15 Августа 2026

На Миорщине развернулась археологическая экспедиция под руководством Марата Климова

gazeta
  • 3562

 

На Міёршчыне разгарнулася археалагічная экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка, кандыдата гістарычных навук Марата Клімава. Нагодай для пачатку работ у вёсцы Алешчанцы стала паведамленне дырэктара ААТ «Туркова». Гаспадарка планавала прыступіць да ворыва на адным з участкаў, але механізатары натыкнуліся на прадметы, якія адразу прыцягнулі ўвагу спецыялістаў. Карэспандэнты газеты разам з супрацоўнікамі музея наведалі месца раскопак і даведаліся, якія таямніцы хавала зямля ў Алешчанцах.

– Цікавасць да гэтага месца ўзнікла невыпадкова. Археолагі здагадваліся пра існаванне помніка па актыўнасці «чорных капальнікаў», якая даўно тут назіралася, – адзначае кіраўнік экспедыцыі Марат Клімаў. – Тры гады таму даследчыкі атрымалі першыя звесткі пра знаходкі і вырашылі праверыць, што менавіта прыцягвала нелегальных шукачоў. Сёлета вясной, калі поле было разарана, спецыялісты правялі даследванне тэрыторыі і ўжо першыя назіранні пацвердзілі: месца мае значны археалагічны патэнцыял.

На паверхні і ў верхніх пластах глебы былі выяўлены шматлікія фрагменты керамікі, рэшткі печышчаў, сляды пажару, вугалі і абвугленыя ўключэнні. Для археолагаў такія знаходкі асабліва каштоўныя: пажар фіксуе момант часу, калі прадметы падаюць і застаюцца ў тым становішчы, у якім іх заспела бяда. Сяляне калісьці забралі ўсё, што ляжала зверху, пазней сюды прыходзілі «чорныя капальнікі», а навукоўцам засталіся толькі глыбокія ямы пажарышча. Аднак менавіта яны дазваляюць аднавіць сапраўдную карціну мінулага.

Экспедыцыя Інстытута гісторыі НАН пачала паўнамаштабныя даследаванні. Археолагі працуюць не дзеля асобных прыгожых артэфактаў, а дзеля кантэксту – таго, што дазваляе зразумець уладкаванне жыцця, гаспадаркі і быту людзей XVI стагоддзя. Адну з раскопак пакінулі адкрытай спецыяльна для карэспандэнтаў: у глыбокай яме пад печчу захаваліся гаршчкі, якія ўпалі туды падчас пажару і праляжалі некранутымі з сярэдзіны – другой паловы XVI стагоддзя. Гэта рэдкая магчымасць убачыць гісторыю ў яе першародным выглядзе.
Храналогія пажару пакуль не ўстаноўлена. Цяпер археолагі вывучаюць перыферыю феадальнай сядзібы незамкавага тыпу. У XVI стагоддзі на фоне развіцця шляхецкай культуры і гандлю па Дзвіне ў рэгіёне ўзнікала мноства падобных загарадных сядзіб. Яны спалучалі гаспадарчыя і жыллёвыя функцыі, тут жылі феадалы са сваімі сем’ямі і чэляддзю. У адрозненні ад фальваркаў, арыентаваных на вытворчасць і продаж збожжа, такія сядзібы былі больш забяспечанымі, што пацвярджае і знойдзеная імпартная заходнееўрапейская кераміка.

– Дом уладальнікаў сядзібы пакуль не выяўлены, але археолагі ўпэўнены, што ён знаходзіцца паблізу. Затое лінія гаспадарчых пабудоў і жылля абслугоўваючага саслоўя прасочваецца выразна, – адзначае Марат Васільевіч. – Па кераміцы, структуры пластоў і характары пажарышча атрымалася выбудаваць дакладную храналогію і аднавіць этапы жыцця паселішча.

Усе знаходкі перадаюцца ў фонды Акадэміі навук. Наперадзе – працяглая праца: афармленне справаздачы, фотафіксацыя кожнага сантыметра раскопак, апісанне кантэкстаў. Археолагі падкрэсліваюць: у адрозненні ад гісторыкаў, якія могуць перагледзець дакументы дзясяткі разоў, археолаг працуе з аб’ектам, які пасля даследавання знікае назаўсёды. Таму фіксацыя павінна быць максімальна падрабязнай, каб любы спецыяліст, чытаючы справа- здачу, мог у думках «пабываць» на раскопках.

Лагер абсталяваны ўсім неабходным: навесы, сталы, палаткі, лазня «па‑чорнаму». Дажджы не перашкаджаюць працы – наадварот, прыбіваюць пыл і робяць пласты больш зручнымі. Ваду бяруць са старога кало- дзежа ў Алешчанцах. Працуюць з раніцы да абеду. Нават дзеці, якія прыязджаюць з бацькамі, заняты нароўні з дарослымі.

Экспедыцыя працавала ў палявых умовах да дзявятага жніўня. Удзельнічалі каля дваццаці чалавек – валанцёры з Мінска, Полацка, Глыбокага, Верхнядзвінска і іншых гарадоў. Ёсць і мясцовыя хлопец Аляксей, які прыязджаў на раскопкі ў вольныя ад работы дні.

Акрамя знаходак XVI стагоддзя, на беразе Дзвіны выяўлены іншыя экспанаты: медны крыжык XII стагоддзя, лязо сякеры, званочак і шэраг прадметаў, якія таксама будуць перададзены спецыялістам для вывучэння. Усе яны дапаўняюць карціну шматслойнай гісторыі гэтых мясцін, дзе кожнае стагоддзе пакідала свой след.

Акрамя навуковай працы, археолагі арганізавалі экскурсію для дзяцей, якія стаяць на ўліку. На месца раскопак разам з імі выязджала ўчастковы інспектар па справах непаўналетніх Аліна Сачыўка. Яна расказала, што ў паездцы ўдзельнічалі трое школьнікаў, і для іх гэта стала сапраўдным адкрыццём. Дзеці дзяліліся ўражаннямі, адзначалі, што ім вельмі спадабалася, задавалі пытанні і з цікавасцю слухалі пра знаходкі. Асабліва іх уразіла, што ўсе гэтыя прадметы належаць да XVI стагоддзя і што на тэрыторыі Міёрскага раёна адбываецца такое значнае даследаванне.

Раскопкі ў Алешчанцах сталі важнай навуковай падзеяй для раёна. Яны паказваюць, наколькі багатай і шматграннай можа быць гісторыя невялікіх вёсак і колькі яшчэ хавае зямля Міёршчыны. Экспедыцыя прадаўжае работу, яе вынікі стануць часткай вялікага даследавання, якое дазволіць па‑новаму паглядзець на мінулае нашага краю.

ДАРЭЧЫ

Начальнік экспедыцыі Марат Клімаў удзячны старшыні Туркоўскага сельскага Савета Віктару Вялю, дырэктару ААТ «Туркова» Аляксандру Жуку і прадстаўнікам Міёрскага райвыканкама за садзейнічанне і падтрымку ў правядзенні работ.

← Предыдущая

Радиостанции Беларуси теперь можно с комфортом слушать в любой точке мира

Назад к списку
Следующая →

Людзям патрэбна ўпэўненасць у год якасці

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]