17 Февраля 2016

Листая страницы афганского альбома

gazeta
  • 559
Листая страницы афганского альбомаУ глыбіні шафы захоўваецца вялікі фотаальбом у карычневай вокладцы. На кардонных лістах  шмат чорна-белых здымкаў. А яшчэ — павестка аб прызыве на вайсковую службу з датай 3-га кастрычніка 1985 года і выразаная з газеты публікацыя — загад аб дэмабілізацыі, надрукаваны ўвосень 1987-га.
 
Калі набліжаецца 15 лютага, гаспадар дастае альбом, гартае цвёрдыя старонкі, і зноў ажываюць успаміны. На фота ўсміхаюцца маладыя салдаты, а на душы журботна. 
—Вайна ёсць вайна, нічога добрага ў ёй няма,—гаворыць былы воін-афганец Вячаслаў Ходас. —Гады службы прыгадваць цяжка, ды і ці варта мінулае варушыць. Асобныя ўспаміны хочацца глыбей схаваць у памяці.
 
Вячаслаў Альфрэдавіч не перачытвае пісьмы, што пісаў бацькам, рэдка глядзіць фільмы і слухае песні пра Афганістан. Каб лішні раз душу не трывожыць. Але штогод у лютым выразнымі карцінамі паўстае ў памяці мінулае, і ўсё больш яскравым стано-віцца ўсведамленне таго, праз што давялося прайсці і… выжыць. Бачыў, як на мінах узрыва-ліся машыны, слухаў жахлівую "музыку" страляніны… Пра страх і небяспеку тады не думалася.

—Зазірніце ў альбом. Можна сказаць, мы дзецьмі ў Афган трапілі. Мне 18 было. Юнацкі запал, жаданне суровай рамантыкі,—гаворыць субяседнік.—Гэта пасля стаў разважаць і ўсё асэнсоўваць.
На службу ў армію Вячаслава Ходаса прызвалі, калі вучыўся ў Брэсцкім радыётэхнічным вучылішчы на тэлемайстра. Маладых салдат прывезлі ў Барысаў, адкуль праз тыдзень іх забраў сяржант з сакавітым сонечным загарам.
—Мы адразу звярнулі ўвагу на гэты загар. На дварэ ж восень стаяла,—прыгадвае былы воін.—Калі прыехалі ў Маскву на чыгуначны вакзал, адзін з хлопцаў прамовіў: "Напэўна, у Афган трапім". Па тым, як разгубіўся сяржант, зразумелі, што так і будзе, хоць дакладна нам не паведамілі.

Тры месяцы вучэбкі ў Тэрмезе, што на мяжы з Афганістанам, а пасля вайсковая часць у горадзе Баграм. Служыў у агітатрадзе, які налічваў да 20 салдат. Праводзілі агітацыйную работу, кантактавалі з афганскай арміяй, аказвалі дапамогу мірнаму насельніцтву. Для мясцовых жыхароў салдаты-іншаземцы былі чужакамі, але гуманітарную падтрымку—прадукты харчавання,    адзенне, дзіцячыя цацкі і іншыя рэчы—прымалі ахвотна. Размаўлялі з дапамогай перакладчыка, паступова запаміналіся словы афганскіх гаворак. Разам з асноўнымі абавязкамі прымалі ўдзел у баявых дзеяннях. Вячаслаў у часці заставацца не любіў, таму ўзбройваўся і апранаў каску з бронекамізэлькай не раз. У спякотным клімаце такое абмундзіраванне стварала нязручнасці, але па-іншаму нельга. 

Сярод баявых таварышаў з'явіліся сябры. З беларусаў у атрадзе быў толькі ён. Служылі калмыкі, расіяне, украінцы. Сувязь з некаторымі падтрымліваецца. Не так даўно ў "Аднакласніках" знайшліся таварышы па службе і медсястра з Расіі. 
Кожны год прыходзіць Вячаслаў Альфрэдавіч на мітынг, прысвечаны чарговай гадавіне вываду савецкіх войск з Афганістана. Памятаюць пра воіна-інтэрнацыяналіста ў Шаркаўшчынскім раёне, адкуль ён родам, запрашаюць на ўрачыстыя мерапрыемствы ў суседні райцэнтр. 
Афганскае мінулае пакінула нямала сумных момантаў, аднак Вячаслаў Ходас стараецца акцэнтаваць увагу на сённяшнім дні, заўважаць добрае.

—Мяне заўсёды падтрымлівала жонка Алена Іосіфаўна, вучыла бачыць светлы бок жыцця, мець стасункі з пазітыўнымі людзьмі,—кажа ён.—Ні яна, ні сын ніколі не прасілі расказаць пра службу, бо ведалі, што мне складана пра гэта гаварыць.
Вячаслаў Альфрэдавіч і яго спадарожніца жыцця разам працуюць у раённым аддзяленні Дэпартамента аховы. Стаж электраманцёра налічвае 18 год. У калектыве яго цэняць і паважаюць за адказнае стаўленне да справы, высокі прафесіяналізм і неспатольнае імкненне да ўдасканалення.

Энергіі хапае і на працоўныя справы, і на гаспадарчыя клопаты. Ва ўласным доме ў вёсцы Мельніца іх заўсёды шмат. Агарод, сад, хатняя жывёла—на ўсё гэта патрабуюцца час і сілы, жаданне і ўмелыя рукі. З ахвотай і цікавасцю гаспадар прышчэпліваў яблыні, эксперыментаваў з новымі сартамі, але вырашыў аддаць перавагу антонаўцы, беламу наліву, малінаўцы і іншым звыклым да нашага клімату дрэўцам. Сам змайстраваў розныя прыстасаванні да мотаблока, захоплена расказвае, як працуе капалка ўласнай вытворчасці.
Даглядаць гаспадарку дапамагае сын Сяргей. Хлопец атрымаў спецыяльнасць праграміста ў Віцебскім політэхнічным каледжы, працуе ў падатковай інспекцыі. Студэнт-завочнік адной са сталічных ВНУ. Дарэчы, менавіта прафесійны выбар сына дабавіў захапленняў бацьку. У асваенні камп'ютарных праграм Вячаслаў Альфрэдавіч дасягнуў значных вышынь. Новым ведам і ўменням знайшлося прымянне і на службовым пасту.

У марах пра будучае былы воін-афганец не будуе паветраных замкаў:
—Хочацца, каб былі здаровымі родныя і блізкія, каб шчасліва склалася жыццё ў сына. Нельга дапусціць, каб цяперашнія маладыя хлопцы прайшлі праз тыя выпрабаванні, з якімі давялося сустрэцца нам.
…Адгарнецца лісток календара, і дні пабягуць звыклымі маршрутамі. Схаваецца ў шафу альбом у карычневай вокладцы. Час ад часу яго гаспадара патрывожаць успаміны. І ў чарговы раз разам з асэнсаваннем далёкага мінулага прыйдуць усведамленне каштоўнасці жыцця, жаданне вучыцца бачыць яго светлыя моманты і запаўняць добрымі справамі кожны новы дзень.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.


← Предыдущая

В объективе - молодые кадры: Валерий Драбо встретился с корреспондентом редакции Валерией Воронько

Назад к списку
Следующая →

Вспомним всех, кто из Миорского района прошёл Афган

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]