Районный исполнительный комитет, Миорский районный Совет депутатов. Сайт www.miory.vitebsk-region.gov.by. регистрационное свидетельство № 956. Издано 6 января 2010 года Министерством информации Республики Беларусь
З 1 верасня ва ўстановах адукацыі рэспублікі стане абавязковым другі элемент школьнай формы. Што гэта будзе і як ставяцца да новаўвядзення, спыталі ў педагогаў і бацькоў.
Уладзіслаў КАШКУР, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама:
– На працягу мінулага навучальнага года ўстановы адукацыі раёна вялі падрыхтоўку да ўвядзення з 1 верасня 2023-га другога элемента адзення. Праходзілі агульнашкольныя і класныя бацькоўскія сходы, дзе з улікам меркаванняў усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу – бацькоў і вучняў – у кожнай установе выбралі адзіную школьную форму. Асноўнае патрабаванне – дзеці абавязаны прытрымлівацца дзелавога стылю адзення.
Ва ўсіх установах адукацыі вызначыліся з другім элементам. Для дзяўчынак у сямі школах гэта будзе блузка пэўнага колеру, у трох – спадніца і яшчэ ў адной – гальштук. Для хлопчыкаў у трох установах адукацыі аддалі перавагу кашулі, у сямі – штанам і ў адной – гальштуку.
Камізэлькі застаюцца першым адзіным элементам, у асноўным іх набываюць цэнтралізавана. Напрыклад, у трох гарадскіх школах – СШ № 2 імя М. Ізварына, СШ № 3 імя Я. Томкі і Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна, а таксама ў Сіцькоўскай БШ і Чапукоўскай СШ.
Адрозным знакам у дзесяці школах з’яўляецца значок, для дзісненскіх вучняў зрабілі заказ на 149 нашывак.
Такім чынам, у сямі ўстановах адукацыі двума школьнымі элементамі для дзяўчынак стануць камізэлька і блузка, а для хлопчыкаў – камізэлька і штаны. Яшчэ ў трох аддалі перавагу камізэльцы і спадніцы, кашулі і камізэльцы адпаведна. У Чапукоўскай школе гэта будуць камізэлька і гальштук.
Алена ПАЎЛОЎСКАЯ, дырэктар Павяцкай СШ імя В. Бабічава:
– Патрабаванні да знешняга выгляду вучняў вызначаны Правіламі ўнутранага распарадку. Згодна з імі, адзіная школьная форма падраздзяляецца на паўсядзённую, святочную і спартыўную. Колер першых дзвюх – чорны, без малюнкаў. У камплект для хлопчыка ўваходзіць трыкатажная камізэлька, штаны, кашуля белая або пастэльных таноў, туфлі і значок. У будні дапускаецца насіць вадалазкі, у святы абавязковая белая кашуля.
Для дзяўчынак патрабаванні тыя ж, у камплекце дадаткова спадніца, а таксама блузка замест кашулі.
Заказалі значкі, а таксама камізэлькі з эмблемамі, іх павінна прывезці ААТ «Палескі трыкатаж». Спадзяюся, да 1 верасня будзем укамлектаваны ўсім неабходным.
Мяркую, школьная форма – правільнае рашэнне. Зрабіла гэты вывад 12 мая на ўрачыстасці па прысваенні школе імя Героя Савецкага Саюза Віктара Бабічава. У адзіным стылі дзеці выглядалі вельмі прывабна. Гэта дысцыплінуе, стварае атмасферу свята.
Будзе дзейнічаць дрэс-код і ў адносінах да педагогаў. Яны павінны выглядаць годна, таму ў прыярытэце строгі класічны стыль.
Вольга ТАБОЛА, маці дзвюх школьніц, г. Дзісна:
– У нашай школе ўжо ў мінулым годзе насілі шэрыя камізэлькі, сёлета дадаліся эмблемы. Іх прывязуць цэнтралізавана. Наконт астатняга пакуль не ведаю. Калі збяромся ў Полацк або Наваполацк, дзе звычайна купляем форму, патэлефаную настаўніцы, каб даведацца пра патрабаванні. Чакаем школьных кірмашоў, штосьці са школьнага адзення пяройдзе ад старэйшай дачкі да сярэдняй. Дзяўчаты – модніцы, таму мы не вельмі рады, што ў якасці адзінага элемента выбралі камізэльку, бо яна закрывае ўвесь дэкор на блузцы. Але я не супраць формы, бо гэта выглядае ўрачыста. Штосьці з тавараў можна набыць і на рынку ў Дзісне, але выбар не такі вялікі. Як шматдзетная сям’я атрымалі дапамогу на падрыхтоўку да школы, якраз хопіць на канцылярскія прылады.
Падрыхтавала Алена ВАРОНІНА.
Фота для ілюстрацыі.
Официальный сайт районной газеты" Миорские новости «©2010-2026 "mijory.by". Все права защищены. Индекс 63971. Перепечатка материалов разрешается только с указанием обратной ссылки на источник материала; фотоматериалов-только с официального разрешения. Редакция публикует материалы в порядке обсуждения, не разделяя точку зрения автора. Авторы отвечают за подбор и достоверность фактов
Наш сайт использует файлы cookie, в том числе сервисов веб-аналитики, чтобы улучшать работу сайта и делать его удобнее. Продолжая пользоваться сайтом, вы соглашаетесь на обработку персональных данных при помощи cookie-файлов. Подробнее в Политике обработки персональных данных и Информации об используемых файлах куки.