04 Декабря 2025

Дисна в историческом ракурсе

gazeta
  • 1054

 Іншымі вачыма пабачылі самы маленькі горад Беларусі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН. На экскурсію ў Дзісну скіраваліся кампаніяй амаль у тры дзясяткі чалавек. Наведалі мемарыяльны комплекс «Дзісненскі рубеж», прагуляліся па вуліцах гарадка, бліжэй пазнаёміліся з яго мінулым.

Мінулае на кожным кроку

Экскурсію па горадзе правяла для сяброў з аддзялення яго актыўная наведвальніца, колішні старшыня Дзісненскага гарвыканкама Вольга Мароз.

– Першы гістарычны аб’ект – касцёл 18 стагоддзя, які пацярпеў і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і ў перыяд барацьбы з рэлігіяй, – распавядае Вольга Аляксандраўна. – Калі ў пачатку ліпеня 1941 года немцы ўвайшлі ў горад, у касцёле шукалі паратунку больш за 400 яўрэяў. Іх расстрэльвалі кулямётамі, затым падпалілі. Касцёл вельмі пацярпеў знутры, але вонкава застаўся цэлым. У 50-я святыню ўзрывалі намерана, былі разбураны дах і сцяна. Першай справай стралялі ў скульптуру Маці Божай, што месцілася ўверсе на сцяне будынка. Чалавека, які гэта зрабіў, праз час сярод белага дня забіла маланка.

Гісторыя ў Дзісне літаральна на кожным кроку. На супрацьлеглым баку ад касцёла знаходзіцца будынак так званага Дома цвярозасці, дзе пасля дзейнічалі першы сінематограф, Дом культуры і Дом рамёстваў.

– Цяпер пабудова 19 стагоддзя закансервавана, а ў свой час тут ладзіў спектаклі Ігнат Буйніцкі са сваім тэатрам, чытаў вершы Адам Міцкевіч, – заўважае экскурсавод. – Домам цвярозасці будынак служыў у перадваенны час. Замест алкаголю тут частавалі чаем і французскай булачкай.

Спадчына агняборцаў, прадпрымальны Леках, клятва на мосце

Сучасны пажарны пост знаходзіцца ў будынку добраахвотнага пажарнага таварыства, утворанага ў 1882 годзе пасля пажару ў Дзісне, што знішчыў усе драўляныя пабудовы, у тым ліку царкву і будынкі манастыра. Тагачасныя агняборцы вызначаліся актыўным культурным жыццём. Мелі ўласныя духавы і скрыпічны аркестры, ігралі ў спектаклях, бавілі час за більярдам.

Зазірнулі вандроўнікі ў мясцовы філіял «Віцябчанкі». Працуюць дзісненскія швачкі ў будынку былога пашывачнага цэха, што быў адным з падраздзяленняў прамкамбіната, створанага ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, яўрэеем па прозвішчы Леках.

– Прадпрымальны гаспадар убачыў рэсурс у зборы журавін і актывізаваў на гэта гараджан. Ягады рэалізоўвалі ў Сярэднюю Азію і на выручаныя сродкі  набылі грузавую машыну, арганізавалі дзейнасць хлебапякарнага, каўбаснага, дрэваапрацоўчага, пашывачнага цэхаў, – распавядае Вольга Аляксандраўна.

Амаль 120 гадоў злучае берагі ракі Дзісны, якая дала імя гораду, аўтамабільны мост, што лічыцца самым старым у краіне.

– З ім звязана адна рамантычная гісторыя, – заўважае суразмоўніца. – Маладыя людзі Ізраэль і Бэла кахалі адно аднаго, аднак бацькі былі супраць іх адносін. У 18 гадоў хлопец паехаў у Палесціну. Перад гэтым маладыя людзі на мосце пакляліся, што будуць кахаць адно аднаго заўсёды і абавязкова сустрэнуцца. Так і сталася. Праз восем гадоў – у 1933-м – Бэла прыехала да каханага.

