27 Мая 2021

В миорском Доме культуры прошел концерт, посвященный юбилею вокально-хореографического ансамбля «Озерницы»

gazeta
  • 459

 У раённым Доме культуры прайшоў канцэрт, які не пакінуў раўнадушным ніводнага гледача. Свой творчы юбілей адзначыў народны вакальна-харэаграфічны калектыў «Азярніцы». Вось ужо дзесяць гадоў, як у шматгалоссі музычнай Міёршчыны звонка гучыць яго імя.

 

Рызыкоўна распачыналі, цяпер не ўтаймаваць

Унікальны праект належыць УП ЖКГ, а дакладней, гэта дзецішча папярэдняга кіраўніка прадпрыемства Уладзіміра Мяцеліцы. Ён імкнуўся стварыць усе ўмовы для раскрыцця талентаў камунгасаўцаў. Дзякуючы апантанаму клопату творчы падмурак атрымаўся трывалым. Жыве і развіваецца калектыў за кошт вялікай любові яго ўдзельнікаў да цудоўнага і захапляльнага працэсу – дарыць радасць людзям. На гэтыя важныя акалічнасці ў віншавальнай прамове звярнуў увагу намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба.

 
– Дзесяць гадоў для калектыву мастацкай самадзейнасці – шмат, але выпрабаваныя часам «Азярніцы» гучаць на сцэне ўсё больш звонка. Яркія, таленавітыя артысты – вартае ўпрыгажэнне мерапрыемстваў любога ўзроўню, – адзначыў Валерый Анатольевіч і падзякаваў за гэты брэнд Міёрскага краю натхняльнікам і музычным кіраўнікам.

 
Самабытнасцю калектыву захапляўся намеснік старшыні райвыканкама Леанід Лясовіч. Выканаўца абавязкаў дырэктара УП ЖКГ Сяргей Грыц узгадаў пра кастынг камунгасаўцаў, як яны слаба верылі, што змогуць скарыць сцэну, і як скарысталіся шанцам. Незабыўныя ўспаміны напаўняюць душу кожнага ўдзельніка «Азярніц».

 

 Міёры – Чыкага, адтуль з палымянай любоўю

Цяпер «Азярніцы» рэпеціруюць свае нумары і адточваюць майстэрства пад кіраўніцтвам Ігара Бунты. Акардэаніст-віртуоз феерычна распачаў юбілейны канцэрт. А першыя крокі на міёрскай і віцебскай сцэнах дапамагала рабіць калектыву Таццяна Іванова. Цвёрда стаяць на нагах навучыў Сяргей Аляксееў. Цяпер маэстра жыве ў ЗША. Відэапрывітанне з музычнай студыі ў Чыкага распачаў напевам незабыўных радкоў з мінулага рэпертуару. Сяргей Рыгоравіч прызнаўся, што беражліва захоўвае сумесныя напрацоўкі, якія з першых нотак хвалююць яго душу.

 
– Мне пашанцавала быць побач з цудоўным калектывам артыстаў міёрскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якому разам паводле мясцовай легенды пра русалак прыдумалі назву «Азярніцы» і плённай творчай працай здабылі званне «народнага», – чула гаварыў з вялікага экрана ў глыбіні сцэны зямляк. – Не лічу сябе яго кіраўніком, я проста дапамагаў і стараўся не перашкаджаць яму развівацца. Самыя няпростыя пытанні з падборам рэпертуару, касцюмаў артысты вырашалі пад кіраўніцтвам усімі любімай Лады Сушко. Стараліся дагадзіць публіцы, і гэта заўсёды атрымлівалася. Дзе б ні выступалі «Азярніцы», заўсёды былі самыя лепшыя. Жаданыя на раённых святочных мерапрыемствах, не сакрэт, што многія гледачы выбіраюцца на канцэрты выключна дзеля іх. Найлепшыя яны і ў звычайных чалавечых стасунках.

 
Сяргей Рыгоравіч з задавальненнем сочыць за творчым ростам калектыву. Шчыра рады, што перадаў яго ў надзейныя рукі таленавітага Ігара Бунты. Пажадаў сваім сябрам, каб і надалей ім «песня будаваць і жыць дапамагала».

 

 Артыст, твой выхад!

