяй адукацыі і Інстытутам ЮНЭСКА. Тэмы – сяброўства і каханне, прафілактыка гвалту, булінгу, тролінгу, крызісных станаў непаўналетніх, захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам; асабістая гігіена і карысныя звычкі. Расповяд ідзе ад імя падлетка, таму матэрыял лёгка ўспрымаецца вучнёўскай аўдыторыяй.

– На некаторыя з гэтых тэм бацькі не размаўляюць з дзецьмі. Аднак сучаснае грамадства патрабуе граматнага выхавання падлеткаў, – гаворыць Святлана Мікалаеўна. – Першымі гледачамі ролікаў яшчэ да пачатку рэалізацыі праекта сталі старшакласнікі, якія наведвалі школьны лагер працы і адпачынку. Іх уразіла тое, што на многія тэмы можна адкрыта гаварыць з настаўнікамі. Важна данесці вучням, што настаўнік – іх старэйшы сябар і ў стасунках з ім няма забароненых тэм. Трэба толькі граматна іх абмяркоўваць.

У рамках праекта ідзе супрацоўніцтва з рэспубліканскім цэнтрам псіхалагічнай дапамогі «Давер». Для старшакласнікаў ладзілі анлайн-сустрэчу з псіхолагам цэнтра. У мінулым навучальным годзе ў школе прайшлі два метадычныя аб’яднанні для педагогаў сацыяльных і псіхолагаў, намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце, падчас якіх падзяліліся напрацаваным вопытам і метадычнымі матэрыяламі.

Сёлета ў кастрычніку ў рамках месячніка па прафілактыцы крызісных станаў класныя кіраўнікі распрацоўвалі тэматычныя класныя гадзіны і праводзілі адкрытыя заняткі.

– Кожны інавацыйны праект абавязвае да публікацый, удзелу ў канферэнцыях, стварэнні аўтарскіх метадычных матэрыялаў, – заўважае Святлана Мікалаеўна. – Усё гэта садзейнічае прафесійнаму росту педагогаў і шматбаковаму развіццю вучняў. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

Фота прадаставіла Святлана ГРЫГАРОВІЧ.

← Предыдущая

Историческое прошлое как визитная карточка Дисны

Назад к списку
Следующая →

Мастер-классы по джутовой филиграни проводит в Миорском ТЦСОН Елена Сташуленок

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]