28 Мая 2026

Межрайонная белорусско-российская краеведческая конференция прошла в Миорской центральной библиотеке

gazeta
  • 12591


Пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, захаванне памяці пра яе ахвяр і подзвіг пакалення пераможцаў ішла размова на міжраённай беларуска-расійскай краязнаўчай канферэнцыі «Старонкі агульнай гісторыі: дарогамі подзвігу і памяці». Арганізатарам выступіла цэнтральная раённая бібліятэка.

Краязнаўства з’яўляецца традыцыйным накірункам бібліятэчнай дзейнасці, заўважыла дырэктар Міёрскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Таццяна Цыцыліна. Сярод асноўных форм работы адзначыла вядзенне краязнаўчых каталогаў і картатэк, баз дадзеных, стварэнне бібліяграфічных дапаможнікаў і сэрвісаў. Адзін з накірункаў краязнаўчай дзейнасці – гістарычны, дзе асобнае месца займае тэма Вялікай Айчыннай вайны.

Аб праектах, распрацаваных з мэтай захаваць памяць пра Вялікую Айчынную вайну, расказала загадчык аддзела краязнаўства Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. Леніна Ларыса Рагачова. Да прыкладу, на дзіцячай старонцы сайта ўстановы размешчана база дадзеных «Юныя героі вайны» з рэкамендацыямі тэматычнай літаратуры. Адзін з маштабных праектаў – электронная база дадзеных «Прыдзвінскі край. Гісторыя і сучаснасць», дзе ў раздзеле «Гісторыя» змешчана інфармацыя пра партызанскі рух у рэгіёне, герояў вайны. Работа «Вызваленне Віцебшчыны: 1943 – 1944 гг.» у 2021 годзе стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу на найлепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі. Тут сабраны дакументальныя крыніцы, картаграфічныя дакументы, даведнікі, артыкулы пра герояў Перамогі. У тым ліку аблічбаваны фотаальбом са здымкамі каля 200 удзельнікаў падполля, што перадалі дочкі былых падпольшчыкаў Мікалая і Ніны Дарафеенкаў. Гэты альбом быў дадаткам да дысертацыі Ніны Дарафеенка, якая пасля легла ў аснову кнігі «Віцебскае падполле». Электронны рэсурс «Ваенныя дарогі бібліятэкараў Віцебшчыны» змяшчае звесткі пра 42 бібліятэкараў – франтавікоў, падпольшчыкаў, партызан. Да 80-годдзя Перамогі супрацоўнікі абласной бібліятэкі аблічбавалі кнігі «Памяць», што выдаваліся ў раёнах. Іх 27, некаторыя выходзілі ў дзвюх частках. Дарэчы, першая – «Памяць. Шумілінскі раён» – выдадзена ў 1985 годзе.

Краязнаўчая база дадзеных «Прыдзвінскі край. Міёршчына» – вынік рэалізацыі сумеснага праекта Міёрскай цэнтральнай раённай і Віцебскай абласной бібліятэк. Рэсурс уключае сем раздзелаў, у тым ліку «Гісторыя» з падраздзелам «Вялікая Айчынная вайна», які папаўняецца новымі дадзенымі, звярнула ўвагу намеснік дырэктара цэнтральнай раённай бібліятэкі Анастасія Драба. У сваім выступленні падрабязна распавяла пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны на Міёршчыне: акупацыю ў пачатку ліпеня 1941 года, знішчэнне мірнага насельніцтва, дзейнасць падпольных груп і партызанскіх атрадаў.

Удзел у канферэнцыі прынялі бібліятэкары з Шаркаўшчыны і Верхнядзвінска. Бібліёграф Верхнядзвінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Т. Хаткевіча Ніна Глацёнак зрабіла акцэнт на трагічнай старонцы ў гісторыі Верхнядзвіншчыны – Асвейскай трагедыі. Аперацыю супраць народных мсціўцаў Асвейска-Расонскай партызанскай зоны, у якую ўваходзілі Дрысенскі, Асвейскі, Расонскі і Себежскі раёны, гітлераўцы назвалі «Зімовае чараўніцтва». Пачалася яна 16 лютага 1943 года ў вёсцы Росіца, дзе карнікі пяць дзён трымалі зачыненымі ў касцёле разам з ксяндзамі дзяцей, жанчын, старых, а пасля спалілі іх у саўгаснай стайні. Усяго ахвярамі Асвейскай трагедыі сталі звыш 3 600 чалавек. Падрабязную інфармацыю пра гэтыя падзеі змяшчае электронны рэсурс «Асвейскай памяці старонкі» на сайце Верхнядзвінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Падчас канферэнцыі выходзілі на сувязь анлайн расійскія калегі. Пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў сваіх рэгіёнах, метады і формы краязнаўчай работы расказалі дырэктар Аленінскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Наталля Казлова, кіраўнік Апочацкай цэнтральнай раённай бібліятэкі Ірына Жаўнерык, дырэктар Падпарожскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Галіна Арцем’ева.

Міжраённая беларуска-расійская краязнаўчая канферэнцыя стала пляцоўкай абмену вопытам і магчымасцю ўмацаваць культурныя сувязі. Завяршыла сустрэчу экскурсія ў музей СШ № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я. Томкі.

← Предыдущая

Лучшие санитарные дружины Миорщины

Назад к списку
Следующая →

Людзям патрэбна ўпэўненасць у год якасці

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]