 Вялікія імёны ў летапісе маленькага горада

У гісторыю маленькага горада ўпісаны імёны вялікіх гістарычных асоб. У 1569 годзе князь Жыгімонт Аўгуст падарыў Дзісне магдэбурскае права і новы герб з выявай ладдзі замест ранейшага, на якім былі адлюстраваны тры мураваныя межы. Кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый на тэрыторыі горада сабраў 56-тысячнае войска для штурму захопленага Іванам Грозным Полацка. Да цяперашняга часу «Баторыевым перакопам» называюць выкапаны па загадзе караля роў, які злучыў руслы рэк Дзісны і Заходняй Дзвіны, дзеля ўмацавання крэпасці на востраве.

– У другой палове 16 стагоддзя ў Дзісне налічвалася 2 300 жыхароў. Для параўнання, насельніцтва Ноўгарада на той час складана 2 500 чалавек, – прыводзіць адметны факт Вольга Аляксандраўна.

У перыяд Паўночнай вайны (1700 - 1721) кіраўніком адміністрацыі Дзісны быў адмірал Аляксандр Меньшыкаў.

У 1916 годзе Богаслужэнні ў храме Уваскрасення Хрыстова вёў будучы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Ціхан. Дасланая ім пасля дзісненцам грамата да цяперашняга часу захоўваецца ў святыні. Тут жа знаходзіцца ікона Маці Божай Адзігітрыі, якая лічыцца заступніцай горада, і мошчы святара Канстанціна Жданава, кананізаванага ў 2011 годзе.

На адным з гарадскіх будынкаў звяртае на сябе ўвагу мурал з партрэтам мастака, майстра маляванкі Язэпа Драздовіча, які ў свой час вучыўся ў Дзісненскай гімназіі.

***

– На жаль, час экскурсіі быў абмежаваны, таму мы не паспелі пабываць ля адзінай у вобласці паромнай пераправы, палюбавацца на руіны бальніцы, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны служыла шпіталем для нямецкіх афіцэраў, і наведаць іншыя адметныя месцы. Вясной плануем яшчэ адну паездку ў Дзісну, – заўважае Вольга Мароз. – Дарэчы, пасля вайны кіраўніцтва мясцовага кансервавага завода планавала рэканструяваць будынак бальніцы, аднак у 1959 годзе перастаў існа-

ваць Дзісненскі раён, што перашкодзіла задуманаму. Не ажыццявіўся праект 1931 года па будаўніцтве чыгункі, у многім гэтаму «паспрыялі» моцныя вясеннія паводкі. Свой герб – ладдзю – Дзісна вярнула ў нулявыя. Раней ён азначаў гандаль, цяпер сімвалізуе турызм. Маленькі горад вабіць сваёй багатай гісторыяй.

Кацярына Рынкевіч.
Фота з альбома аддзялення. 

УРАЖАННІ

Ганна ЛІСКОВА, загадчык аддзялення:
– Зусім іншымі вачыма паглядзелі на Дзісну. Вольга Аляксандраўна падрыхтавала змястоўны расповяд пра мінулае горада. Слухалі б і слухалі. Заўсёды цікавіла, як наладжана вытворчасць у мясцовым філіяле «Віцябчанкі», атрымалася пабачыць. 

Алена СТАШУЛЁНАК, актывістка аддзялення:
– Лічу родным гэты горад. Сама родам з Завуцця, часта бывала тут па справах. Па ўсіх ваколіцах славілася мясцовая кулінарыя. Магазінаў шмат было. Аднак такой, якой адкрылася Дзісна праз сваё мінулае, яе не ведала. Гісторыя горада аказалася вельмі цікавай і багатай. Радуе, што захаваліся будынкі былой пары. Шкада, што іх рэстаўрацыя – праблемнае пытанне.



 

← Предыдущая

Золотая свадьба семьи Лавровых из д. Александрово

Назад к списку
Следующая →

Вниманию владельцев имущества!

[[!if? &subject=`[[!is_amp]]` &operator=`==` &operand=`0` &then=` `]]