Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
«Я шчаслівая…», – спявае са сцэны самадзейная артыстка Язненскага СДК Алена Банах. У свой час не пабаялася зрабіць крок насустрач жаночаму шчасцю.
З аднаго боку, перспектыўная работа, аўтарытэт у калектыве, кватэра ад прадпрыемства, высокі заробак, гарадскі камфорт. З іншага – дарагі чалавек, незнаёмая сельская глыбінка, сціплыя магчымасці працаўладкавання. У 51 год Алена Банах кардынальна змяніла жыццё. Выбірала сэрцам. Дзявяты год шчасліва жыве ў Язне.
Родам Алена Міхайлаўна з Аршанскага раёна. 32 гады адпрацавала на ільнокамбінаце ў Оршы. З іх 28 кантралёрам якасці, правярала прадукцыю на брак. Чатыры гады загадвала гаспадарчай часткай. Прадпрыемства прадаставіла кватэру, атрымлівала добры заробак.
Як заўважае Алена Міхайлаўна, жыла работай. Асабістае шчасце не склалася: з мужам разышлася, дзяцей не было. Любіла сваю справу і ўсю сябе прысвячала ёй. На працу часта прыходзіла ў пяць раніцы, каб да афіцыйнага пачатку працоўнага дня паспець з рабочымі ў цэху папрацаваць.
– У мяне ў кабінеце дзве шафы стаялі: адна з формай для цэха, у другой – адзенне афіцыйна-дзелавога стылю, – гаворыць яна. – Якасць для мяне заўсёды была на першым месцы. Працавала па сумленні, калегі жартам камуністкай называлі. Заканчвала работу ў восем – дзевяць вечара.
Не дзіўна, што кіраўніцтва не жадала адпускаць Алену Міхайлаўну, калі яна паведаміла пра намер змяніць месца жыхарства.
Усё пачалося з тэлефоннага званка. Праз дзясяткі гадоў Алена пачула ў трубцы знаёмы голас. Тэлефанаваў Васіль, яе першае каханне.
– Добра, што я сядзела, – гаворыць яна. – Мы з адной вёскі. Я не дачакалася Васіля з арміі. Па вяртанні паехаў да сястры ў Язна. Там стварыў сям’ю. Калі яго жонкі не стала, мяне шукаў. Прыехаў у нашу вёску, даведаўся ў агульных знаёмых мой нумар.
Прапанова жыць разам узрадавала. Алена Міхайлаўна разумела, што яе першае каханне – адзінае сапраўднае. Аднак няпроста вырашыцца на пераезд у невядомую сельскую глыбінку і пакінуць перспектыўную работу. Даверылася сэрцу.
– Прыехала ў Язна ў 2018 годзе. Шлюб зарэгістравалі ў мясцовым сельвыканкаме, – расказвае. – З сабой маці ляжачую забрала. На жаль, яна з намі і года не пажыла. Тут пахавана.
Дарослыя сыны Васіля Мікалаевіча цёпла прынялі яго абранніцу. Стала бабуляй для дваіх унукаў. Алене Мікалаеўне прапанавалі работу загадчыка гаспадаркі ў мясцовай амбулаторыі. За справу ўзялася з уласцівымі ёй запалам і адказнасцю. Дысцыпліны і парадку патрабавала ад работнікаў, дапамагала ім.
– Муж раіў дома быць. На той час дальнабойшчыкам працаваў, сродкаў хапала. Аднак мне толькі хатніх і гаспадарчых клопатаў мала, – заўважае суразмоўніца. – Прасіла Васіля змяніць работу: які сэнс у сумесным жыцці, калі ён часта ў рэйсах. Паслухаў. Спачатку рабочым уладкаваўся ў бальніцу, цяпер заняты ў ПМК.
Калі Алена Міхайлаўна рыхтавалася да пераезду, калегі, ведаючы яе актыўнасць і энергічнасць, заўважалі, што ў вёсцы прападзе. Цяпер з задавальненнем едуць у госці. Палюбавацца маляўнічымі язненскімі мясцінамі, пачаставацца гаючай вадой з крыніцы Святога Яна, адпачыць на азёрах у Браславе. Ставяць лайкі ў «Аднакласніках» пад здымкамі з канцэртаў.
У творчай камандзе Язненскага СДК Алена Банах з першых гадоў у месцейку. Спявае сольна, выступае ў складзе народнага фальклорнага калектыву «Язынка». Былі з канцэртам у Латвіі, частыя ўдзельнікі «Славянскага базару ў Віцебску».
– Спяваць з дзяцінства люблю. Калі на камбінаце працавала, не да самадзейнасці было, толькі на карпаратывах песні заводзіла, – заўважае.
У верасні мінулага года Алена Міхайлаўна выйшла на адпачынак. Прысвячае час хатнім справам і захапленням. У іх ліку кветкі, вязанне, кулінарыя. Дзяцей і ўнукаў, сяброў частуе беляшамі, чабурэкамі, піражкамі з павідлам і іншай выпечкай. На выгляд ласункі – як з вітрыны магазіна, на смак – асалода. Палюбіла рыбалку, куды і летам, і зімой выпраўляюцца з мужам.
– Нават не марыла, што так будзе: сям’я, хатнія клопаты, цікавыя заняткі, блізкія па духу людзі, – дзеліцца Алена Міхайлаўна. – Першым часам крыху сумавала па Оршы, але гэта хутка прайшло. Адчуваю сябе сваёй у Язне. Тут шчаслівая.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял з архіва рэдакцыі.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.