З першага дня ўтварэння «Азярніц» галоўная па рабоце з кадрамі і прафсаюзны лідар УП ЖКГ Лада Сушко ўзяла на сябе ролю рухавіка каманды адмыслоўцаў. Скурпулёзная і адказная пры вырашэнні ўсіх арганізацыйных пытанняў. Прафесійная спявачка яна на сцэне. За гэта заслужаная ўзнагарода – Ганаровая грамата раённага Савета дэпутата, якую на святочнай сцэне ўручыў Валерый Драба.

 
Усяго ў творчым калектыве каля дваццаці ўдзельнікаў: выканаўцы, танцоры, канферансье, акцёры. Склад абнаўляўся, аднак асноўны касцяк захаваўся. Салодкае і трапяткое гучанне надаюць песням яркія вакалісты Лада Сушко, Ала Цурыкава, Ірына Федуковіч, Ігар Мятла, Леанід Кулянок, Сяргей Пачопка, у руках якога і гармонік з гітарай – не бутафорыя. Гарманічна ўпісалася ў творчую кагорту Валянціна Міхайлава. Ігар – артыст-прафесіянал. А хтосьці выступаць на сцэне толькі марыў, і калі гэта ажыццявілася, радасці не было межаў. З адметнымі запалам і энергетыкай бяруцца за творчыя справы ветэраны працы Мікалай Федуковіч і Галіна Паўлоўская.

 
Сцэна збірае сямейныя дынастыі. Падрастае і трэцяе пакаленне артыстаў. Дачка Лады Сушко – вакалістка Кацярына Сярко. Па сцэне ўжо бегае маленькая Сафія. У Ігара Мятла падрастае Савелій. Кацярына Сачыўка выйшла замуж за партнёра па танцы Дзмітрыя Мараза, ад якіх таксама будуць чакаць папаўнення. Некаторыя ўдзельнікі калектыву ўжо няньчаць унукаў. Дзядулем стаў Леанід Кулянок, разам з Ладай са статусам «бабуля» і Іна Гяч. Так што надзвычай актуальна гучалі на юбілейным канцэрце пажаданні «Азярніцам» – працяглага творчага лёсу.

 
Навечна ў памяці сябры, якія пакінулі калектыў назаўсёды і сталі яго анёламі-ахоўнікамі. Гэта ўдзельнік танцавальнага гурта Аляксандр Юхно і ўсеагульная любіміца, сонечная Вольга Борская, рэжысёр РДК, якой дзякавалі за дапамогу ў распрацоўцы сцэнарыя да юбілейнага канцэрта.

 

 Яркія знешне і шчырыя душой

За дзесяць гадоў «Азярніцы» выступілі на шматлікіх прэстыжных мерапрыемствах, двойчы пацвярждалі званне «народнага», разнастайвалі сваімі нумарамі святочныя праграмы РДК, ладзілі творчыя вечарыны ў цесным крузе. Колькі ў рэпертуары твораў – не пералічыць. Арганічна спалучаюць музыку розных жанраў і стылевых накірункаў – ад народнай да папулярных шлягераў, цыганскай і хітоў розных гадоў. Гарманічны з нумарамі багаты касцюмерны фонд калектыву. Яркія сцэнічныя вобразы дапаўняе харызма артыстаў. І пастаянны творчы пошук, у чым дапамагаюць кіраўнік Ігар Бунта, рэжысёры-пастаноўшчыкі танцавальных нумароў і святочных праграм Аляксандра Катышава і Марына Латыш. Без каманды прафесіяналаў немагчымы ўзлёт на музычны алімп.

 
На юбілейным канцэрце «Азярніцы» замахнуліся на сапраўднае шоу, у якім удала спалучыліся вакальныя кампазіцыі, інструментальнае суправаджэнне, харэаграфія, тэатральныя пастаноўкі. Паузы паміж нумарамі запаўнялі маналогі вядучых, усходнія танцы клуба «Фазія». А на развітанне прагучала фірменная камунгасаўская песня з пажаданнямі пастаяннага свята, высокіх заробкаў, шчасця і каб абавязкова ўсім шанцавала. Гледачы пакідалі залу ўзрушаныя са словамі «брава, малайцы». Іх увагу артысты заваявалі ўменнем шчыра і душэўна дарыць пазітыў.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА

← Предыдущая

Лучшие санитарные дружины Миорщины

Назад к списку
Следующая →

«Міёрская даўніна» продолжает и расширяет свою деятельность

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]